Не дапусціць забруджвання

IMG_0521Рэйдавая брыгада наведала шэраг вытворчых аб’ектаў з мэтай папярэджання шкодных выкідаў. КУВСГП “Лепельскае” мае больш дзясятка вытворчых адзінак. Першай стала рамонтна-механічная майстэрня ў Вялікім Поўсвіжы.
Мехдвор і пляцоўка для захоўвання тэхнікі — у належным стане, звалак смецця няма. Майстэрня агароджана, усюды парадак. Падаліся да малочнатаварнай фермы.

Тут адкрылася іншая карціна. Ферма ў Вялікім Поўсвіжы новая, нядаўна пабудаваная і ўведзеная ў эксплуатацыю. У асноўным там парадак, гной своечасова выдаляецца і вывозіцца на поле. Аднак уздоўж аднаго з памяшканняў пракапана канава для адводу вады. Далей вада па трубе павінна сцякаць у спецыяльны вадаём. Відаць, з восені труба не чысцілася. Вада зараз па ёй не праходзіць, падступіла пад самыя сцены кароўніка.
Да фермы ў Малым Поўсвіжы дабраліся з цяжкасцю, дарога моцна разбітая. Можна ж было б каўшом “Амкадора” хоць крыху падчысціць ад ледзяных глыжоў двор фермы, пад’езды.
Пасля Малога Поўсвіжа шлях ляжаў на ферму ў Паддуб’е. Там акрамя недобраўпарадкаванай тэрыторыі сустрэлі яшчэ адно грубае парушэнне — нерацыянальнае выкарыстанне вады. Яна струменіла з воданапорнай вежы.
Ферма ў Зялёным Востраве мае здавальняючы стан. Па дарозе зазірнулі на міні-палігон цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Тэрыторыя абвалована, абазначана належным чынам.
У Старых Валосавічах на ферме гной ссунуты ў вялікія кучы. Комплекс знаходзіцца на пагорку, і вада з гноем расцячэцца па наваколлі. Як жа быць у такой сітуацыі? Неабходна тэрмінова вывозіць арганіку на палі! Тым больш, што ў хуткім часе пачнецца пасяўная кампанія, і на гэта застанецца мала і часу, і рэсурсаў.
Заехалі на мехдвор у Грыгаравічах. Там парадак, забруджвання не выяўлена. А вось на ферме паблізу — карціна іншая. Двор і прылеглая тэрыторыя засыпаны рэшткамі гною, сенажу. Ля агароджы ляжаць некалькі старых, пакрышаных бетонных пліт, якія выкарыстоўваць ужо немагчыма, толькі месца загрувашчваюць. А воданапорная вежа ўяўляе сабой ледзяны слуп.
На ферме ў Людчыцах гноевая жыжа разліваецца ад транспарцёра ў гноесховішча, якое запоўнілася да краю, тэрмінова трэба вывозіць арганіку на палі. На ферме ў Горках — парадак на двары і ля сянажных траншэй. Аднак загон для выгулу кароў мае агароджу з металічных труб. Ферма знаходзіцца на ўзгорку, унізе — Гарадзінецкі ручай. Вада з гноем пацячэ туды і далей — у Улу. Варта было б нейкім чынам засцерагчыся ад такога ўрону прыродзе. Дарэчы, гэтыя вытворчыя аб’екты — уласнасць ААТ “Лепельаграсэрвіс”.
На ферме Цаліна ў асноўным парадак. Частка будынкаў яшчэ ўзводзіцца, але некаторыя ўжо функцыянуюць. На сябе звярнуў увагу невялікі груд калійнай солі на зямлі пад адкрытым небам. Калі соль патрэбна на аб’екце, то яе варта было б насыпаць у складзе, пад дахам, каб засцерагчы ад размывання па зямлі.
Яшчэ адзін міні-палігон цвёрдых камунальных адходаў знаходзіцца на месцы былога гаспадарчага кар’ера. Ён заснежаны, відаць, што туды вяскоўцы не вывозілі смецце ўжо некалькі месяцаў.
Раённы палігон захоўвання ЦКА стаў наступным пунктам рэйду. Там разгружаліся дзве машыны: смеццявоз з КУВП “Бароўка” і ГАЗ-самазвал. Да смеццявоза ніякіх пытанняў не было, а вось да другой машыны — узніклі адразу. Аказалася, што сваё смецце вывозіў Лепельскі малочнакансервавы камбінат. Між тым, у нарматыўных дакументах дакладна ўказана, што на сметнік вывозіцца смецце, якое нельга выкарыстоўваць іншым чынам, а другасныя матэрыяльныя рэсурсы (ДМР) павінны накіроўвацца ў перапрацоўку. Да такіх адносяцца шкло, папера, драўніна. Аднак у кузаве самазвала больш паловы было паперы, некалькі кавалкаў шкла, тры драўляныя паддоны. Гэты выпадак — нагода для больш грунтоўнага разбору.
Напрыканцы заехалі на мехдвор Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі. Зафіксавалі парадак на пляцоўках захоўвання і разбору тэхнікі, ля рамонтных майстэрняў, ля складоў мінеральных угнаенняў.
Паводле вынікаў рэйду складзены рэкамендацыі кіраўніцтву сельгасарганізацый на ліквідацыю выяўленых недахопаў і недапушчэнне іх у далейшай працы.
Рэйдавая брыгада:
Валерый МАСЛЕНКА,
інспектар інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя,
Васіль МАТЫРКА,
журналіст.
На здымку: запоўненае гноесховішча на ферме ў Людчыцах.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.