Медыцынская папера

ААТ “Прамшвеймэбля” (ПШМ) доўгі час з’яўляецца ці не самым праблемным прадпрыемствам горада, шматмільённыя даўгі каменем вісяць не адзін год. Ужо прададзеныя некалькі невыкарыстоўваемых вытворчых памяшканняў. Нядаўна прайшла інфармацыя, што цікаўнасць да ПШМ праяўляюць прыватныя інвестары, якія маюць намер укласці немалыя грашовыя сродкі. Праз некалькі дзён карэспандэнту ўдалося здабыць кантактны тэлефонны нумар і дамовіцца з прадстаўніком інвестара аб сустрэчы.

Суразмоўцам стаў прадстаўнік польскай кампаніі “Глясгалл” Уладзімір Іванавіч Вінэль.
— “Глясгалл” — замежная кампанія з польскім капіталам, — пачаў гаворку Уладзімір Іванавіч. — Узначальвае яе польскі грама¬дзянін Жак Мар’ян, які працяглы час, больш за 15 гадоў, жыве ў Мінску. На бізнэс-прасторы Беларусі мы ўжо прысутнічаем больш за 17 гадоў. Асноўны накірунак дзейнасці — імпарт і распаўсюджанне тавараў медыцынскага прызначэння, найперш медыцынскіх расходных матэрыялаў: паперы, пальчатак, халатаў, масак, перавязачных матэрыялаў і інш. У асноўным сваю прадукцыю мы пастаўлялі з Польшчы. Яна вырабляецца па перадавых сусветных тэхналогіях згодна з еўрастандартамі.
Адзін з важнейшых артыкулаў пастаўляемай прадукцыі — медыцынская папера. У яе загортваюць медыцынскія інструменты, прэпараты, выкарыстоўваюць для іншых мэтаў. Гэта не тая папера, якой мы карыстаемся што¬дня, да яе прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні: яна павінна, напрыклад, прапускаць свежае паветра, але пры гэтым затрымліваць і па магчымасці знішчаць шкодныя мікраарганізмы. Доўгі час уся Еўропа карысталася паперай класа “Крафт”, якая была прапітана спецыяльнымі рэагентамі, што абаранялі яе ад мікробаў. Аднак у апошнія гады выбар еўрапейцаў змяніўся. Паводле новых стандартаў, медыцынская папера не павінна ўтрымліваць у сабе нават мікрадозы цяжкіх металаў, што якраз змяшчаліся ў прапітцы паперы “Крафт”. Цяпер актуальна звышчыстая папера.
Медыцынская папера новага стандарту закупляецца ў Швейцарыі, вязецца ў Польшчу, там наразаецца па патрэбных памерах, фасуецца ў спецыяльныя ўпакоўкі і ў такім выглядзе імпартуецца ў Беларусь.
Мы прыкінулі ўсе “за” і “ супраць”, параўналі прапануемыя варыянты і вырашылі адкрыць у Беларусі сваю вытворчасць па нарэзцы, фасоўцы і пастаўцы спажыўцам медыцынскай паперы.
— Чаму Беларусь, чаму менавіта Лепель? — задаў пытанне.
— Лепель знаходзіцца на скрыжаванні важных аўтадарог на Мінск, Полацк і Віцебск.
— А чаму б не дастаўляць паперу чыгуначным транспартам? Гэта, наколькі разумею, было б танней.
— Магчыма і так. Аднак выгада ад выкарыстання чыгуначнага транспарту адчуваецца тады, калі перавозяцца грузы вялікімі аб’ёмамі, партыямі. А ў нас аб’ёмы не тыя, ды і мы да таго ж маем свой аўтатранспарт. Немалаважнымі з’яўляюцца і ўмовы перавозкі медыцынскай паперы. Нашы машыны адпавядаюць усім прад’яўляемым патрабаванням.
— А другая прычына?
— Параметры прапануемага памяшкання. Для мантажу абсталявання патрабуецца мінімальная вышыня столі ў пяць метраў. Гэта памяшканне вышынёй 5,8 метра — ідэальнае. Абсталяванне свабодна размесціцца тут, у персанала будзе дастаткова вольнай прасторы для перамяшчэнняў. Напярэдадні зімы паставім яшчэ цеплавую ўстаноўку па тыпу цеплавой пушкі, каб людзям было зручна працаваць.
— Ведаю, што вельмі шмат часу і намаганняў займаюць розныя бюракратычныя працэдуры. За які час вы ўправіліся?
— У Рэспубліцы Беларусь адкрыць сумеснае прадпрыемства з удзелам замежнага капіталу рэальна за месяц. Калі пастарацца, можна справіцца за пару тыдняў.
— Калі вы арандавалі гэты цэх і аформілі належныя дакументы?
— Цэх арандавалі ў сакавіку, інвестыцыйнае пагадненне з аблвыканкамам заключылі ў маі.
— Вось-вось пачнецца кастрычнік, а праца яшчэ не пачалася, нават абсталяванне не завезена…
— Усяму свой час. Згодна з інвестыцыйным пагадненнем, пуск прадпрыемства прызначаны на чацвёрты квартал, так што ў намечаны графік мы ўкладваемся. Перш, чым завозіць сюды абсталяванне, у цэху трэба было зрабіць рамонт, бо ён некалькі гадоў не выкарыстоўваўся. Найперш, каб не было сырасці, мы капі¬тальна адрамантавалі дах, цалкам знялі старое бітумнае пакрыццё і паклалі новае з выкананнем усіх належных стандартаў. Потым правялі ўнутраны рамонт: пафарбавалі столь, сцены, праклалі разводку электракабеляў. Усе работы выконвалі мінскія будаўнікі.
Абсталяванне закуплена, зараз знаходзіцца ў Польшчы. Гэта агрэгаты вядучых еўрапейскіх фірм, праўда, былыя ў карыстанні.
— Чаму не новыя?
— Камплект новага абсталявання каштуе каля трох мільёнаў еўра, а статутны фонд прадпрыемства — 850 тысяч долараў. За гэтыя грошы трэба было яшчэ правесці рэгістрацыю кампаніі “Глясгалл”, зрабіць рамонт. Так што даводзіцца эканоміць. Паверце мне, спецыялісту, абсталяванне, хаця і б/к, але выдатнае. Я сам разам з Жакам Мар’янам праехаў па некалькіх прадпрыемствах Германіі, аглядаючы іх апаратуру, правяраючы электроннае аснашчэнне, усе падшыпнікі, электраматоры, транспарцёры і інш.
— Якая праектная магутнасць прадпрыемства і калі мяркуецца выхад на яе?
— 20 тон паперы за дзень пры працы ў дзве змены. Па першым часе, натуральна, не будзем працаваць на поўную магутнасць: пакуль прытруцца механізмы, наладзіцца тэхналогія, навучацца людзі. Аднак поўны выхад будзе не за гарамі, каб хутчэй акупіць укладанні і атрымаць прыбытак.
— 20 тон медыцынскай паперы за суткі — гэта маштаб раёна, вобласці, рэспублікі?
— Гэта шмат. Сёння медыцынская сістэма Беларусі паступова мадэрнізуецца, асвойвае новыя, пераважна еўрапейскія, тэхналогіі, да якіх у тым ліку адносіцца і прапануемая кампаніяй “Глясгалл” медыцынская папера. Сваёй вытворчасцю мяркуем на сто працэнтаў закрыць патрэбы рэспублікі. Паколькі, як я ўжо казаў, на ўсіх прасторах СНД няма аналагічнай вытворчасці, то значную частку прадукцыі мяркуем адпраўляць на экспарт, у тую ж Расію, Украіну.
— Колькі чалавек мяркуеце заняць у вытворчасці?
— Не менш за 15. Безумоўна, гэта будуць жыхары Лепельшчыны, бо мінчанам сюды штодня ездзіць будзе далекавата, — з усмешкай кажа Уладзімір Іванавіч. — Заробак пастараемся забяспечыць не менш за сярэдні па раёне, а то і вышэй, каб зацікавіць людзей у высокапрадукцыйнай працы. Найперш нам патрэбны будуць электрыкі, механікі. У прынцыпе, праца на апаратуры нескладаная, спецыяльнай адукацыі не патрабуе. Персанал будзем вучыць на месцы. Вопыт паказвае, што гэта найлепшы варыянт.
— Што атрымае горад ад рэалізацыі праекта?
— Найперш, як я ўжо казаў, працоўныя месцы. Другое, мясцовая казна атрымае падаткі і іншыя плацяжы. У гаспадарчы абарот будуць уключаны пустуючыя плошчы, а прадпрыемства атрымае арэндную плату. Дарэчы, апошнюю плацім з сакавіка, уносім яе, праўда, не на рахунак прадпрыемства, а раённай падатковай інспекцыі, перад якой ПШМ мае шматмільённую запазычанасць.
Наша размова толькі падышла да завяршэння, як у цэх прыйшлі спецыялісты з энергазбыту, каб падключыць электрасістэму. Уладзімір Іванавіч моцна паціснуў руку на развітанне і цалкам уключыўся ў сваю працу.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Уладзімір Вінэль.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.