Лёс салдата

На вайне  лёс пехацінца не даўгавечны. Многія з навабранцаў гінулі па дарозе да перадавой  пад час артабстрэлаў ці налётаў варожай авіяцыі. Здаралася, што гінулі ад шальной кулі ці асколка снарада, якія прыляталі невядома адкуль і знаходзілі сваю ахвяру. А многія з тых, каму “пашчасціла”  трапіць на перадавую, прымалі свой першы і апошні бой.

Таму ўраджэнца вёскі Людчацы Яноўскага Фядоса Цімафеевіча можна лічыць шчасліўцам.

Франтавымі дарогамі ў складзе пяхотных падраздзяленняў прайшоў ён праз усю вайну.

 У 1938 годзе ў дваццацігадовым узросце Фядос Янкоўскі быў прызваны ў Чырвоную Армію. Вайну сустрэў у складзе свайго баявога падраздзялення на Заходнім фронце, дзе вяліся самыя жорсткія баі з немцамі. Не абмінула варожая куля і нашага земляка. У жніўні 1941 года ён быў паранены першы раз. Яшчэ тры разы Фядос быў на мяжы жыцця і смерці. Але пасля чарговага ранення зноў вяртаўся ў баявы строй. На ўсё жыццё засталіся на целе ветэрана шрамы ад варожых куль і снарадаў.

 Першую сваю ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі — камандзір стралковага ўзвода малодшы лейтэнант Яноўскі атрымаў у ліпені 1943 года.

  Умела камандаваў ён сваім падраздзяленнем. У ліпені 1944 года ў наступальным баі на цагельны завод Ковельскага раёна Валынскай вобласці лейтэнант Яноўскі ўмела арганізаваў наступленне свайго ўзвода. Пры невялікіх стратах падраз­дзяленне фарсіравала раку Тур’я, выбіла праціўніка з траншэй, чым забяспечыла наступленне палка. За гэты бой адважны афі­цэр  быў узнагароджаны  ордэнам Вялікай Айчыннай вайны другой ступені.

  З іканастасам узнагарод вярнуўся Фядос Яноўскі на пабыўку ў родную вёску адразу пасля заканчэння вайны. Не думаў ён затрымлівацца  тут надоўга. Людчыцы і навакольныя вёскі былі разрабаваныя немцамі пад час акупацыі. Адчуваўся недахоп ва ўсім самым неабходным. Родзічы клікалі да сябе ў горад, дзе жыццё было крыху лепшым. Можа і падаўся б Фядос у свет за лепшай доляй, каб не адна акалічнасць. Закахаўся ў маладзенькую аднавяскоўку Пелагею, якая з захапленнем глядзела на бравага франтавіка. Так ён і застаўся ў родных Людчыцах. У горы і радасці пражылі Яноўскія пяцьдзясят гадоў. Выгадавалі пяцёра дзяцей.

  У Людчыцах Фядоса Цімафеевіча паважалі не толькі маладзейшыя вяскоўцы, але і ўдзельнікі вайны, сярод якіх ён быў самым заслужаным. Толькі ў  Дзень Перамогі апранаў ён святочны піджак з узнагародамі, каб у чарговы раз успомніць гады баявой маладосці.

В. УЛАДЗІМІРАЎ.

 На здымку: Ф. Ц. Яноўскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.