Пастрэжжа

Вёска Пастрэжжа ніколі не была вялікім населеным пунктам, таму знайсці звесткі ў літаратуры пра гэтае паселішча даволі складана. На вялікі жаль, людская памяць не данесла да сёняшніх дзён паданне пра паходжанне назвы вёскі. Аднак існуе некалькі навуковых гіпотэз тлумачэння назвы паселішча. Прывяду адну з іх, як найбольш верагодную.

Па меркаванні этнографа Аляксея Глушко слова “пастрэжжа” паходзіць ад польскага “постшэжжэ”, што можа азначаць “на стражы”. Магчыма на месцы вёскі калісьці даўным-даўно мог існаваць вартавы пост — на памежжы некалькіх уладанняў. А можа ўжо ў тыя далёкія часы людзі дбалі пра захаванне прыродных багаццяў, і уладальнікі навакольных зямель пабудавалі леснічоўку. А яшчэ ёсць верагоднасць таго, што ў канцы 18 стагоддзя недалёка ад вёскі магла праходзіць дзяржаўная мяжа паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, бо пасля другога падзелу ў 1796 годзе тэрыторыі некалі магутнай Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй, частка Лепельшчыны адышла да Расіі, а частка заставалася ў складзе Рэчы Паспалітай. На месцы цяперашняга Пастрэжжа, мог быць вартавы пост паміж дзвюма дзяржавамі.

З пісьмовых крыніц вядома, што населены пункт Пастрэжжа існаваў ужо ў 1889 годзе як маёнтак Бярэзінскай воласці Барысаўскага павета. Уладальніцай гэтага маёнтка была Усціна Вільгельмаўна Брынк, дваранка па паходжанні, лютэранскага веравызнання. У яе ўласнасці мелася 300 дзесяцін зямлі.

На карце “трохвёрстцы” 1913 года вёска  пазначана як фальварак Подстрэжжа Бярэзінскай воласці Барысаўскага павета.

У 1924 годзе маёнтак Пастрэжжа  ў складзе Домжарыцкага сельсавета Барысаўскай акругі. На гэты час у вёсцы налічвалася пяць гаспадарак і 24 жыхары.У пачатку 30-х гадоў у вёсцы арганізаваны калгас “1-га Мая”. Першым старшынёй абраны Іван Блажэвіч.

На карце 1933 г. вёска пазначана пад назвай Пастрэжцэ. У вёсцы налічвалася 14 двароў.

Не абмінула вёску Вялікая Айчынная вайна. Размешчаная ў самым цэнтры Бярэзінскага запаведніка сярод непраходных балот і лясоў вёска была прывабным месцам для партызан. У дакладной запісцы сакратара мінскага абкама КП(б) Б І.Ф. Клімава сакратару ЦК КП(б)Б П.К. Панамарэнку “Аб рабоце Мінскага абкама КП(б)Б” ад 15 верасня 1942 года вёска ўзгадваецца як база партызанскага атрада Рамана Дзякава.

Пазней у навакольных лясах дзейнічалі партызанскія брыгады “Жалязняк”, “Дзядзькі Колі”, імя Кірава. За што вёска і паплацілася ў ліпені 1943 года. У час карнай аперацыі супраць партызан “Котбус” вёска была спалена і 66 яе жыхароў загублены.

З партызанаў і франтоў вайны не вярнулася дзевяць жыхароў Пастрэжжа. Пасля вайны ў вёсцы нанава адбудавана 18 хат.

У выніку пасляваенных адміністрацыйна-тэрытарыяльных пераўтварэнняў Пастрэжжа ў складзе Домжарыцкага сельсавета ўвайшло ў склад Лепельскага раёна Віцебскай вобласці.

Узімку 1963 года землі мясцовага калгаса былі перададзены Бярэзінскаму дзяржзапаведніку.

Людзі пакрысе сталі перасяляцца ў іншыя мясціны. Працы на той час хапала, а вось дзецям даводзілася дабірацца ў школу ў Пераходцы і Домжарыцы, што стварала вялікія нязручнасці.

Афіцыйна вёска Пастрэжжа перастала існаваць у 1975 г.

Валерый ТУХТА,

краязнавец.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.