Музыка суровых дзён

У кватэры Палонскіх няма выпадковых рэчаў, здавалася б, звычайная гарадская аднапакаёўка. Павінна быць аднолькава безаблічнай і уніфікаванай, як і тысячы ёй падобных. Не, у Арцёма Маркавіча і Таццяны Канстанцінаўны кожная рэч — рарытэт. Не таму, што мае вялікі кошт. Які там кошт у старых шафы ці серванта, у паліцы з такім “нямодным” зараз таварам, як кнігі, у насценных хо¬дзікаў! А таму, што мае душу. Так-так, рэчы, як і людзі, маюць душу, могуць размаўляць і нават спяваць.

Паслухалі б, якія музычныя ў Палонскіх фужэры ў серванце, якія гаваркія ходзікі на сцяне. Не кажучы пра баян і піяніна. Баян нямецкі, па словах гаспадара, ужо трэцяга пакалення. Яго папярэднікамі былі акардыён і баян тульскі, а блізкай сваячкай — балалайка, якая дагэтуль хаваецца на шафе. А вось піяніна адносіцца да сучаснага музычнага пакалення. Яно лёгкае, мабільнае і — электрычнае. Акурат па сілах гаспадару, якому восемдзесят дзевяць гадоў. У гадзіны душэўнага натхнення Арцём Маркавіч садзіцца за піяніна, кампазітар імправізуе.

На сцяне ў Палонскіх карціна работы аднаго з лепельскіх мастакоў, напісаная маслянымі фарбамі. Звычайнае палатно? Каб жа! На ёй — зухаваты штабс-капітан рускай арміі з залатым і срэбраным крыжамі на мундзіры і не меней пекная паненка. Гэта Марк Палонскі і яго жонка Марыя. Ці шмат дзе ўбачыш мастацкія карціны з выявамі продкаў сямейнага роду? Хіба што ў родавым замку Баскервіляў. Прыгадваю словы славутага сышчыка Шэрлака Холмса: “Вось так пачнеш разглядваць родавыя партрэты і паверыш у перасяленне душаў”. Малады штабс-капітан нечым нагадвае сына Палонскіх Анатоля ў маладосці, фота якога я бачыў на вокладцы яго новай кніжкі.
Адзіны сын Арцёма Маркавіча і Таццяны Канстанцінаўны Анатоль Палонскі — журналіст, пісьменнік, жыве ў Брэсце. Лепель для яго — не проста бацькаўшчына і не проста горад, дзе жыў і працаваў маладым. Лепель — крыніца натхнення і свята душы. І таму кожная паездка ў родны горад для Палонскага-малодшага — падзея не шараговая. Якое там малодшага! Анатоль Арцёмавіч ужо таксама дзядуля. Сямейны род працягваюць яго сын Арцём і ўнукі Дзіма ды Аня.
Пакуль не перапляліся ў пышнянскай вёсачцы Забалацце, жыццёвыя сцежкі Арцёма Маркавіча і Таццяны Канстанцінаўны прабеглі праз вайну.
— А вайна — гэта лёс, — уздыхае скрушна Палонскі-старэйшы, і на яго, надзіва маладжавым для свайго веку, твары раптам паяўляюцца суровыя складкі.
Ёсць з-за чаго хмурыцца. Не пазайздросціш лёсу будучага музыканта і настаўніка. Васьмігадовы хлопчык застаецца без абодвух бацькоў, выхоўваецца ў бабулі ў Юркоўшчыне. Тым не менш. Да вайны паспявае закончыць школу і педвучылішча. І едзе прама напярэймы вайне — у Беласточчыну, якая на той час была беларускім краем. У мястэчку Візна і застаюць неціхоты маладога настаўніка. Акупацыя паглынае землі так імкліва, што фактычна не пакідае людзям выбару. Хлопцы ідуць у ваенкамат. А яго ўжо няма. Арцём вырашае пешшу ісці дадому, але ў адной з вёсак трапляе прама ў лапы фашыстам. І далей тое, пра што Палонскі ўвогуле не хоча прыгадваць: доўгія гады нямецкага палону — лагер для ваеннапалонных, хоць ён, васемнаццацігадовы юнак, яшчэ і пораху не панюхаў, рабства ў баўэра, бульба, без якой бы не выжылі, здзекі канваіраў. Аднойчы ён сярод іншых, хто мацнейшы, наважыўся на ўцёкі. Ноччу іх пагружалі на баржу, каб везці з Усходняй Прусіі далей у Германію. Уцяклі. Перайшлі фронт і трапілі ў… асобы аддзел. Іншых, ваеннапалонных, з аднаго лагера ды ў другі — у Сібір. А яго, хто не ваяваў — на фронт.
Трэці Беларускі фронт, танкавая часць, якую за імклівы палёт наперад хлопцы жартаўліва празвалі “дэсантнымі войскамі”. “Палёт” спыніўся пад Кёнігсбергам, дзе ў страшэннай мясарубцы палегла і нашых, і немцаў. Параніла і Арцёма. Не быць параненым там было немагчыма. Палявы шпіталь — і зноў фронт. Восьмага мая 1945 года. Іх нечакана падымаюць па трывозе. Марш-кідок на дзесяць кіламетраў, фарсіраванне рэчкі. І задача: разведка боем. У бліжэйшым населеным пункце акапаўся вораг. А паміраць у маі сорак пятага та-ак не хочацца! І раптам — адмена загаду. Варожае ўмацаванне будзе браць штрафная рота. Ноччу яны толькі чуюць страляніну, бачаць залпы “Кацюшы”, а раніцай на праклятай вышыні — гара абвугленых трупаў. Вайна — гэта лёс…
* * *
Таццяна жыла ў Забалацці. З усёй сям’і засталіся двое — яна і маці. Брат памёр перад вайною ад запалення лёгкіх, праехаўшыся ўвесну на таварняку. Родная вёска, дзе перад вайной дзяўчына ўжо працавала настаўніцай, па тым часе была вялікай і люднай, мела сваю царкву. Не дзіва, што менавіта Забалацце абралі фашысты, намерыўшыся ператварыць яго ва ўмацаваны фарпост. Ганялі людзей капаць акопы, валілі лес, які акружаў вёску. Але карты фашыстам зблыталі партызаны, якія нечакана ўварваліся ў вёску і змусілі гітлераўцаў заняць абарону ў канюшні. Назаўтра немцы лютавалі, палкамі зганяючы людзей на акопы. У наваколлі пачаліся расправы, гінулі нявінныя людзі, гарэлі хаты. Гітлераўцы пастралялі людзей і спалілі суседнюю Слабодку. Лічы, да смерці збілі брата партызанскага разведчыка Аляксандра Савіча, які ўвайшоў у давер да ворага, вывудзіў у яго каштоўную інфармацыю, а затым нечакана знік, уцёк у атрад.
Заставацца надалей у Забалацці стала небяспечна. Вёску часта акружалі фашысты, даводзілася ўцякаць у лес. Маці ўзяла карову, і яны з Таняй падаліся ў Замошша. Па дарозе ў Ворані ў знаёмых пакінулі сякі-такі хатні пажытак, а назаўтра і ў Ворань уварваліся фашысты. Дапялі немцы і да Замошша, спалілі яго. Таня з маці перабраліся ва Ушацкі раён. Блакада. Выходзілі з лесу хто як мог. Пераходзілі ад вёскі да вёскі. Хаваліся ў пустых хатах. Таццяне пашанцавала — у лапы да ворага і адпаведна ў нямецкае рабства яна не трапіла…
Сустрэліся яны ў сорак шостым у Забалацці, дзе Таццяна Канстанцінаўна пасля вайны працавала настаўніцай, а Арцёма Маркавіча сюды прыслалі загадчыкам у мясцовую школу. З таго часу не расставаліся. У сорак сёмым нарадзіўся сын Анатоль. А гадоў праз дзесяць яны пераехалі ў Лепель. Палонскі, які на той час атрымаў музычную адукацыю, стаяў ля вытокаў музычнай школы ў Лепелі, а затым доўгія гады быў яе дырэктарам. Песні на яго музыку можна было пабачыць на старонках раёнкі, супрацоўнічаць з якой юнкорам ён пачаў… яшчэ ў трыццаць пятым годзе. Памятае, напісаў нататку пра тое, як у іх вёсцы дачка здзеквалася з бацькі. Нататку надрукавалі, а юны “пісьменнік” зазнаў пераслед сваякоў “герояў” той публікацыі. Творчае супрацоўніцтва з нашай газетай працягвалася дзесяцігоддзі. Творчы пачатак перадаў бацька і сыну Анатолю.
Таццяна Канстанцінаўна жыццё прысвяці¬ла педагогіцы. Настаўнічала ў розных школах, працавала ў дзіцячым садку.
Маладосць Палонскіх і іх творчы росквіт прыйшліся на эпоху сацыялізму. Тады, у сямідзясятым — юбілейным ленінскім годзе – атрымаў Арцём Маркавіч Ганаровую грамату з рук самой Фурцавай падчас Усесаюзнай нарады работнікаў культуры. Менавіта тады было створана і напісана ім усё найлепшае. Маладосць ёсць маладосць. Але Палонскія не сталі ні дагматыкамі, ні сляпымі фанатыкамі свайго часу. Яны лёгка і безбалюча акліматызаваліся ў іншай эпосе, цвяроза ўспрынялі яе каштоўнасці. І таму іх погляды сёння прагрэсіўныя і рэалістычныя. Яны, людзі з іншай эпохі, і сёння выглядаюць надзвычай сучаснымі. Зрэшты, ёсць каштоўнасці вечныя, якім Палонскія не здрадзяць ніколі. Гэта школа, дзеці, гэта музыка, літаратура.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Арцём Маркавіч і Таццяна Канстанцінаўна Палонскія.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.