Падарыце любоў дзіцяці!

“Мама, мамачка, матуля… Твае вочы самыя добрыя і прыгожыя, твае рукі — самыя ласкавыя і пяшчотныя, а ўсмешка — самая мілая. Мне вельмі хочацца быць заўсёды з табой побач, дапамагаць у хатніх справах, рыхтаваць падарункі да святаў і гуляць па парку… Я так хачу, каб ты прыйшла да мяне, адзіная, дарагая, самая родная! Абяцаю, што я буду паслухмянай, стараннай, працавітай. Я заўсёды зразумею цябе. Прыйдзі да мяне, мама…”
Чытаючы гэтыя пранікнёныя радкі, немагчыма стрымаць слёз. Іх нярэдка можна прачытаць у сачыненнях юных выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Так здарылася, што гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі засталіся без бацькоўскай ласкі і цеплыні. І ўсё ж ім вельмі хочацца жыць у паўнацэннай сям’і, радавацца яркім момантам жыцця.

Дапамагчы дзіцяці-сіраце знайсці маму і тату мае магчымасць кожны жыхар нашага горада і раёна. Калі вы пакуль не гатовы да ўсынаўлення, можна ўладкавацца на работу ў якасці прыёмных бацькоў.
Што такое прыёмная сям’я? Гэта адна з формаў устройства дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на выхаванне ў сям’ю. Прыёмная сям’я ўтвараецца на падставе рашэння органа апекі і папячыцельства аб стварэнні прыёмнай сям’і, а таксама дагавора аб умовах выхавання, утрымання дзяцей і працоўнага дагавора, якія заключаюцца аддзелам адукацыі райвыканкама па месцы знаходжання органа апекі і папячыцельства, што прыняў рашэнне аб стварэнні прыёмнай сям’і (Палажэнне аб прыёмнай сям’і).
У цяперашні час у горадзе і раёне ёсць 31 прыёмная сям’я, дзе выхоўваецца 40 дзяцей, адкрыта два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзе расце 12 дзетак.
Стаць прыёмнымі бацькамі — гэта значыць, набыць шчаслівую сям’ю, дапамагчы тым, каму патрэбны вашы ласка і цеплыня, атрымаць аплочваемую работу педагога з поўным сацыяльным пакетам.
Калі вы перакананы, што сям’я павінна быць у кожнага дзіцяці, лічыце, што прафесійны сямейны клопат — гэта высакародная справа, згодныя з тым, што праблема дзяцей-сірот — гэта праблема не толькі дзяржавы, вы можаце на прафесійнай аснове прыняць на выхаванне ў сваю сям’ю дзяцей з цяжкім лёсам.
Спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра г. Лепеля гатовы пракансультаваць вас па ўсіх узніклых пытаннях, аказаць юрыдычную, псіхалагічную і педагагічную дапамогу.
Звяртайцеся, калі ласка, да нас па тэлефонах: 5-30-84, 5-30-82, або па адрасе: г. Лепель, вул. Віцебская, д. 2/8.
Падарыце дзецям-сіротам свае любоў, увагу, душэўную цеплыню — і лёс вас абавязкова ўзнагародзіць!
Наталля ЗАЙЦАВА,
педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.