На прызы “Лепельскага краю”

Адным з самых запамінальных мерапрыемстваў, якія праводзяцца пад час святкавання Дня Перамогі на плошчы Свабоды, стала лёгкаатлетычная эстафета на прызы раённай газеты “Лепельскі край”. Колькасць удзельнікаў спартыўнага мерапрыемства — вучняў школ, навучэнцаў устаноў, работнікаў гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў з кожным годам усё ўзрастае. Сёлета ў эстафеце разам з пастаяннымі ўдзельнікамі пажадалі праявіць сваё спартыўнае майстэрства і работнікі

аграгарадкоў.

Першымі на старт выйшлі вучні школ, навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа і дзяржпрафліцэя. Сярод юных спартсменаў заўважыла вучняў сярэдняй школы № 1, якія на працягу некалькіх год становяцца лідарамі эстафеты. Падтрымаць хлопцаў і дзяўчат у адказны момант прыйшоў выкладчык фізкультуры СШ № 1 Валерый Булах.

— Нашы легкаатлеты — гонар школы, — адзначае Валерый Уладзіміравіч. — Яны не толькі паспяхова займаюцца на ўроках фізкультуры, а і наведваюць спартыўныя секцыі. Так, вучань адзінаццатага класа Андрэй Дзямко раней займаўся боксам, валейболам, прымае ўдзел у спаборніцтвах па ўсіх відах спорту, выдатна праявіў сябе ў зімнім і летнім шматбор’і  сярод дапрызыўнай моладзі. Шэраг перамог заваяваў і адзінаццацікласнік Ян Хамічонак. Так, у летнім шматбор’і сярод дапрызыўнай моладзі Ян заняў другое месца. Не развітваецца са спортам і вучань дзявятага класа Мікіта Павец. У летнім шматбор’і па падцягванню на абласных спаборніцтвах сярод дапрызыўнай моладзі Мікіта заняў другое месца. Хлопец з’яўляецца лідарам школьнай каманды па валейболу, актыўна займаецца баскетболам, іншымі відамі спорту, турызмам. Алёна Борыкава стала чэмпіёнкай раённых спаборніцтваў па кросу і прызёрам абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. Наталля Быкава паспяхова прымае ўдзел у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, стала чэмпіёнкай раёна па валейболу. Акрамя таго, паказвае высокія вынікі ў лыжных спаборніцтвах, займаецца турызмам. На абласных спаборніцтвах па пешаходнаму турызму, якія праходзілі некалькі год таму, Мікіта Павец і Наталля Быкава сталі пераможцамі.

Не першы год паспяхова абараняе гонар школы на спартыўных мерапремствах вучаніца дзясятага класа Аляксандра Панамарова. Сёлета ўпершыню выступаюць у складзе каманды нашай школы Сабіна Маркава і Сяргей Мірановіч. Спадзяюся, што і ў гэтым годзе юныя спартсмены выступяць дастойна.

Гучыць зычны загад “На старт!” — і юныя спартсмены выходзяць на бегавую дарожку. Увесь час, назіраючы за легкаатлетамі, захаплялася іх спрытам, фізічнай загартоўкай.

Барацьба выдалася напружанай. У час спаборніцтваў на плошчы не сціхалі бадзёрыя воклічы балельшчыкаў, якія заўзята падтрымлівалі свае каманды.

І вось наступае хвалюючы момант узнагароджання пераможцаў. Сярод навучальных устаноў першае месца заняла каманда сярэдняй школы № 1, другое прысуджана юным спартсменам Заслонаўскай СШ, а трэцяе месца заняла каманда сярэдняй школы № 3.

Сярод арганізацый і прадпрыемстваў першае месца прысуджана камандзе ўстановы аховы здароўя “Лепельская аблпсіхбальніца”, другое — Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, а трэцяе — спартсменам Лепельскага РАУС. Сярод каманд аграгарадкоў першае месца заняла Слабадская каманда, другое — каманда аграгарадка Стаі, а трэцяе — аграгарадка Камень. Сярод сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў добрыя вынікі паказала каманда дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, якая ўзнагароджана спецыяльным прызам.

Разам з цёплымі словамі віншаванняў начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Дзямко уручыў камандам-прызёрам Дыпломы і святочныя нумары раённай газеты “Лепельскі край”. Каманды-пераможцы сярод аграгарадкоў узнагароджаны Дыпломамі аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама. Каманды, якія занялі першыя месцы, па традыцыі ўзнагароджаны Кубкамі.

Прыемна было назіраць, як балельшчыкі ад душы віншуюць сваіх калег і сяброў, радуюцца іх перамогам. Гэта нашы дарагія чытачы, якія даюць галоўную ацэнку нашай рабоце.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымках: начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Дзямко віншуе з перамогай прадстаўніка каманды ўстановы аховы здароўя “Лепельская аблпсіхбальніца”; каманда сярэдняй школы № 1 — лідар сярод навучальных устаноў.

Фота аўтара.  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.