Новы год з Балотнікам

Ніводзін Новы год не праводжу дома, каб кожны захаваць у памяці да скону жыцця. Куды кінуцца на гэты раз? Цмока я ўжо знайшоў напярэдадні галоўнага свята года ў Вялікіх Плотках. А ці не падацца мне на спатканне з Балотнікам? Яны ёсць у кожным балоце, як Вадзянік у кожным вадаёме.

Незадоўга да навагодняй апоўначы загрузіў рукзак хатнімі дрывамі, палаткай, іншым валацужным рыштункам і рушыў у прыгараднае балота. Блізкае — ад майго трохпавярховіка роўна кіламетр. Блізкасць горада Балотніка не палохае — не было б там яго, не было б і балота.

Загадзя абследаваў маршрут. Ад старой даваеннай дарогі на аэрадром, што будавалася ў абход Гарбатага моста, пакуль ён узводзіўся, на пляцоўку для складавання жвіру адгаліноўваецца кароткая насыпная жвіроўка. Яе з абодвух бакоў атачае непрасыхальнае балота, а дакладней — жвіроўка яго разрэзала. На бакавінах праезнай часткі растуць тры сасны — навагоднімі ёлкамі паслужаць.

Ідзём! Пытаю:

— Чуеш, як Балотнік вухкае?

— Гэта самалёт ляціць, — нішчыць мае летуценні вандроўніца Аглафіра. — І больш, прашу, пра містыку — ні слова. Мне і без яе страшна.

Маўчу. А з самога так і прэ сказаць, што сляды на толькі што выпаўшым снезе не іначай як Балотніка. Але адважваюся толькі на тое, каб моўчкі паказаць на іх.

— Сабака нядаўна прабег, — папулярна тлумачыць Аглафіра.

Спрачацца не стаў, каб не злаваць маладзіцу, а то зараз жа дахаты папрэ.

Месца выбрана. Палатка пастаўлена. Наўкола — свежы снег пры нулявой тэмпературы, які прысыпаў прывезеныя нейкім лэйбусам пластыкавыя і шкляныя бутэлькі. Балота злева, балота справа.

Палае вогнішча, хвілінная стрэлка набліжаецца да лічбы 12, а Балотнік не з’яўляецца. Клічу яго. Аглафіра забараняе — магу ўвесь горад сюды склікаць.

Надвор’е адмысловае. Настрой цудоўны. Нават забывацца пачалі на галоўную мэту нашага валочання сюды.

Апоўначы падымаем конаўкі за Новы год. Раптам чуем рытмічны плёскат. Кідаем у той бок позіркі. З балота набліжаецца хтосьці чорны. Цёмная постаць павялічваецца — нізкая, але доўгая. Дзік!

Прызнаюся, напалохаліся. Пакуль з цемры на святло не высунуўся вялізны звер. Дык гэта ж канандойлеўскі міфічны сабака Баскервіляў!

Экскурс у гісторыю. 2008 год мы з Аглафірай сустракалі ля ляснога возера на Сінім балоце, што паміж аўтазапраўкай і аўтапаркам №14. Тады нас напалохаў велічэзны сабака, які міралюбіва з’еў нашы аб’едкі і пайшоў туды, адкуль прыйшоў.

Клянуся, гэта быў той самы сабака! Дык ці магла жывёліна чатыры гады бадзяцца па гарадскім наваколлі, каб зноў у навагоднюю ноч да нас прыйсці? Трызненне! Частую даўняга сябрука не толькі аб’едкамі, але і свежай каўбасой. Хто ж ты, звер ці міф? І раптам мазгі свідруе здагадка — Балотнік у вобразе страшэннага сабакі нас другі раз наведвае!

— Фотаапарат давай! — крычу Аглафіры.

Паспяваю зрабіць адзін фотаздымак. Пакуль шукаю пазіцыю для другога, сабака быццам у паветры раствараецца.

— Дзе ён? — крычу.

Аглафіра толькі рукамі разводзіць — знік непрыкметна.

Не сумняваліся, што нас другі раз наведаў Балотнік. Больш на гэтым месцы не было чаго рабіць, тым больш снег пасыпаўся. Склалі палатку і пасунуліся дахаты.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.