“Ой, калядачкі, бліны-ладачкі…”

Па плошчы разлятаюцца бадзёрыя гукі народных песень, не сціхае гармонік, усе жадаючыя з задавальненнем катаюцца на калядным вазку, ад душы весяляцца дарослыя і дзеці, — вось так, ярка і запамінальна кожны год на плошчы Свабоды праходзіць святкаванне вялікага праваслаўнага свята — Каляд.
З самай раніцы народнае свята сабрала шмат гасцей. Да сваіх пляцовак шчыра запрашалі ўсіх жадаючых работнікі гарадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў.

Ад душы частавалі гасцей апетытнымі стравамі на сваіх падвор’ях работнікі банкаў, Лепельскага электрамеханічнага, рамонтна-механічнага заводаў, хлебазавода, абласной псіхіятрычнай, цэнтральнай раённай бальніц, дзяржаўнага прафесійнага ліцэя…
Для маленькіх гасцей свята былі наладжаны гульнёвыя пляцоўкі, хлопцы і дзяўчаты варажылі на будучыню. Шырокі асартымент мясных і кулінарных вырабаў прапаноўваўся на багатых вітрынах Лепельскага райспажыўтаварыства. Усім узнімалі настрой цудоўныя выступленні мясцовых артыстаў, а разам з імі весела спявалі і танцавалі госці свята.
Самае ж галоўнае тое, што кожны з гасцей шчыра верыў у дзівосы вялікага свята, якое ажыццяўляе запаветныя мары, жаданні, узбагачае і ачышчае душу чалавека. Рэпартаж аб правядзенні свята чытайце, калі ласка, у наступным нумары раённай газеты.
С. МАКСІМАВА.
На здымку: шчыра запрашаюць гасцей да сваёй каляднай пляцоўкі самадзейныя артысты Лепельскага дзяржпрафліцэя.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.