Падарункі пачэснага госця

Павіншаваць з Новым годам, падарыць дзецям радасць у Лепель завітаў высокі госць з Мінска — памочнік старшыні эканамічнага суда СНД Аляксей Корачкін. Госці адразу накіраваліся ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, што на вуліцы Чуйкова. Наталля і Уладзімір Міхайлавы выхоўваюць васьмёра прыёмных дзяцей, а ў прыёмнай маці Людмілы Шнітко расце шасцёра дзетак. Хлопчыкам і дзяўчынкам былі ўручаны салодкія падарункі, самі ж дзеткі прачыталі для гасцей каля ёлкі вершы.


— Вы, дзеткі і дарослыя, пісалі лісты да Дзеда Мароза з просьбамі, — сказаў Аляксей Юр’евіч. – Дзядуля іх прачытаў і папрасіў мяне перадаць для вас падарункі: вам — цукеркі, а Наталля Мікалаеўна з Уладзімірам Аляксандравічам прасілі пыласос — вось ён. Людміла Іванаўна напісала пра камп’ютар — калі ласка, толькі вучыцеся добра ды будзьце паслухмянымі.
А пасля гасцей запрасілі выпіць па кубачку чаю з прысмакамі.
— Аляксей Юр’евіч, гэта акцыя першая ці падобныя праводзяцца рэгулярна?
— Я прадстаўляю не толькі эканамічны суд СНД, а і грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз юрыстаў”. У рамках саюза такія акцыі праводзім рэгулярна, а вось у рамках эканамічнага суда — упершыню. Пастараемся добрую традыцыю перанесці ў новую структуру, каб і надалей дарыць радасць тым, каму яна асабліва патрэбна.
— Чаму менавіта Лепель?
— Хацелася правесці мерапрыемства, як кажуць, не “для галачкі”, а прынесці радасць і карысць. “Для галачкі” нам дастаткова было б, вобразна кажучы, перайсці вуліцу, завітаць у першы, які патрапіцца, мінскі прытулак ці дзіцячы дом і там уручыць падарункі. Мы ж паставілі перад сабой іншую мэту, таму звязаліся з Міністэрствам адукацыі. Там нам параілі завітаць у Лепель. За некалькі дзён патэлефанавалі сюды, удакладнілі просьбы да Дзеда Мароза, маршрут…
У святочныя дні да дзяцей прыходзіла шмат гасцей, і кожнага сустракалі як самага дарагога, дарылі ў адказ усмешкі, радасць, зараджалі здаровым аптымізмам.
С. БАЗЫЛЬ.
На здымку: Аляксей Корачкін наведаў прыёмную сям’ю Наталлі і Уладзіміра Міхайлавых.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.