Нябесны маэстра

Мікалаю Ерашову на каталіцкія Каляды споўнілася б 94 гады. На жаль, наш знакаміты зямляк, які нарадзіўся ў вёсцы Радунь, памёр 21 мая ў горадзе Ціраспалі. Мікалай Міхайлавіч настальгаваў па сваёй малой  ра­дзіме і пры любым зручным выпадку франтавік прыязджаў на Лепельшчыну, з задавальненнем гуляў па памятных мясці­нах, сустракаўся з землякамі. Пастаянным месцам наведвання была школа, дзе вучыўся разам з братамі і сёстрамі — усяго сямёра дзяцей гадавалася ў сям’і. Што цікава, трое з чатырох братоў Ерашовых — лётчыкі. Імем старэйшага брата Івана, Героя Савецкага Саюза, названа гімназія №1. Менавіта ён “заразіў” небам малодшых братоў.

Настаўніца Ала Міхайлава ўспамінала: «Заўсёды прыходзіў без папярэдніх званкоў у госці, як прыхо­дзяць да лепшага сябра альбо ў бацькоўскі дом, абавязкова прыносячы з сабой што-небудзь для школьнага музея. Не па гадах добра выглядаў і здзіўляў невычэрпным аптымізмам. Дзеці ўважліва слухалі змястоўныя аповяды франтавіка. Умеў падахвоціць, зацікавіць моладзевую аўдыторыю».

Мікалай Міхайлавіч наведваўся і ў краязнаўчы музей, перадаваў фота­здымкі, граматы, нават падарыў так званую лётную кнігу, якую карпатліва вёў з 1938 года. Мужны і кемлівы лётчык, знішчальнік, несумненна, зрабіў важкі ўнёсак у падмурак Перамогі — на яго гімнасцёрцы не змяшчаліся ўсе знакі вайсковай доблесці.  Радзі­ма высока адзначыла ратны подзвіг свайго вернага сына. Храбры паветраны ас уганараваны высокім званнем Героя Савецкага Саюза, узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі. Пралятаў усю вайну, ні разу не быў збіты ці паранены — народжаны ў кашулі.

Святкаваць Перамогу пачаў адным з першых у званні камандзіра звяна: 1 мая Берлін быў узяты і радыст іх лётнага палка калега адстукаў аб заканчэнні вайны. Пасля працягваў лётаць у небе роднай Беларусі і стаў камандзірам эскадрыллі. За сваё жыццё апрабаваў 19 тыпаў самалётаў, агульны налёт — звыш 1960 гадзін. З лётнай практыкі Мікалая Міхайлавіча асабліва вылучаюцца дзве падзеі: першая, калі снарад разарваўся ў непасрэднай блізкасці, сарваўшы абшыўку самалёта, а ён усё ж здолеў дацягнуць да аэрадрома; другая, калі на далёкай Чукотцы пад час вучэнняў заглух матор. Апошняе на той момант было дзіўным: нікому яшчэ не ўдавалася сесці ў раёне бухты Правідзення і застацца ў жывых. Гэты шчаслівы выпадак выратаваў не адно жыццё. Як аказалася пазней, спыненне рухавіка тлумачылася канструктарскім дэфектам, які затым ліквідавалі на ўсёй серыі самалётаў.

Землякі, каму хоць раз пашчасціла пагутарыць з нябесным маэстра, адклікаюцца аб ім як аб вельмі прыемным і простым, у добрым сэнсе слова, чалавеку. Нездарма ў 2004 годзе ён атрымаў званне «Чалавек года». Нельга не аддаць належнае і ўчэпістай памяці франтавіка: якое б пытанне яму не задавалі, нават у старэчым узросце, ён выразна адказваў, называючы і імёны, і прозвішчы, і даты.

Яўгенія ЛЯХ,

супрацоўніца  раённага краязнаўчага музея.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.