Невядомых на 14 менш

Таццяна да пошукавай дзейнасці мужа, настаўніка гісторыі Слабадской школы Валерыя Тухты, ніякіх адносінаў не мае. Гэта Валерый з сынам Яраславам ды школьнікамі-ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка “Нашчадкі” апантаныя пешшу ды на вела­сіпедах з’ездзілі ўсё наваколле, даследуючы месцы былых баёў, збіраючы інфармацыю ад сведкаў, якія яшчэ засталіся жывыя. Тым больш дзіўна, што невядомыя ў сне звярнуліся менавіта да Таццяны. Валерый усю інфармацыю прывык

правяраць, больш за дзесяць гадоў мэтанакіравана збірае звесткі пра партызанскую брыгаду “Чэкіст”. Найперш шлях ляжаў у архівы.

На вялікае шчасце, пра дзейнасць “Чэкіста” ў фондах захавалася даволі шмат дакументаў. Сярод іншых было і некалькі запісаў адносна бою за Новыя Валосавічы.

 Акупанты размясцілі ў Новых Валосавічах гарнізон, які складаўся з двух нямецкіх афіцэраў і чалавек з 50 паліцаяў. Яны і наводзілі “новы парадак”.

 Камандаванне брыгады “Чэкіст” прыняло рашэнне знішчыць гарнізон, які, шчыра прызнацца, моцна непакоіў партызанаў. Для гэтага былі выдзелены тры атрады, якія павінны былі ўзяць вёску з трох бакоў у “абцугі”. Дарогу на Лепель, адкуль магло да фашыстаў прыбыць падмацаванне, узялася прыкрываць партызанская брыгада Дубава. Яна, дарэчы, са сваёй задачай справілася бліскуча, ніводзін салдат на дапамогу атакаванаму гарнізону не пра­біўся.

 У цэнтры на Валосавічы наступаў атрад партызанскага камандзіра Сцяпана Якімава. Паколькі яму выпадала выконваць асноўную баявую задачу, то да падраздзялення прыдалі некалькі кулямётаў з іншых атрадаў.

 Партызаны меркавалі, што акупанты размясціліся ў будынках царквы і школы, перад якімі — адкрытая прастора, якая добра прастрэльваецца з кулямётаў. Аднак дакладнай інфармацыі не мелі. Падышоўшы да вёскі ў ноч з 24 на 25 лістапада 1942 года, а 21.00 атрады пайшлі на штурм.

 Паліцэйскі гарнізон аказаўся выдатна падрыхтаваным да абароны. Акупанты размясціліся ў будынку былой школы, вакол якога ўзвялі другую сцяну, а паміж імі засыпалі зямлю. У сценах прапілавалі амбразуры для кулямётаў. Наступаючых сустрэлі шквалам агню, галавы не падняць. Да таго ж, атрады не змаглі наладзіць узаемадзеянне ў баі. Першым сха­піўся з праціўнікам атрад пад камандаваннем Якімава. Пад шчыльным агнём гітлераўцаў партызаны заляглі, пачалася інтэнсіўная страляніна. Неўзабаве да бою далучыўся атрад Аляксандра Шамарына. Страляніна не сціхала, грымелі выбухі гранат, але ні адзін бок не мог наважыцца на рашаючую атаку. Партызаны адступілі.

 З іншага боку ўдарылі байцы атрада Аляксандра Сямдзянкіна. Зноў бой, страляніна, выбухі, аднак поспеху і гэта партызанская атака не прынесла.

 Страты праціўніка склалі дзевяць чалавек забітымі. Страты партызанаў — 13 забітых і двое палонных. Яно і не дзіўна: партызаны наступалі па адкрытай прасторы, а паліцаі ся­дзелі ва ўмацаваным укрыцці, добра падрыхтаваным да абароны. Раніцай ворагі павялі палонных расстрэльваць, аднаго знішчылі, а другому ўдалося збегчы з-пад самага расстрэлу.

 У баі загінуў камандзір узвода атрада Якімава Аляксандр Плотнікаў. Адным з першых яго і скасіла варожая куля. У гэтым жа атрадзе служыла медсястрой яго жонка Праскоўя. Жанчына кінулася да мужа, хацела выцягнуць з-пад абстрэлу, аднак паспела толькі дабегчы, каб прыкрыць сабой.

*   *   *

 На другую ноч партызаны планавалі паўтарыць штурм. Зноў трыма атрадамі падышлі да Новых Валосавічаў, затаіліся. Пасланая наперад разведка данесла, што паліцаяў у вёсцы няма, збеглі яшчэ днём, прадчуваючы новую, яшчэ больш рашучую і лепш арганізаваную, атаку і маючы востры недахоп боепрыпасаў.

 Загінулых байцоў пахавалі на вясковых могілках. Гэту падзею добра запомніў жыхар Новых Валосавічаў Уладзімір Харлёнак, якому на той час было сем гадоў.

 — Яму выкапалі шырокую, каля трох метраў. Зрабілі труну, у якую паклалі мужа і жонку, астатніх паклалі так. Памятаю, як мужчыны рабілі гэтую дамавіну, жанчыны плакалі, як панеслі целы на могілкі. Туды пайшлі толькі дарослыя, а нас, малечу, не пусцілі.

 Магілу даглядалі яшчэ некалькі гадоў пасля вайны, нават зладзілі драўляную агароджу. З гадамі месца пахавання забылася, зарасло быльнікам. Асабліва пасля таго, як у вёсцы быў адкрыты помнік вызваліцелям, уся ўвага была скіравана да яго. Нават імёны і прозвішчы байцоў не захаваліся.

 Пошукавая дзейнасць і зварот у архівы пралілі свет на яшчэ адну белую пляму гісторыі, яшчэ на 14 невядомых абаронцаў Радзімы стала менш. Валерый Уладзіміравіч, а таксама Жэня Пшонка, Саша Аўтушка, Арцём Астаповіч, Міша Босы і іншыя актывісты “Нашчадкаў” па драбніцах ад мясцовых жыхароў сабралі ды запісалі інфармацыю пра той памятны бой, пра месца захавання загінулых партызанаў.

 Потым пачалася новая, не менш карпатлівая, праца па ўвекавечанні памяці. Да яе падключыўся Новавалосавіцкі сельсавет, і ў прыватнасці старшыня сельвыканкама Тамара Хацкевіч. Было прынята рашэнне не ўзводзіць пампезны мемарыял, а проста паставіць памятны знак з указаннем прозвішчаў усіх пахаваных у брацкай магіле.

 Напярэдадні свята Перамогі адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака, у якім удзельнічалі ўсе, хто спрычыніўся да гэтай важнай падзеі. Уладзімір Харлёнак дзяліўся дзіцячымі ўспамінамі. Адзіны ветэран вайны, які сёння жыве ў Новых Валосавічах, Мікалай Лях прынёс вянок. Мікалая Маркавіча прызвалі ў дзеючую армію ў жніўні 1944 года, ваяваў на І Беларускім фронце, штурмаваў Берлін. У вулічных баях атрымаў цяжкае раненне. Як вярнуўся ў сваю часць, заспеў там толькі некалькі сяброў, з якімі пачынаў штурм фашысцкага логава, усе палеглі ў жорсткіх баях.

 Прысутнічалі тут і “Нашчадкі”, і вучні з мясцовай школы. Усе выступоўцы адзначалі важнасць таго, каб памяць пра вайну не заставалася простым наборам інфармацыі, каб яна жыла ў народзе, каб традыцыі шанавання загінулых перадаваліся новым пакаленням.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: “Нашчадкі” ля мемарыяльнага знака.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.