Па вопыт у Швейцарыю

Паездка на аўтобусе заняла дзевяць сутак, шэсць з іх прыпала на дарогу ў абодва канцы, трое — знаходзіліся ў Швейцарыі. Дарогі як след добра­ўпарадкаваныя, як і прылеглыя тэрыторыі, прыдарожны сэрвіс на вышыні. Там смецця  ўздоўж дарог не ўбачыш — усё выкошваецца, выграбаецца, вымятаецца.

Тэрыторыя Швейцарыі па плошчы роўная Магілёўскай вобласці. Падзеленая на 26 кантонаў і шэсць паўкантонаў. Самы ніжэйшы ўзровень тэрытарыяльна-адміністрацыйнага падзелу — абшчыны. Іх болей за 2000. Жыве ў краіне 7252000 чалавек.

Краіна цалкам забяспечвае сябе сельгаспрадукцыяй. Яе выдаюць прыватныя сельгаспрадпрыемствы накшталт нашых сялянскіх гаспадарак, кожная з якіх належыць адной сям’і. Сельгасвытворчасцю займаюцца самі гаспадары, часам наймаючы работнікаў. Зямельныя ўгоддзі адной гаспадаркі складаюць 30 — 100 гектараў, пагалоўе жывёлы — ад 50 да 200. Некаторыя займаюцца птушкагадоўляй.

І гаспадары, і наёмныя работнікі працуюць добрасумленна. Там не разумеюць, што значыць не прыйсці на працу, прыйсці і нічога не зрабіць, рабіць абы як. Кожны ведае, што за належную працу атрымае адпаведную зарплату. У нядзелю — гарантаваны выхадны.

Беларусы наведалі дзве сельскія гаспадаркі сямейнага тыпу, якія перадаюцца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне. Адна з іх вырошчвае буйную рагатую жывёлу на мяса. 30 кароў мясной пароды ўтрымліваюцца дзеля патомства. Не дояцца. Малако спажываюць хіба што нованароджаныя цяляты. 26 бычкоў і цялушак не вырошчваюць да 400 — 500-кілаграмовай вагі, а па графіку здаюць на перасоўныя прыёмачныя пункты мясакамбінатаў у дзевяці- ці 10-месячным узросце. Метад утрымання — стойлавы бяспрывязны. Дадатковыя сферы дзейнасці — вырошчванне вінаграду на віно на 10 гектарах і абслугоўванне кандыцыянераў.

Другая гаспадарка займаецца малочнай авечкагадоўляй і птушкагадоўляй. Абсталявана механізаваная даільная зала. Як і паўсюдна ў Швейцарыі, вынік падлічваецца па канчатковай прадукцыі. У дадзеным выпадку гэта сыр. Рэалізуюць яго самі вытворцы. Улетку дзве сотні авечак пераводзяцца на пашавае ўтрыманне. Трэці год фермер утрымлівае 2000 курэй на яйкі і мяса.

 Жывёлагадоўчыя гаспадаркі займаюцца земляробствам выключна для забеспячэння раслінаводчай прадукцыяй цыклу жывёлагадоўлі. Жыта, пшаніцу, ячмень вырошчваюць на фураж, кукурузу — на сілас, травы — на сянаж і сена. Сіласная маса закладваецца не ў траншэі, а ў вежы, якія ў нас чамусьці не прыжыліся. Сена і сянаж закручваюцца ў рулоны, у полі­этыленавыя “панчохі” і захоўваюцца пад паветкамі ці нават на ўскрайку палёў, бо герметызацыя не прапускае атмасферныя ападкі. Вядома, усяго комплексу корманарыхтоўчай тэхнікі ў гаспадарках няма. Патрэбнае заказваюць у службах аграсэрвісу. Адтуль забяспечваюцца заа- ды аграспецыялістамі.

 Цэны на прадукты для нас — завоблачныя. Скажам, кубак кавы ў пераліку на беларускія рублі каштуе 50 тысяч. Але і ўзровень жыцця адпаведны. Сярэднямесячная зарплата ў краіне складае 4,5 тысячы еўра. З іх каля 2000 ідзе на аплату камунальных паслуг, падаткаў, іншых абавязковых плацяжоў.

 Удзельнікі паездкі наведалі міжнародную выстаўку сельскагаспадарчых жывёлы і тэхнікі.

 — Як нам дамагчыся швейцарскага ўзроўню развіцця сельгасвытворчасці?

 — Пачынаць трэба з фарміравання ў работнікаў усведамлення важнасці асабістага ўкладу ў агульную справу, — адказаў Вячаслаў Храмцоў. — Трэба, каб кожны механізатар, даярка, палявод разумелі, што агульнае — гэта іх асабістае, бо ад агульных дасягненняў залежыць дабрабыт кожнага. Астатняе паступова набудзецца. Яно ўжо прымнажаецца з году ў год.

Ц. ЭСЕНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.