Нябесная схватка

У канцы вайны на вачах маіх аднавяскоўцаў з Верабак у паветраным баі сышліся два самалёты: з зоркай — савецкі і з чорным крыжам — нямецкі. Абодва ўпалі непадалёк ад вёскі. У дзяцінстве мы хадзілі да самалётаў і разжываліся то кавалачкам плексігласа, то тэрмітным патронам… А потым выхваляліся перад сябрамі знаходкамі. Пазней, калі вучыўся ў школе, з узростам, пачалі непакоіць сталыя думкі: а хто быў у самалётах і што сталася з экіпажамі. Адрасаваў лісты ў рэдакцыі газет і архіўныя ўстановы з просьбай дапамагчы знайсці адказы, аднак пытанні павісалі ў паветры.


“Самалётныя” лыжкі
Хуткакрылай ластаўкай праляцеў час, наступіў 2013 год, які дзіўным чынам адцяніў трагедыю мінулага.
…Мікалаю Прускаму, майму земляку, цяжка хадзіць у восемдзесят гадоў. Пакутуе ад высокага ціску. Дарэчы, ён ведае аб самалётах усё. Да таго ж быў відавочцам трагічнай сутычкі нямецкага самалёта з нашым у чэрвеньскім небе 1944-га года. Назіраў, што называецца, на далоні. «Часам нібы бачу іх упартыя погляды», — кажа Мікалай Дзмітрыевіч пра лётчыкаў, і я зноў прашу распавесці аб тым баі .
— Яны з’явіліся ў небе адначасова. На другім віражы наш самалёт задыміў, і немец, трымаючыся на хвасце, здавалася, святкаваў перамогу. Дарэмна. Неўзабаве з самалёта з крыжамі на крылах таксама паваліў дым, і абедзве машыны па выцягнутай парабале пікіравалі на зямлю. Прагрымеў выбух. Першым пабываў ля месца падзення мой дзядзька Кузьма Прускі, ён і расказаў пра ўбачанае. Наўкол глыбокай ямы, дзе знайшоў апошні прытулак варожы самалёт, стаялі абпаленыя дрэвы, на галінках боўталіся абгарэлыя рэшткі парашута: відаць, лётчык рыхтаваўся да скачка, ды не паспеў. Пазней бачылі асобныя фрагменты чалавечага цела…
Чырваназорная крылатая машына больш-менш захавалася. Самалёт сеў “на жывот”, зрэзаўшы верхавіны дрэў. Месца стралка было ў плямах крыві. Лётчыкі выжылі, відаць, падаліся да сваіх. Ваенныя трафеі мае землякі пусцілі ў справу: парашут выкарысталі на жаночыя спадніцы, абшыўка самалёта пайшла на выраб алюмініевых лыжак.
— Лыжкі зрабілі, а есці імі не было чаго: акупанты і народнікі выграблі апошнія запасы, — падсумоўвае аповед Мікалай…
— Сталі вядомыя імёны лётчыкаў, — паведамляю суразмоўцу….
— Няўжо? — схамянуўся Мікалай. — Ну, ну, раскажы…
І я выкладваю ўсю вядомую мне інфармацыю. Краязнаўцы Валерый Тухта і Васіль Хацкевіч у гэтым годзе адкрылі імёны савецкіх лётчыкаў. І зараз можна аднавіць карціну паядынку па дакументах.
Радкі з узнагароднага ліста
…22 чэрвені 1944 года пачалася грандыёзная наступальная аперацыя «Баграціён» па вызваленні Беларусі. 28 чэрвеня фашысты пакінулі Лепель. На наступны дзень звяно «Ілаў» на чале з вядучым, украінцам Іванам Бойкам з 949-га штурмавога авіяпалка 221-й авіядывізіі, атрымала загад разведаць абстаноўку па той бок Бярэзіны і нанесці ўдар па вялікай колькасці варожых часцей. Месца паветранага стралка ў самалёце старшага лейтэнанта Бойкі заняў старшына Карымжан Канафін з Кустанайскай вобласці Казахстана.
Вось радкі з узнагароднага ліста, у якім былі апісаны дзеянні лётчыкаў:
«29 чэрвеня, праводзячы разведку боем у раёне Бягомля, група Іл-2 была атакавана двума знішчальнікамі праціўніка… Першая атака была паспяхова адбіта. На другім заходзе адзін з «Фокераў» патрапіў пад прыцэльны агонь Канафіна і, атрымаўшы значныя пашкоджанні, са зніжэннем пайшоў на сваю тэрыторыю. Другі знішчальнік падчас трэцяй атакі здолеў падбіць самалёт Бойкі, пры гэтым Канафін быў паранены, але працягваў весці агонь з кулямёта. Выходзячы з бою на пашкоджаным самалёце, пілот вымушаны быў зрабіць пасадку ў лясным масіве недалёка ад Верабак…»
Апісанне бою трохі разыходзіцца з тым, што назіраў на свае вочы Мікалай Прускі. Дык гэта натуральна. Якая памяць можа захаваць усе дэталі на працягу дзясяткаў гадоў! Важнае ўдакладненне са слоў паветранага стралка Канафіна: «Адзін з нямецкіх самалётаў амаль ушчыльную наблізіўся да нашага. Надзейна ўзяўшы «Фокер» у прыцэл, я амаль ва ўпор расстраляў яго чаргой з кулямёта. Пакідаючы чорны шлейф дыму, немец пайшоў на зніжэнне… У лічаныя секунды атака паўтарылася… Наш самалёт двойчы скаланула, асколкам снарада заклініла кулямёт… Камандзір рабіў адчайныя спробы спланіраваць. Але машына не паддавалася кіраванню…
Зямля неслася насустрач: удар! Камандзір першым прыйшоў у сябе, і, убачыўшы, што я паранены, кінуўся на дапамогу…»
Праз тры дні лётчыкі дабраліся да свайго аэрадрома. Успаміны былі запісаны ўжо пасля вайны, якую Карымжан Канафін скончыў з ордэнамі і медалямі. Калі верыць звесткам, ён здзейсніў 132 баявыя вылеты і збіў яшчэ пару варожых паветраных машын. Напэўна, ужо на іншых самалётах, бо вядома, што ўжо пасля выканання 80 заданняў экіпажам «Ілаў» прысвойвалася высокае званне Героя Савецкага Саюза. Так шанавалася іх праца.
Карымжану пашанцавала: ён скончыў вайну і вярнуўся на радзіму, а яго камандзір Іван Бойка застаўся на полі бітвы пад Кёнігсбергам, атрымаўшы смяротную рану пры налёце варожай авіяцыі на савецкі аэрадром.
Удакладненне Сяргея
Жукава
Імя збітага нямецкага пілота стала вядома пазней. Праглядаючы матэрыялы на сайце «Проза.ру», звярнуў увагу на аўтара Сяргея Жукава, які выклаў сабраныя ім звесткі пра ўсіх ваенных авіятараў Германіі, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне. Папрасіў Сяргея прааналізаваць дзень 29 чэрвеня 1944 года ў раёне майго роднага краю. Неўзабаве атрымаў абнадзейлівы адказ: «У гэты дзень у немцаў была толькі адна страта — у раёне Беразіно». Стала зусім ясна , што гаворка ідзе пра самалёт, з якім сутыкнуўся ў баі экіпаж Івана Бойкі. Для большай дакладнасці напісаў ліст у нямецкі Бад-Арользен — пошукавую міжнародную службу. Акуратныя немцы пераслалі яго ў Берлін — па прызначэнні: у Deutsche Dienststelle — службу, якая займаецца лёсамі былых салдатаў вермахта. Праз няпоўны месяц я атрымаў адказ ад фраў Курзава. Сапраўды: Ойген Браўн, лётчык нямецкіх люфтвафэ, прапаў без вестак 29.06.44 у раёне Беразіно пад Мінскам. «Пад Менскам»… Вось што ўнесла блытаніну ў пошукі загінулага лётчыка! Горад Беразіно ў Мінскай вобласці і пасёлак Беразіно ў Віцебскай — два розныя населеныя пункты.
Кар’ера
Браўна
Ойгену было 20 гадоў. Пачынаў ваенную кар’еру на Заходнім фронце. Каб супрацьстаяць савецкаму наступу ў Беларусі, яго полк — 3-я група 11-й знішчальнай эскадры (дывізіі) — была перакінута на ўсход і базіравался пад Мінскам на аэрадроме Дакудава. Момант разгортвання нямецкага падраздзялення назіраў Алег Лазараў, аўтар мемуараў «Лятаючы танк». 100 баявых вылетаў на Іл-2, а ў мінулым — лётчык таго ж 949-га Віцебскага штурмавога авіяпалка. «Толькі пасля вайны, праз шмат гадоў, я зразумеў прычыну цікавасці камандавання да Дакудава… Аказваецца, у ноч на 26 чэрвеня 126 нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў здзейснілі налёт на Смаленск. Каля 450 фугасных бомбаў, якія зваліліся ў розных месцах, прычынілі немалыя разбурэнні. Частка з іх мела ўзрывальнікі запаволенага дзеяння, што ўскладняла аднаўленчыя работы на чыгуначных шляхах…»
…“Фоке-Вульф” Ойгена Браўна вылецеў 29 чэрвеня па курсе на Беразіно — да пасёлка за Бягомлем, дзе і быў сустрэты прыцэльным агнем савецкага штурмавіка.
Знішчальны полк быў сфарміраваны практычна адначасова з савецкім 949-м штурмавым у маі 1943 года для абароны Германіі і дыслакаваўся ў Ноймюнсцеры, на поўначы рэйха, па суседстве з Даніяй. Адбіваючы атакі бамбардзіровачнай авіяцыі атлантычнага альянсу, пілоты 11-й эскадры лёталі таксама над Нарвегіяй і Францыяй.
Памятаеце, Канафін успамінаў, што «немец» «амаль ушчыльную наблізіўся» да іх машыны. Мабыць, ён усё яшчэ кіраваўся тактыкай паветранага бою з заходнімі пілотамі. Праўда, не ўлічыў двух складнікаў. Казах Карымжан Канафін страляў трапна, а ўзброены быў экіпаж гарматна-кулямётнымі стваламі, што называецца, пад завязку: меў дзве 23-мм гарматы, два 7,62-мм кулямёты і адзін 12,7-мм абарончы кулямёт у задняй кабіне. Пры выкананні штурмавых дзеянняў Іл-2 нёс пад крыламі ракеты РС-82 або РС-132, а ў спецыяльны люк загружаліся бомбы агульнай вагой да 600 кілаграмаў.
Лётчыкі знішчальнай авіяцыі Германіі пабойваліся нашага штурмавіка, называючы Іл-2 «Schlдchter» («мяснік»). Стваральнікі ахрысцілі яго «лятаючым танкам». Такім чынам чырваназорная машына яшчэ раз даказала сваю жывучасць.
Напрыканцы вайны ўсё большая колькасць немцаў стала ўсведамляць: шлях, па якім ідзе фашызм, гібельны, а ідэя перавагі адной нацыі над іншай вядзе народ да поўнага краху. Менавіта ў гэты час ваеннымі рыхтаваўся замах на Гітлера.
Гісторыя паветранага супрацьстаяння над шырокай поймай Бярэзіны магла стаць здабыткам публічнасці значна раней. Тады быў жывы яшчэ Карымжан Канафін. Відаць, мае лісты ў розныя інстанцыі не прабівалі бюракратычную “браню” і не даходзілі да свядомасці адказных чыноўнікаў. Шкада, канечне, але “з песні радка не выкінеш”. Што было, тое было. Гісторыя не мае ўмоўнага ладу…
Васіль
АЗАРОНАК,
колішні жыхар
вёскі Верабкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.