Лініі электраперадач

Працягвае забудоўвацца мікрараён вуліцы Чуйкова нашага горада. Тут цяпер актыўна вядуцца работы па ўзвядзенні 100-кватэрнага жылога дома. Важную ролю ў завяршэнні будаўніцтва гэтага запатрабаванага сацыяльнага аб’екта адыгрывае і своечасовая пракладка да яго разнастайных камунікацый, у тым ліку і шляхоў транспарціроўкі электраэнергіі.

Якасна і хутка робяць гэта супрацоўнікі Лепельскага ўчастка ААТ “Белсельэлектрасеткабуд”, якія кладуць кабель высакавольтнай лініі электраперадач напружаннем дзесяць тысяч вольтаў ад цэнтральнай падстанцыі “Лепель” раёна электрасетак і да трансфарматарнай падстанцыі (ТП) паблізу жылога дома. Глыбокую і вузкую траншэю ў зямлі пад кабель капае на экскаватары ДЭМ-114, зманціраваным на базе трактара “Беларус”, механізатар Мікалай Зарэмба. Ён звыкла націскае на рычагі кіравання складаным механічным сродкам, зачэрпвае каўшом зямлю, падымае яе над паверхняй глебы і затым высыпае з боку ад траншэі.
— Усяго адлегласць ад падстанцыі “Лепель” да ТП непадалёк ад узводзімага шматкватэрнага жылога дома складае тры кіламетры, — кажа Мікалай Зарэмба. — Ужо прайшоў 2200 метраў, засталося выканаць работы толькі на 800 метрах. Каб не дапускаць нерацыянальных прастояў тэхнікі і выпадковых пашкоджанняў шкловалаконных кабеляў сувязі, якія тут раней былі пракладзены, наперадзе зараз шуфлююць зямлю, шукаюць месцы знаходжання ў зямлі ліній тэлефоннай і іншай разнастайнай сувязі электралінейшчыкі Генадзь Кузняцоў і Яўген Міснік. Каардынуе іх дзейнасць брыгадзір Валерый Ганчар.
Пагутарыў з майстрам Лепельскага ўчастка ААТ “Белсельэлектрасеткабуд” Іванам Міхневічам.
— Пракладку кабеля завершым у бліжэйшы час, — адзначыў ён. — Затым зоймемся паветранымі высакавольтнымі лініямі электраперадач. Сёлета ўжо зманціравалі адну такую электралінію, якая вядзе да малочнатаварнай фермы вёскі Стары Лепель.
Прывозім з Віцебска жалезабетонныя слупы-апоры, кожная з якіх даўжынёй адзінаццаць метраў. Для гэтага выкарыстоўваем аўтамашыну МАЗ з прычэпам, на якой працуе вопытны вадзіцель Сяргей Тарарака. Разгрузку апор выконвае з дапамогай магутнага 16-тоннага крана “Іванавец” яшчэ адзін наш работнік Іван Лук’янец. Ужо выгрузілі некалькі дзясяткаў такіх апор на ўскраіне вёскі Юшкі. Затым будзем іх устанаўліваць і ў верхняй частцы апор манціраваць ізаляваныя высакавольтныя правады.
— Куды пракладаеце новую высакавольтную лінію?
— З Юшак напрасткі да Слабады. Яна заменіць цяперашнюю, якая зараз дастаўляе электраэнергію спажыўцам у гэты аграгарадок і іншыя населеныя пункты, што размяшчаюцца па накірунку яе праходжання.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.