На пасту баявым

Сёння мы раскажам пра армейскія будні воінаў 3609 артсклада боепрыпасаў вайсковай часці 73498, што дыслакуецца ў Бароўцы.

Ахоўваемая тэрыторыя часці складае больш за 100 гектараў. Боепрыпасы захоўваюцца ў 31 капітальным сховішчы, як падземным, так і надземным, маецца дзесяць пляцовак адкрытага захоўвання. На абслугоўванні заняты аддзел захоўвання боепрыпасаў — два афіцэры, чатыры прапаршчыкі, чатыры грамадзянскія асобы і пяць — восем, а ў летні перыяд да пятнаццаці, транспарціроўшчыкаў.

Ахоўныя падраздзяленні

Ахоўвае боепрыпасы атрад ваенізаванай аховы, больш за восемдзесят чалавек, а таксама пажарная часць у якасці падраздзялення абслугоўвання, дзе заняты адзінаццаць воінаў тэрміновай службы, кантрактнікі і афіцэры.
Маюцца 33 пажарныя вадаёмы і больш за сто маланкаадводаў. За апошнія гады праведзены бягучы рамонт усіх аб’ектаў захоўвання, на ўсіх іх устаноўлена пажарна-ахоўная сігналізацыя. Плануецца аснашчэнне тэрыторыі навейшай перыметральнай сігналізацыяй.

З гісторыі

На жаль, канкрэтная дата ўзнікнення 3609 артылерыйскага склада боепрыпасаў невядомая. Яшчэ да вайны, у 1939 годзе ў СССР было створана спецыяльнае ведамства, якое займалася арганізацыяй вырабу снарадаў, мін, бомб і тарпед, — Наркамат боепрыпасаў. Паводле архіўных звестак, у 1946 годзе база 3609 была перадыслакавана са станцыі Палата ў г. Лепель (Бароўка), у 1952 г. перайменавана ў 3609 Акруговы артылерыйскі склад боепрыпасаў 2 разрада БВА, а ў 1981 г. часць стала называцца 3609 артылерыйскім складам боепрыпасаў другога разрада КБВА. У 1994 г. артылерыйскаму складу боепрыпасаў 3609 нададзены першы разрад, а ў 2002-м ён уключаны ў склад Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Сухапутных войскаў УСРБ.

Пара і бярозавыя венікі

Важнае значэнне надаецца арганізацыі быту ваеннаслужачых. Не маючы сваёй салдацкай кухні, воіны, аднак, атрымліваюць своечасовае і каларыйнае харчаванне, якое завозіцца сюды з суседняй вайсковай часці. У якасці вітаміннай дабаўкі да стала — яблыкі. На тэрыторыі — тры яблыневыя сады. Гордасцю воінаў з’яўляецца салдацкая лазня, не тыповая, бо гэта звычайная руская лазенька з пахучым дымком і бярозавымі венікамі, дзе можна не толькі памыцца, але і папарыцца. Вось і сёлета ўжо звязалі дзвесце бярозавых венікаў.

Спорт — службе памочнік

Для заняткаў спортам створаны спартыўная пляцоўка і трэнажорная зала, абсталяваная самімі воінамі. Ёсць футбольнае поле і пляцоўка для пажарнага спорту. У пакоі вольнага часу можна паглядзець тэлевізар і DVD-плэер, пачытаць мастацкую літаратуру. Тут сабрана каля паўтары сотні кніг на розны густ. Выпісваюць і перыёдыку. Дарэчы, па словах намесніка камандзіра па ідэалагічнай працы маёра Андрэя Пятрышчава, у часці недзе каля сямідзесяці падпісчыкаў газеты “Лепельскі край”.
М. ВАЛОХА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.