Па дацкай тэхналогіі

Калісьці паміж вёскамі Забалацце і Падымхі дзейнічала жывёлагадоўчая ферма “Забалацце” саўгаса “Лепельскі”. З часам яна прыйшла ў заняпад з-за зносу памяшканняў. Засталіся пуставаць два хлявы, дзе адкормлівалі 1000 бычкоў. Кіраўніцтва закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт” вырашыла правесці рэканструкцыю пабудоў і размясціць у іх племрэпрадуктар. Там будуць утрымлівацца прадукцыйныя свінаматкі, якія дадуць такое ж патомства.

У дадатак начальнік племрэпрадуктара, ветурач і заатэхнік-селекцыянер шляхам скрыжавання парод будуць дамагацца прыплоду з высокім імунітэтам да ўздзеяння пабочных фактараў, фарміравання тушы ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі, падвойвання рэпрадукцыйных уласцівасцяў (колькасці прыплоду) свінаматак.

Адно жывёлагадоўчае памяшканне практычна дзейнічае. У ім утрымліваюцца 135 будучых свінаматак, закупленых у Даніі па 1000 еўра за галаву вагой 40 — 45 кілаграмаў.
Данію выбралі нездарма. У гэтай краіне з пяцімільённым насельніцтвам штогод даглядаецца 25 мільёнаў свіней. Вядома, такую колькасць свініны самі датчане спажыць не ў стане. Прадукцыя іх дзейнасці разыходзіцца па ўсім свеце, паколькі яе якасць адпавядае густу самых запатрабавальных спажыўцоў.
Датчане не проста збылі сваю прадукцыю беларусам, а самі ўзяліся курыраваць вытворчы працэс на ўмовах, што будзе прыменена дацкае ці па ўзгадненні з імі беларускае і ўкраінскае абсталяванне, будаўніцтва і мантаж весціся па іх праекце, утрыманне жывёлы праходзіць па іх тэхналогіі.
Племрэпрадуктар разлічаны на ўтрыманне 400 свінаматак і 4000 свіней розных узростаў. Жывёла будзе размеркавана па цэхах чакання, злучкі, апаросаў, дарошчвання, адкорму. Догляд жывёлы будуць праводзіць каля шасці рабочых.
Рэканструкцыя праводзіцца сваімі сіламі. Зараз выконваюць мантаж абсталявання другога хлява. Сёлета пабудуюць адміністрацыйны будынак, абгаро¬дзяць тэрыторыю. У будучыні мяркуюць узвесці трэці хлеў.
Для забеспячэння вытворчасці вадой “ажывілі” старую артэзіянскую свідравіну. Гной будзе сцякаць скрозь кратавую падлогу па трубаправодах у закрыты з усіх бакоў рэзервуар, адтуль рэгулярна адпампоўвацца ў ёмістасць, вывозіцца і ўносіцца на палі сельгаспрадпрыемства “Лепельскае”.
Для цеплазабеспячэння і падагрэву вады на тэхналагічныя і бытавыя патрэбы падведзены газ. Падтрымліваць у памяшканнях мікраклімат і дазіраваць кармы будзе аўтаматыка.
Рэканструкцыя фермы “Забалацце” і перапрафіляванне яе ў племрэпрадуктар заслугоўвае ўвагі ўжо тым, што служыць прыкладам выкарыстання аб’ектаў са здавалася б цалкам выпрацаваным рэсурсам. Гэта не адзіны прыклад на Лепельшчыне. Апошні — рэканструкцыя фермы “Звязда” сельгасфіліяла “Заазер’е”, аб чым неаднойчы інфармаваў “Лепельскі край”. Хацелася б спадзявацца, што добрая практыка не заглухне.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.
На здымку: газаэлектразваршчыкі Уладзімір Волчак і Анатоль Вабішэвіч манціруюць абсталяванне свінарніка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.