Насенны фонд

Народная мудрасць сцвярджае: рыхтуй сані летам, а зімой — калёсы; другая прымаўка дадае: што пасееш — тое і пажнеш. У ААТ “Чарэйшчына” вырашылі пацікавіцца насенным фондам. Кансультантам стаў галоўны аграном гаспадаркі Валянцін Парыч.
Валянцін Мікалаевіч усё жыццё звязаў з сельскай гаспадаркай. У 1989 годзе пераехаў сюды з сям’ёй, ратуючыся ад Чарнобылю, з Веткаўскага раёна. з таго часу жыве і працуе ў Чарэйшчыне.

Мае багаты вопыт, у трывалай памяці захоўваюцца звесткі, у які год, на якім полі, якія культуры раслі, а ў многіх выпадках без памылкі назаве сорт, рэпрадукцыю і ўраджайнасць.
Пад веснавую сяўбу ў гаспадарцы запланаваны 1305 гектараў, з іх пад яравыя збожжавыя — 600. Львіную долю яравога зерневага кліну, 322 га, плануецца выдзеліць пад півавараны ячмень. У гаспадарцы культывуюцца два сарты: Бровар беларускай селекцыі і Жазэфін — французскай. Бровару ў наяўнасці маецца 60 тон другой рэпрадукцыі, Жазэфіну — 50 такой жа кандыцыі. Прычым, каб засеяць 322 гектары, патрэбна толькі 80 тон пасяўнога матэрыялу, астатняе ж не спяшаюцца прадаваць ці накіроўваць на корм жывёле. Шматгадовы досвед паказвае, што з зімы ў добрым стане не выходзяць усе азімыя пасевы, пэўную долю даводзіцца перасяваць, для чаго і патрэбен пэўны запас насення яравога.
Для паляпшэння якасці плануецца да вясны дакупіць яшчэ 20 тон насення ячменю сорта Жазэфін першай рэпрадукцыі. Насенне пастаўляе спецыялізаванае прадпрыемства “БелСолад”. Чаму перавага аддаецца сартам французскай селекцыі? Галоўнай якасцю піваварнага ячменю з’яўляецца нізкае ўтрыманне бялкоў, максімальна дазволенае значэнне — 12%. Жазэфін у гэтым плане пераўзыходзіць Бровара, значэнне апошняга крыху вышэй.
Яравой пшаніцай мяркуецца засеяць толькі 90 гектараў, бо асноўны ўраджай плануецца атрымаць з пшаніцы азімай, якой засеяны 400 гектараў. Для веснавой сяўбы назапашаны 45 тон насення сорту Рассвет другой рэпрадукцыі пры патрэбе ў 23 тоны. Акрамя гэтага, набудуць на раённай сортавыпрабавальнай станцыі яшчэ пяць тон эліты Рассвета. Чаму эліта?
— Кожная наступная рэпрадукцыя можа зніжаць ураджайнасць да дзесяці працэнтаў, таму ў нашым выпадку адрозненне ва ўраджайнасці можа скласці да 20%. Вось чаму важна ў гаспадарках сачыць за селекцыйнай работай.
Пад сяўбу 25 гектараў аўсу патрабуецца шэсць тон, на сёння “Чарэйшчына” мае 30 тон насення сорту Запавет другой рэпрадукцыі і яшчэ тры тоны эліты плануецца набыць у гаспадарцы “Альгоўскае” Віцебскага раёна.
Зернебабовыя культуры будуць прадстаўлены кармавым гарохам сорту Заазерскі першай рэпрадукцыі. На плануемыя пад сяўбу 163 гектары патрабуецца шэсць тон, у наяўнасці — 25.
Усё насеннае збожжа знаходзіцца ў збожжасховішчы ў вёсцы Забароўе. Валянцін Парыч асабіста правярае захаванасць яго. З аднаго боку, зерне — рэч простая, асаблівых умоваў для захавання не прад’яўляе, халадоў не баіцца. З іншага боку, галоўныя ворагі зерня — грызуны і вільгасць — могуць за кароткі час знішчыць плён працы вялікага калектыву на працягу цэлага года. Таму яшчэ перад закладкай на захоўванне быў перагледжаны, дзе трэба — адрамантаваны дах, закладзена атрута супраць мышэй і пацукоў.
У прасторным прыцемненым памяшканні ляжаць горы зерня — залог будучага багатага ўраджаю. Адразу адчуўся спецыфічны пах збожжасховішча. Той, хто працаваў у сельскай гаспадарцы, ніколі не зблытае яго. гэта пах дабрабыту, надзейнасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Збожжа, ачышчанае ад зёлак, смецця, адсартаванае, справа — ячмень, злева — іншыя культуры. Валянцін Мікалаевіч бярэ ў далоні жменю зерня, гэта ячмень Жазэфін. Зярняты светлым струменем сцякаюць паміж пальцаў. Захаванасць выдатная, зерне хоць зараз можна кідаць у зямлю.
Самыя вялікія плошчы, 370 гектараў, сёлета ўвесну плануецца выдзеліць пад кукурузу — пажыўны корм для жывёлы. З мінулага года ў “Чарэйшчыне засталіся дзве тоны насення кукурузы, а сёлета ўжо закуплены і дастаўлены яшчэ 11 тон, чаго павінна быць дастаткова.
ААТ “Чарэйшчына” добра вядома як бульбаводчая гаспадарка, кожны год пад гэту культуру ў ёй адводзіцца больш ста гектараў. Не стане выключэннем і 2013-ы, сёлета плануецца пасадзіць 125 гектараў. У бульбасховішчах вёсак Стараселле і Забароўе захоўваюцца 500 тон Скарбу першай рэпрадукцыі. Перыядычна бульбу правяраюць, аглядаюць, перабіраюць, каб выдаліць паражоныя клубні.
Яравога рапсу сёлета плануецца пасеяць 210 гектараў, увесь патрэбны аб’ём насення паводле дамовы бліжэй да пасяўной павінен выдзеліць Віцебскі алеяэкстракцыйны завод. Завод найперш зацікаўлены ў атрыманні патрэбных аб’ёмаў якаснага рапсу, таму сам падбірае сарты і пастаўляе насенне гаспадаркам.
У цэлым ААТ “Чарэйшчына” да пачатку пасяўной кампаніі гатова, насенне назапашана ў патрэбнай колькасці і патрабуемай якасці. Адно, у чым гаспадарка адчувае пільную патрэбу, — прэпараты для пратручвання пасяўнога матэрыялу непасрэдна перад унясеннем у глебу.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.