Мой родны Лепель, няма лепей…

Блакітнавокі Лепель ва ўсе часы года выглядае асабліва прыгожа і непаўторна. Уражваюць каралі з блакітных рэк і азёр, косы густых хваёвых лясоў. Свежае чыстае паветра напаўняе сэрца невыказнай асалодай і шчодра запрашае адпачыць сярод непаўторных краявідаў. Зусім не дзіўна, што такія жывапісныя мясціны сталі Радзімай таленавітых паэтаў, кампазітараў і мастакоў, здольных артыстаў.

Прыемна заўважаць, што з кожным годам ты, родны горад, становішся ўсё больш прыгожым: радуюць вока паверхі новых дамоў, набываюць прыгожае знешняе аблічча магазіны і школы, добраўпарадкоўваюцца гарадскія вуліцы. А як цудоўна выглядае сквер на плошчы Свабоды — царства духмяных кветак. З такім шчырым прызнаннем роднаму гораду я крочу па адной з гарадскіх вуліц на плошчу Свабоды, дзе запланаваны святочныя мерапрыемствы да Дня нараджэння Лепеля. У гэты дзень родны горад здаваўся асабліва сонечным. На плошчы Свабоды сабралася шмат гасцей. Усім узнімалі настрой ба­дзёрыя акорды музыкі, весела гаманіла моладзь, паўсюдна гучалі жарты і смех. Прыемна было даведацца, што сярод шматлікіх гасцей свята былі не толькі мясцовыя жыхары, а і нашы суседзі з Расіі.

І дарослыя, і дзеці з цікавасцю знаёміліся з выставай спартыўнай тэхнікі, якая была падрыхтавана на плошчы Свабоды. Джып-трыял з’яўляецца адным з цікавых і відовішчных відаў спорту, мае ваенна-прыкладное значэнне і аб’ядноўвае смелых, моцных духам мужчын і жанчын.

У час урачыстага адкрыцця спаборніцтваў з прывітальным словам да яго ўдзельні­каў і ўсіх гасцей свята звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. Ад душы павіншаваў лепяльчан са святам і выказаў найлепшыя пажаданні спартсменам старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Анатоль Сцяпук. Дырэктар спаборніцтваў Яўген Селівестраў выказаў шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў арганізацыі чэмпіянату. Яўген Анатольевіч пазнаёміў гасцей з прадстаўнікамі 20 экіпажаў, якія выступяць у чатырох заліковых катэгорыях. Вельмі прыемна, што разам з вядомымі спартсменамі, якія паспяхова прадстаўлялі Беларусь на еўра­трыялах, іншых міжнародных мерапрыемствах, прынялі ўдзел у спаборніцтвах і лепяльчане.

У адрас спартсменаў не сціхалі шчодрыя апладысменты. Калі з плошчы рухалася доўгая калона машын, вакол гучалі радасныя воклі­чы.

Прысутныя з нецярпеннем чакалі ўрачыстага адкрыцця дэкаратыўна-анімалістычнай скульптурнай кампазіцыі “Пятачок”. “Жыццё лепяльчан цесна звязана з цэнтральнай плошчай, якая па форме нагадвае круглы пятак. Адсюль і “Пятачок”. Такую назву атрымала і скульптурная кампазіцыя. Яна прысвечана лепяльчаніну, які трымае сімвалічную манету. Кампазі­цыя сімвалізуе гаспадарлівасць, піль­насць, бадзёрасць духу народа і працавітасць”, — адзначыў у сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра. Цудоўны настрой падарылі гасцям вядомыя лепельскія выканаўцы Наталля Мацюш, Таццяна Канапелька і Віталь Хватынец, якія выступілі з песняй, прысвечанай роднаму гораду. Цырымонію адкрыцця помніка правялі Мікалай Місюра і аўтар кампазіцыі Леў Аганаў. Выдатную музычную афарбоўку мера­прыемства зрабілі ўдзельнікі народнага інструментальнага ансамбля выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў “Сустрэча”. Паступова свята набірала ўсё большую моц.

Шмат гледачоў сабралася ля выставы “Лепель і лепяльчане”, дзе кожны змог пазнаёміцца з дзейнасцю гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый, даведацца шмат цікавых фактаў з гісторыі горада. Свае фотаэцюды выставілі на суд гледачоў лепельскія фотамастакі Аляксандр Астроўскі, Віктар Радзько і Аляксандр Мурашоў.

* * *

 Уздоўж вуліцы Ленінская раскінуліся багатыя падвор’і сельсаветаў. Умелыя і шчодрыя гаспадары шчыра запрашалі гасцей пачаставацца апетытнымі стравамі, разам паспяваць і патанцаваць. Так, артысты Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу шчыра запрашалі пакаштаваць духмяны “Пірог з яблыкамі па-дрэздэнску”, дранікі, “Бліны па гур’еўску”, бульбачку з грыбамі і іншыя стравы. На “Палянцы творчасці” радавалі вока непаўторныя аплікацыі, букеты з восеньскіх кветак. Захапілі гледачоў шыкоўныя работы выхаванцаў гуртка “Бісерапляценне” пад кіраўні­цтвам Таццяны Карнеявец. Прыгожыя кветкавыя кампазіцыі былі падрыхтаваны работнікамі Лепельскага ваеннага санаторыя. Непаўторныя карціны, выявы жывёл з саломкі, лялькі з тканіны прадставілі на суд гледачоў майстры з Бароўкі. Ветліва запрашалі на сваё падвор’е і жыхары Домжарыцкага сельсавета. Тут можна было пачаставацца аладкамі “Пальчыкі аблі­жаш”, смачным павідліцам і крэндзелямі. Непадалёк была падрыхтавана выстава, дзе былі прадстаўлены прыгожыя пакрывалы, вышытыя карціны. Работнікі Домжарыцкага сельскага Дома культуры шчыра сустракалі гасцей свята песнямі. Шмат яркіх здымкаў можна было ўбачыць на стэндзе Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Усім узнімаў настрой сімпатычны Лесавічок, ролю якога выдатна выканала мастацкі кіраўнік Домжарыцкага СДК Галіна Ляйко, і непаседа незвычайны Балотнік. Яны шчыра запрашалі гасцей на святочны танец.

Немагчыма было прайсці міма падвор’я філіяла “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”. Гасцінныя гаспадары запрашалі ўсіх пачаставацца блінчыкамі з мясам, тварагом, клёцкамі, свежай дзічынай, фаршыраванымі яйкамі, варанай кукурузай, смачнымі грыбамі, аладкамі. Вельмі апетытна выглядаў духмяны пясочны пірог, хрушчы і іншыя стравы. Усе жадаючыя маглі паспытаць і моцнага напою “Стайскі матлёт”. Тут жа ўвазе гасцей была прадстаўлена выстава гародніны “Ураджай у нас добры”. Побач была падрыхтавана арыгінальная выстава вырабаў з дрэва вучняў Стайскай сярэдняй школы.

Немагчыма было ўстаяць перад ветлівым запрашэннем наведаць падвор’е Горскага сельсавета. Вельмі ўразіла гасцей выстава арыгінальных вырабаў юных майстроў Заслонаўскага дзіцячага сада, сярэдняй школы, Горскага дзіцячага ясляў-сада. Радавалі вока прыгожыя вырабы з саломкі, карціны, выкананыя ў тэхніцы бацік, вырабы з дрэва. Госці шчыра апладзіравалі зычным спевам вакалістаў Заслонаўскай школы мастацтваў, самадзейным артыстам. Прыемна было назіраць, як разам з самадзейным спеваком Віталем Коневым цудоўна спяваў і старшыня Горскага сельвыканкама Васіль Бадзяй. Спевы суправаджаліся бадзёрымі падтанцоўкамі. Непадалёк бойка ішоў гандаль смачнымі стравамі, які арганізаваў індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Ляўковіч. Пакупнікі з задавальненнем набывалі блінчыкі з вяндлінай і сырам, каўбаскі і катлеты “Вясковыя”, смажаную курыцу, марожанае з сіропам і іншыя прысмакі.

Шмат гасцей сабралася ля падвор’я Каменскага сельсавета. На выставе былі прадстаўлены фотаздымкі, на якіх былі адлюстраваны яркія эпізоды мерапрыемстваў, што праходзілі ў Чарэйшчынскім і Каменскім сельскіх Дамах культуры. На суд гледачоў былі выстаўлены падушкі, лебедзі-прыгажуны, звязаныя бабулямі, якія пражываюць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання састарэлых “Святліца”, іншыя вырабы. Побач былі размешчаны фотаздымкі людзей, якімі ганарыцца каменская зямля. Менавіта адсюль родам генерал-маёр Анатоль Сцяпук, выдатны педагог Т. Я. Сцяпук, якая ў свой час была выпускніцай Каменскай сярэдняй школы, намеснік раённага пракурора г. Масквы В. А. Пашкевіч і г.д. Шмат уражанняў у гледачоў пакінулі непаўторныя вырабы вучняў Забароўскай сярэдняй школы і сельскага клуба. Яркія творы прадставілі на выставе майстры Каменскіх сярэдняй школы, сельскага Дома культуры, Забароўскіх школы і клуба. Гасцінныя гаспадары аграгарадкоў Камень і Чарэйшчына запрашалі пачаставацца духмяным пірагом, свежа­спечанымі “калабкамі”, апетытнымі галубцамі і іншымі стравамі. Памідоры, яйкі ў руках умелых кулінараў набылі выявы казачных герояў.

Сустракалі гасцей мілагучнымі матывамі песень, шчыра прапаноўвалі вясковыя апетытныя стравы гаспадары Пышнянскага, Слабадскога, Валосавіцкага, Баброўскага і Лепельскага сельсаветаў.

* * *

 Шмат яркіх уражанняў гледачам падарыў канцэрт на сцэне летняга амфітэатра. Цудоўнай кампазіцыяй, прысвечанай роднаму гораду, сустрэлі гледачоў юныя танцоры дзіцячай школы мастацтваў. Гледачы не шкадавалі апладысментаў у адрас інструментальнай групы Стайскай музычнай школы традыцыйнай культуры, узорнага фальклорнага калектыву “Сунічкі”.

З найлепшымі віншаваннямі да гасцей свята звярнуўся старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян. Пётр Генрыхавіч расказаў аб людзях, якія за шматгадовую добрасумленную працу заслугоўваюць асаблівай пашаны і павагі, аб выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Старшыня райвыканкама ўручыў удзячнасці юным лепяльчанам, дасягненнямі якіх ганарыцца Лепельшчына. Сярод іх пераможцы раённых, абласных і ўдзельнікі рэспубліканскіх алімпіяд па разнастайных прадметах, лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, творчых конкурсаў. Захапіла гледачоў сваімі спевамі Анастасія Карпусенка. Дзяўчына з’яўляецца вучаніцай сёмага класа тэатральнага аддзялення Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Да таго ж яна юная паэтэса, кампазітар і актрыса, лаўрэат абласных фестываляў і святаў тэатральнага мастацтва, іншых конкурсаў. Гледачы цёпла сустрэлі выступленне Яны Стрэльчанкі, вучані­цы чацвёртага класа фартэпіяннага і харэаграфічнага аддзяленняў дзіцячай школы мастацтваў, лаўрэата рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Звонкія акорды песень, запальваючыя рытмы танцаў і цёплае сонечнае надвор’е сталі яркімі святочнымі акордамі, якія ўславілі прыгажосць сінявокага Лепеля і ветлівасць мясцовых жыхароў. Родны горад, няхай твая прыгажосць з году ў год сагравае сэрцы лю­дзей!

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымках: цудоўна спяваюць ­удзе­­­ль­­­нікі заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Кру­піцкія музыкі”.

Фота аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.