Мудры палітык

7 ліпеня споўніцца 380 гадоў, як пайшоў з жыцця дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, заснавальнік горада Лепеля Леў Сапега. Другога верасня 2010 года ля ўваходу ў гарадскі парк яму ўстаноўлены бронзавы помнік.

 Леў Сапега нарадзіўся ў вёсцы Астроўна Бешанковіцкага раёна. Атрымаў выдатную адукацыю, валодаў пяццю замежнымі мовамі. З 1581 года быў пісарам вялікім ВКЛ, з 1585 года — падканцлерам, потым — канцлерам, ваяводам. Адначасова як гетман вялікі камандаваў усімі ўзброенымі сіламі.

 Леў Сапега стаў адным са стваральнікаў найвышэйшага дзяржаўнага суда — Трыбунала ВКЛ. Ён узначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588 года, адрэдагаваў яго тэкст і фінансаваў выданне. Руплівасцю Сапегі былі перапісаны і спарадкаваны некалькі сотняў тамоў Літоўскай Метрыкі. А калі на ВКЛ напалі шведы, вялікі гетман Леў Іванавіч і яго сын Ян аддалі на барацьбу з ворагам усё сваё багацце.

 У 1580-х гадах Леў Сапега стаў заснавальнікам мястэчка Лепель. Вядома, што паселішча Лепель знаходзілася ў цэнтральнай і паўночнай частках вострава на Лепельскім возеры, насупраць Старога Лепеля. На старажытным востраве ў свой час існавалі гарадзішча, селішча, замчышча. У 1563 годзе тут было закладзена мястэчка Лепель. Праз дваццаць гадоў у ім налічвалася звыш 300 двароў, размешчаных на востраве і заходнім беразе возера Лепельскага, побач працаваў гандлёвы порт.

 У 1586 годзе мясцовыя землі з багатым гістарычным мінулым і зручным геаграфічным становішчам адкупіў падканцлер ВКЛ Леў Сапега за 1200 коп грошаў літоўскіх. Ён перанёс гандлёвы цэнтр за пяць вёрстаў ад Старога Лепеля на паўднёвы бераг Лепельскага возера, дзе ўжо існавала “сяльцо” Белае. Месца было выбрана ўдала: паміж сплаўнымі рэкамі — вусцем Эсы і вытокам Улы. Гэты населены пункт, пазней мястэчка, атрымаў назву Новы або Белы Лепель. Значнасць і важнасць паселішча былі падкрэслены ўзвядзеннем тут праваслаўнай царквы і касцёла Святого Казіміра. Стары Лепель паступова заняпаў і ператварыўся ў вёску. У 1609 годзе наш зямляк як уласнік Старога і Новага Лепеляў падарыў іх манашкам-бернардзінкам, для якіх пабудаваў у Вільні манастыр.

 У сваёй палітыцы Леў Сапега настойліва адстойваў суверэнітэт ВКЛ у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай. Літоўска-беларускае аб’яднанне ВКЛ можна было б назваць і беларуска-літоўскім, бо ў ім 90% тэрыторыі і 80% насельніцтва складалі беларусы.

 Сёння з упэўненасцю можна меркаваць, што без такой адоранай асобы, як Леў Сапега, ВКЛ у канцы XVI — пачатку XVII ст. не змагло б захаваць сваю незалежнасць. Той перыяд з поўным правам можна назваць “эпохаю Льва Сапегі”.

 Ілья ЯНУШ,

краязнавец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.