Міны ў лесе

У рэдакцыю паведамілі: у лесе выяўлены міны. Не марудзячы ні мінуты, карэспандэнт выехаў на месца разам са старшынёй Стайскага сельвыканкама Уладзі­мірам Тарасавым. Ула­дзімір Віктаравіч коратка распавёў перадгісторыю знаходкі:

— Жалезкі гэтыя пры чарговым абходзе лесу выявіў ляснік Валодзя Шарко. У тых месцах шмат старых акопаў, ямін, на дне адной з іх ляснік і заўважыў хваставік боепрыпаса.

Старажылы расказваюць, што ў часы вайны на тым месцы некаторы час знаходзілася пазіцыя нашай мінамётнай батарэі. Адразу ж патэлефанаваў нашаму ўчастковаму маё­ру Аляксандру Мазго, у ваенкамат. Выклікалі спецыялістаў з Полацка, якія спецыялізуюцца на размініраванні і знішчэнні падобных боепрыпасаў.

Прыехаўшы на месца, адразу сустрэў сапёра старшыну Станіслава Белавусава з яго вернай памочніцай — аўчаркай Грэтай. Яны вясной мінулага года прыязджалі ў Лепель, тады жыхар Бораўна прывёз у “Каапнарыхтпрам” здаваць на металалом артылерыйскія снарады. Газета пісала пра гэта здарэнне ў публікацыі “Снарады на павозцы” ў нумары 31 за 20 красавіка 2010 года.

Старшына Белавусаў, а таксама начальнік інжынернай службы старшы лейтэнант Алег Трубачоў ужо раскапалі старыя акопы, праверылі зямлю мінашукальнікам, далі пранюхаць Грэце. Улоў неблагі – 51 мінамётная міна да савецкага 82-міліметровага мінамёта. Іржавая смерць роўненькімі радочкамі ляжала на дне акопаў. А навокал лунаў незабыўны пах веснавога лесу.

Знойдзеныя боепрыпасы асцярожна пагрузілі на падагнаны КамАЗ. Спытаў у вадзі­целя:

— Ці страшна везці такі груз?

— Прывык. Ды і абарона ад выбуховай хвалі і асколкаў прадугледжана.

З пачаткам палявых работ у сапёраў пачынаецца “вясёлае жыццё”. Рэдкі дзень абыходзіцца без сюрпрызаў. У гэты дзень яны паспелі пабываць яшчэ на двух выкліках.

Тым часам мы прыехалі на палігон пад Заслонавам. Зноў жа асцярожна разгрузілі міны, заклалі іх у дзве асобныя яміны. Як сказаў старшы лейтэнант, падрываць будуць у дзве партыі. У паршую закладку зарадзілі пад тры кілаграмы трацілу, падвялі кабель, заклалі зарады. Адышліся метраў за 150, схаваліся за дрэвы.

Выбуховай хваляй аж аддала ў спіну, ад нечаканасці нават вушы крыху заклала. Счакаўшы з паўхвіліны, пакуль пападаюць асколкі, падняліся і рушылі да варонкі. Навокал стаяў неймаверны смурод, дыхаць было цяжка. Адразу здагадаўся, што гэта – пах паленага трацілу. Як служыў у арміі і страляў з аўтамата, запомніў пах пораху. Цяпер буду памятаць пах трацілу, ні з чым яго не зблытаю.

Пакуль старшына закладваў траціл у другую яміну, Алег Трубачоў стаў правяраць, як узарваліся першыя міны. Раскапаў яшчэ пяць штук неразарваных! На недаўменны погляд адказаў:

— Нічога дзіўнага, так часта бывае. Зараз закладзём трацілу паболей.

Неразарваныя міны дадалі да другой партыі, трацілу заклалі ўжо кілаграмы з чатыры. Схаваліся. Выбух! На гэты раз падрыў аказаўся надзейны — усе міны разарваліся.

Вярталіся ў Лепель пад вечар, а сапёры разварочвалі свае машыны на Паставы. Іх чакаў новы выклік, новая сустрэча з іржавай смерцю. Чацвёртая за гэты дзень.

Васіль МАТЫРКА.

На здымках: Станіслаў Белавусаў рыхтуецца да падрыву; частка зной­дзеных мін.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.