Папярэднія падлікі

IMG_1284Першыя вынікі жніва падводзім у гутарцы з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васілём Чарэднікам.

— Васіль Анатольевіч, з якімі паказчыкамі раён завяршыў жніво?

 — Летась гаспадаркі раёна намалацілі 40600 тон зерня, сёлета ж удалося сабраць толькі 30057 тон. У бліжэйшыя дні будуць дажатыя апошнія плошчы, спадзяёмся атрымаць каля 30800 тон канчатковага валавога намалоту.

З-за вельмі неспрыяльных умоў надвор’я слаба ўрадзілі як азімыя, так і яравыя культуры. Калі летась на круг збіралі больш за 30 цэнтнераў, то сёлета — 21,7.

 — Якія культуры сёлета найбольш ура­джайныя?

 — Найперш — яравыя. 24 цэнтнеры з гектара далі пасевы ячменю, 25,2 — яравой пшаніцы, 25,5 — аўса. А вось азімыя — наадварот. З-за працяглай і снежнай зімы шмат азімых пасеваў загінула. Тыя, што змаглі выйсці з-пад снегу, аказаліся ў складаным становішчы, бо ў парасткаў заставалася мінімальная колькасць цукру і іншых пажыўных рэчываў, так неабходных раслінам у першыя дні вегетацыі. Шмат плошчаў давялося перасяваць. Хаця, напрыклад, некаторыя ўчасткі, засеяныя ўвосень пазней звычайнага, далі вельмі неблагія ўра­джаі. Аднак такога варыянта развіцця падзей не можа прадугледзець ні адзін аграном, ні адзін метэаролаг. Таму мы ў працы арыентуемся на вывераныя гадамі, навукова абгрунтаваныя тэхналагічныя тэрміны.

 — А ў разрэзе гаспадарак?

 — Самыя лепшыя паказчыкі — у СВФ “Заазер’е”. Там, напрыклад, яравая пшаніца дала ўраджайнасць у 41,9 цэнтнера з гектара. У ААТ “Ладасна” гэтая ж культура — 30,6 ц/га, СВП “Пражэктар” — 25,6 ц/га.

 — Як сельгасвытворцы мяркуюць распарадзіцца ўраджаем?

 — 6200 тон — дзяржаўны заказ. Дарэчы, вяскоўцы яго ўжо амаль выканалі. Далей — насенны фонд — аснова ўраджаю наступнага году. Для сяўбы спатрэбіцца каля трох з паловай тысяч тон зерня азімых і яравых збожжавых культур. Асноўная частка ўраджаю, каля 20 тысяч тон, пойдзе на фураж. Што б там ні казалі, усё ж такі кліматычныя ўмовы Лепельшчыны не вельмі спрыяльныя для вытворчасці харчовага збожжа. З іншага боку, мы бяром асноўны курс менавіта на жывёлагадоўлю, таму для нас першачарговай становіцца задача забеспячэння кармамі. Астатнюю частку ўраджаю гаспадаркі могуць рэалізаваць на свае патрэбы.

 — З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца падчас жніва?

 — Людзей і тэхнікі хапае. Асноўная праблема ў тым, што ў сельгасарганізацый не хапае абаротных сродкаў для своечасовых закупак          і стварэння пэўнага запасу паліва, змазачных матэрыялаў, запчастак. Мінеральныя ўгнаенні і сродкі аховы раслін куплялі з дапамогай дзяржавы.

 — Якія задачы стаяць перад вяскоўцамі на бліжэйшую перспектыву?

 — Пералічым на пальцах: убраць яравы рапс, насенныя травы. Адначасова з гэтым пачынаецца сяўба рапсу азімага. Гэта значыць, што трэба правесці ўвесь тэхналагічны цыкл: падрыхтоўка глебы, апрацоўка гліфасатамі, унясенне ўгнаенняў і, нарэшце, сама сяўба. У раёне ўжо пачалася ўборка кукурузы на сілас. Культуру трэба ўбраць з 3300 гектараў, закласці ў траншэі. Так што да зімы спраў бу­дзе яшчэ шмат.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.