Напярэдадні жніўнога прыпару

На днях Лепельшчына прымала абласны семінар-нараду па жывёлагадоўлі і раслінаводстве, вёў яе намеснік старшыні аблвыканкама Эдуард Дзям’янаў. Мерапрыемства было вельмі прадстаўнічым, дастаткова сказаць, што ў Лепель прыехалі ўсе старшыні райвыканкамаў вобласці, начальнікі раённых упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання, іх намеснікі па раслінаводстве і жывёлагадоўлі, прадстаўнікі аблсельгасхарчу.

Віцебская вобласць, па прагнозах спецыялістаў, мае на палях неблагі ўраджай, збожжавыя могуць даць да 35 цэнтнераў з гектара. І тут як ніколі важна дакладнае выкананне тэхналагічных патрабаванняў. Між тым некаторыя дазваляюць сабе недаравальныя вольнасці. Так, Эдуард Міхайлавіч прывёў нядаўні прыклад, калі ў Дубровенскім раёне інжынер гаспадаркі не ведаў параметраў наладкі камбайна. Калі гэтага не ведае спецыяліст, то чаго варта чакаць ад механізатара? У выніку да паловы ўраджаю рапсу трапляла не ў бункер, а заставалася на полі. Нескладана спрагназаваць страты гэтай гаспадаркі на ўборцы зерневых. Сёлета азімы рапс мае на полі багаты ўраджай, да 30, а месцамі і больш цэнтнераў з гектара.

 Не менш важна якасна правесці сяўбу азі­мага рапсу. Як сказаў дырэктар Віцебскага занальнага інстытута сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Якоўчык, аптымальныя тэрміны закладкі насення ў глебу – з пятага па 20 жніўня:

 — Перад сяўбой зямлю трэба ўзараць і даць ёй зляжацца не менш дзесяці дзён, бо кінутае ў свежаўзараную глебу насенне гэтай культуры не дасць раўнамерных усходаў. А перад ворывам на прызначаных пад рапс палетках трэба ўнесці гліфасаты. Вось і атрымліваецца, што і жніво, і пасяўная кампанія пад ураджай – 2013 павінны ісці паралельна.

 Камбайнавы парк вобласці падрыхтаваны да ўборкі збожжавых. На кожны камбайн у сярэднім прыпадае па 225 гектараў.

 Ва ўмовах павышанай вільготнасці збожжа ад камбайнаў істотным чынам узрастаюць роля сушыльнай гаспадаркі, здольнасць яе хутка вычысціць збожжа ад прымесяў, давесці ўтрыманне вільгаці да патрэбных кандыцый.

 Не менш увагі надзялялася жывёлагадоўлі. На сярэдзіну ліпеня мець толькі па дзесяць цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – легкадумнасць, мякка кажучы. Тым, хто з першага ўкосу нарыхтаваў мала сена, не варта дужа разлічваць на другі ўкос і кукурузу. Па-першае, асноўную ўвагу ад сенакосу забярэ на сябе жніво, па-другое, паводле прагнозаў спецыялістаў, сёлета кукуруза дасць ураджай крыху горшы, чым сярэднегадавы – такія ўмовы надвор’я. хаця Лепельшчына ў плане корманарыхтоўкі мае добры задзел, да 15, а па многіх гаспадарках і да 20 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, усё ж заспакойвацца будзем толькі восенню, калі апошнія цэнтнеры будуць звезены ў сховішчы.

 Пасля абеду ўдзельнікі семінара выехалі на ферму ў Звяздзе сельгасфіліяла “Заазер’е”. Там агледзелі ўмовы ўтрымання жывёлы, парадак раздою нецеляў.

 Эдуард Дзям’янаў, азнаёміўшыся з дакументацыяй, заўважыў:

 — Вось тут усё робіцца згодна з тэхналогіяй. Пасля ацёлу карова дае 12 літраў малака за суткі, ёй пачынаюць даваць канцэнтраты згодна з рацыёнам, і паступова, дзён за дзесяць – пятнаццаць выходзяць на паказчык 22 – 25 літраў за суткі. У кожнай гаспадарцы павінна быць група, а ў вялікіх гаспадарках – ферма раздою.

 Апошнім пунктам семінара стала поле азі­мага рапсу перад Старым Лепелем. Там Сяргей Якоўчык яшчэ распавёў аб патрэбнасці дасканалага выканання патрабаванняў тэхналогіі вырошчвання і ўборкі ўсіх зерневых культур увогуле і рапсу ў прыватнасці.

 Удзельнікаў чакаў камбайн КЗС-1218. Прадстаўнік “Гомсельмаша” распавёў пра вартасці дадзенай мадэлі, адказаў на пытанні. Напрыклад, каб звесці да мінімуму страты зерня, варта пільна сачыць за наладкамі агрэгатаў, ушчыльняць тэхналагіч­ныя люкі.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: Сяргей Якоўчык і Эдуард ­Дзям’янаў (на пярэднім плане) вядуць дыялог з удзельнікамі семінара.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.