Міна ў капаніры

Світала. Пачынаўся новы дзень. Уранні, як і заўсёды, танкавы ўзвод выйшаў, каб заняць пазіцыі на ўскраіне гарадка. Паветра золкага ранку змяшалася з салярным дымам, звінела ад грукату магутных танкавых рухавікоў. Аляксандр здаўна любіў гэты пах, яшчэ з дзяцінства, калі бацька, калгасны трактарыст, браў яго з сабой на працу і дазваляў час ад часу праехаць на гусенічным ДТ-54.
Хаця і не першы месяц служыў Саша ў Афгане, але ўсё ніяк не мог прывыкнуць да перападу тэмператур на працягу сутак: удзень спёка такая, што нават у майцы душна, а ўначы мароз прабірае, што ногі ў валёнках мерзнуць.


Пасля прыходу ў парк і атрымання задання танкісты, асабліва механікі-вадзіцелі, хуценька закруціліся каля сваіх баявых машын. Прычына была простая: хто першым выедзе, той атрымае “вольнае паветра”. Афган — краіна сухая, пыльная. Першая машына на дарозе падымае клубы пылу, які можа асядаць і паўгадзіны, таму першы дыхае чыстым паветрам, а наступныя глытаюць пыл разам з выхлапнымі газамі. А калі пройдзе калона… Таму з парка выязджалі навыперадкі.
Першы гоначны азарт супакоіўся, тры танкі няспешна грукацелі па вузенькіх пыльных дарогах. Прыдаваць танкі ахове гарадку пачалі пасля таго, як некалькі месяцаў таму назад духі напалі на блок-пасты і вышкі. Хлопцы не разгубіліся, прынялі бой, дачакаліся падмацавання і разам з танкістамі і верталётчыкамі адбілі атаку.
Адразу пасля бою танкі на ўскраіне з месяц дзяжурылі суткамі. Вырылі капаніры (акопы), у якія хаваецца ўвесь танк, толькі вежа з гарматай наверсе. Аднак начамі нічога не відаць было, што рабілася ў наваколлі. Схілы прылеглых гор параслі кустоўем настолькі густым, што немагчыма было заўважыць вярблюда, які мірна пасецца, не тое, што духа, які старанна маскіруецца. Аднойчы ноччу духі з гэтых кустоў ударылі з гранатамётаў. У адказ нашы салдаты распачалі страляніну з усіх відаў зброі. Раніцай прайшлі паглядзець, знайшлі адзін труп, а ў другім месцы — крывавыя плямы. Пасля гэтага сапёры загарадзілі міннымі палямі падыходы да сваіх пазіцый, а танкі камандаванне вырашыла на ноч вяртаць у парк.
Па першым часе Саша дзівіўся ўсяму: прырода, пабудовы, людзі — усё было новым, непрывычным, не такім, як у роднай Беларусі, на Лепельшчыне. Вось і знаёмая паваротка. Дарога ў гэтым месцы робіць два крутыя павароты па беразе арашальнага канала. Салдаты жартам называлі гэта месца Долар. Неяк вярталіся позна ўвечары з пазіцый. За рычагамі Сашавага танка сядзеў Юра з-пад Смаленска. Цямнела. Юра не разлічыў габарыты танка і левым тракам заехаў на агароджу, метраў з восем знёс. А агароджа сур’ёзная, па плечы вышынёй, складзеная з камянёў, месцамі перамазаных глінай. Ды і танк Т-72 — машына не менш сур’ёзная. Словам, было восем метраў агароджы — стала восем метраў бітага шчэбеню. Раніцай, як ехалі зноў на пазіцыі, Саша хацеў спыніцца, папрасіць прабачэння ў гаспадароў, ды дзе там — пралому нібыта і не было. За ноч сям’я ўзвяла агароджу ранейшых памераў — па плечы. Пасля Саша ўсё ж пазнаёміўся з гаспадаром той сядзібы Сеідам. Ён і яго сям’я аказаліся людзьмі ветлівымі, гаваркімі.
Вунь і пазіцыі. Перад капанірам Саша загадаў Юру прыпыніць танк. Агледзеліся. Здаецца, усё нармальна, але нешта не на месцы. Пільнае салдацкае вока выхапіла патрэбнае — зямлю на дне капаніра ноччу капалі. Хаця і старанна замаскіраваныя тыя “раскопкі” былі, аднак супраць нашай салдацкай хітрасці…
Дзён з дзесяць таму назад на пазіцыі на іншым баку гарадка адбылася трагедыя. Уначы, калі танкаў не было на дзяжурстве, душманы патаемнай сцяжынкай пралезлі праз нашы мінныя палі і заклалі ў капанір магутную міну. Узрывальнік паставілі неметалічны, таму мінашукальнік яго не адчуў. Танкавы экіпаж загінуў на месцы, як і пяцёра чалавек побач, яшчэ семярых накіравалі ў Ташкент у шпіталь.
Цэлы дзень думалі Саша з Юрам, як зрабіць, каб любая спроба залезці ноччу ў капанір раніцай была бачнай. І дадумаліся! Рашэнне аказалася простым, як усё геніяльнае. Увечары, як толькі танк выязджаў з капаніра, дно палівалі тонкім струменьчыкам адпрацаванага машыннага масла, нібы сетачкай пакрывалі. Адпрацоўка чорная, таму ўначы яе не відаць, затое ўдзень — як на далоні. Духі залезлі ў капанір, заклалі міну, замялі свае сляды, пацопалі тракам, нібыта танкавы след пакінулі, але ж слаі зямлі перамяшаліся. Свежая зямелька была наверсе, а зямля з адпрацоўкай знесеная.
Выклікалі сапёраў, тыя агледзелі, што міна пастаўлена хітра, дастаць яе будзе немагчыма. Танкісты пачухалі патыліцы, маўляў, капанір цяпер будзе занадта глыбокім, але раз трэба, значыць трэба. Выбух скалануў зямлю.
Пачынаўся чарговы дзень вайны.
С. БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.