Пасля рэканструкцыі

Завяршаецца рэканструкцыя на чарговым вытворчым аб’екце — ферме ў Слабадзе.
— Фактычна мы атрымалі новую малочнатаварную ферму, — кажа галоўны заатэхнік СВП “Пражэктар” Ганна Крыўко. — Дах, сцены знеслі і на іх месцы пабудавалі новыя. Уся праца зроблена літаральна на працягу года, засталося толькі дзе-нідзе завяршыць добраўпарадкаванне.


Новая ферма разлічана на ўтрыманне 400 галоў дойных кароў, аснашчана даільнай залай з сучасным абсталяваннем. Створаны ўсе магчымыя ўмовы для камфортнай, зручнай працы.
Побач прабурана свідравіна, узведзена воданапорная вежа, дзякуючы чаму аб’ект пераведзены цалкам на аўтаномнае водазабеспячэнне.
Прыменена і больш простая сістэма гноевыдалення. Няма транспарцёраў, якія часта выходзяць са строю. Замест іх — роўная падлога і шырокія брамы, праз якія можа заехаць “Амкадор” і за лічаныя хвіліны зрабіць работу, на якую раней ішлі гадзіны.
Загадчыцай новай фермы прызначана Анжэла Стажык, якая мае багаты вопыт у жывёлагадоўлі, адпрацавала ў галіне больш за 20 гадоў.
— 13 гадоў таму мы з мужам Мікалаем і сынамі пераехалі сюды з Валосавічаў. Гаспадарка выдзеліла нам асобную кватэру, крыху пазней пераехалі ў індывідуальны дом. Апошнія гады я працавала загадчыцай фермы ў Свядзіцы, узначальваю прафсаюзную арганізацыю прадпрыемства.

Мікалай — таксама на ферме, даглядае цялушак. З увядзеннем у дзеянне новага аб’екта мне прапанавалі перайсці. Падумала, пагадзілася.
На новай ферме ў Слабадзе пакуль у наяўнасці толькі будынкі і абсталяванне, перад новай загадчыцай стаяць цяжкія задачы — стварыць працоўны калектыў і сабраць высокапрадуктыўнае пагалоўе жывёлы. І ў гэтай справе Анжэле Мікалаеўне ёсць на каго раўняцца, з каго браць прыклад — ферма гэтай жа гаспадаркі ў Велеўшчыне з’яўляецца адной з лепшых у раёне, а мо і ў вобласці. На абноўленай ферме плануецца задзейнічаць не менш за 30 працаўнікоў.
У бліжэйшыя дні ў памяшканнях будзе пастаўлена першая група дойных кароў у колькасці 50 галоў, пачнецца асваенне абсталявання даільнай залы. Выхад жа на поўную вытворчую магутнасць размеркаваны на пэўны час, бо дойны высокапрадуктыўны статак збіраецца не за адзін дзень. Зараз жа ў хлявах фарміруецца група цельных цялушак.
Праект, вядома, не танны. Аднак і выгада відавочная. У бягучым годзе вытворчасць малака ў СВП “Пражэктар” мае стабільную плюсавую рэнтабельнасць — 12 працэнтаў. У бліжэйшай перспектыве плануецца яе захаваць, а ў выпадку зніжэння выдаткаў — павысіць. Так што за некалькі гадоў будаўніцтва акупіцца, прадпрыемства будзе мець стабільны даход, а людзі — годныя ўмовы працы.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.