Насенны фонд бульбы

388Што пасееш, тое і пажнеш — старажытную народную мудрасць кожны год пацвярджаюць тыя, хто займаецца агародніцтвам, і найперш — вырошчваннем бульбы. З павышэннем рэпрадукцыі насеннага матэрыялу павышаюцца шанцы на багаты ўраджай. Напрыклад, у №170 газеты “Беларуская ніва” за 20 верасня расказваецца, што на палетках дзяржаўнага прадпрыемства “Саўгас “Рачковічы” Слуцкага раёна Мінскай вобласці, дзе пасаджана бульба эліты, збіраюць ураджай да 450 — 500 цэнтнераў з гектара.

Першая ж рэпрадукцыя зніжае ўраджайнасць на сто цэнтнераў. І гэта пры іншых роўных умовах. Вядома, бальнасць ворыва на Случчыне і Лепельшчыне непараўнальныя, аднак і нашым бульбаводам варта пераймаць самыя перадавыя спосабы вытворчасці.
Многія лепельскія бульбаводы, шукаючы якаснае насенне, ездзяць у Горкі Магілёўскай вобласці, у знакамітую Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Некаторыя бяруць курс на Самахвалавічы Мінскай вобласці, у доследную гаспадарку інстытута бульбаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Між тым у Адамаўцы знаходзіцца галоўная вытворчая база Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі, якая, на думку многіх спецыялістаў, з’яўляецца лепшай профільнай установай у Рэспубліцы Беларусь. Установа, па словах дырэктара, працуе па двух накірунках: вядзенне навуковай працы, выпрабаванне і раянаванне новых, перспектыўных сартоў сельскагаспадарчых культур. Другі накірунак — вырошчванне і продаж высакаякаснага, высокапрадукцыйнага насення.
Хаця бульба сёлета не дужа ўрадзіла, усё ж сартастанцыя прапаноўвае пакупнікам такое насенне. Найперш гэта суперэліта новых, нядаўна выведзеных сартоў беларускай селекцыі “лілея”, “уладар” і “брыз”. Яны сёлета далі ад 130 да 158 цэнтнераў з гектара. Вядома, гэта не слуцкія паказчыкі, але ўсё ж большыя за сярэднюю ўраджайнасць па раёне.
— Глебы ў нас не вельмі спрыяльныя для вырошчвання бульбы, — дзеліцца думкамі Сяргей Аляксеевіч. — Справа ў тым, што гэтай культуры патрэбна рэгулярная вентыляцыя ў глебе, таму лепш яна расце на пясчаных палетках. У сартастанцыі ж больш за 70 працэнтаў зямель — забалочаныя, гліністыя, дрэнна прапускаюць кісларод. Другая прычына слабай ураджайнасці — наступствы барацьбы супраць кальцавой бактэрыяльнай гнілі бульбы. Гэту інфекцыю летась завезлі не толькі нам, з-за заражанага насення пацярпелі некалькі сартастанцый па ўсёй рэспубліцы. Пад бульбяныя палеткі летась выдзелілі лепшыя землі, у рамках каранцінных мерапрыемстваў на іх яшчэ некалькі гадоў нельга вырошчваць бульбу, даводзіцца адводзіць землі горшыя.
Наступствы кальцавой гнілі яшчэ будуць адчувацца. Так, сёлета ўвесну саджалі сорт “рагнеда” першай рэпрадукцыі. Здавалася, што клубні здаровыя, але памыліліся. Сустракаліся градкі, па некалькі метраў пустыя. “Рагнеда”, дарэчы, сёлета дала самы бедны ўраджай — менш за 50 цэнтнераў з гектара.
Вядома ж, вынік працы залежыць у многім ад стаўлення саміх працаўнікоў. За апошнія гады колькасць работнікаў сортавыпрабавальнай станцыі скарацілася амаль удвая. Пры гэтым пасяўныя плошчы, аб’ём навуковых даследаванняў не зменшыліся. Сортавыпрабаваннем кіруе Вольга Петухова, дасведчаны спецыяліст. А вось на вытворчых бульбяных палетках галоўная нагрузка кладзецца на механізатараў Анатоля Верасавога і Міхаіла Гусева. І, вядома, на шэфаў з аграрна-тэхнічнага каледжа.
Працаўнікі сартастанцыі сёлета з 35 гектараў бульбяных палеткаў сабралі больш за 336 тон бульбы. Усе клубні ўжо пасартаваныя і закладзеныя ў сховішчы, вядзецца рэалізацыя. Найперш да гэтай прадукцыі праяўляюць цікавасць тыя, хто дбае пра своечасовае абнаўленне насеннага фонду.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: выконваючы абавязкі галоўнага агранома сартастанцыі Міхаіл Кульба ў бульбасховішчы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.