Пенсійныя нюансы

Пенсійнае заканадаўства ўдасканальваецца. Недасведчанаму чалавеку цяжка прасачыць за ўсімі зменамі і дапаўненнямі, таму і звяртаюцца ў рэдакцыю з рознымі пытаннямі па тэме. Мы згрупавалі пытанні і папрасілі адказаць на іх начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васіля Рававога.

— Васіль Усцінавіч, як вядома, наймальнік абавязаны ў дзесяцідзённы тэрмін з дня паступлення заявы ад будучага пенсіянера аформіць неабходныя дакументы і накіраваць іх у орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства заяўніка. Нашых чытачоў цікавіць, якія дакументы неабходна падаць для прызначэння пенсіі?

 — Вядома, трэба своечасова аформіць дакументы аб стажы, заробку і аб выніках атэстацыі рабочых месцаў, неабходныя для назначэння пенсіі, і своечасова прадставіць іх у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

  Штогод на работнікаў, якія ў наступным годзе дасягаюць пенсійнага ўзросту і набываюць права на пенсію, на падставе працоўных кніжак і асабістых картак працадаўца складае адпаведныя спісы. На аснове ўсіх сабраных дакументаў афармляецца прадстаўленне для прызначэння пенсіі.

 Што датычыцца заробку, то за перыяд работы да 1 студзеня 2003 г. ён пацвярджаецца даведкай, якая выдаецца працадаўцам. Заробак пасля названай даты пацвярджаецца выпіскай з індывідуальнага асабовага рахунку застрахаванай асобы ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Для гэтага працадаўцам ва ўстаноўленым парадку і патрэбныя тэрміны павінны прадстаўляцца ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь звесткі аб сумах выплат (даходаў) работнікаў, на якія налічаны і з якіх выплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы.

 — І тут узнікае праблемнае пытанне: што адбываецца, калі ў суб’екта гаспадарання маецца запазычанасць па страхавых узносах?

 — Непажаданая з’ява! Запазычанасць прыводзіць да выключэння гэтых перыядаў работы з агульнага стажу памяншэння памеру пенсіі…

 — Васіль Усцінавіч, ці залежыць камплект дакументаў ад пэўнага віду пенсіі?

 — Залежыць. Аднак абавязковымі для прызначэння любога віду працоўнай пенсіі з’яўляюцца  дакумент, які сведчыць асобу, узрост, месца жыхарства і грамадзянства: для грамадзяніна РБ — пашпарт грамадзяніна РБ; для замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства — нацыянальны пашпарт і (або) від на жыхарства; для непаўналетніх асоб, якія не дасягнулі 16 гадоў, — пасведчанне аб нараджэнні або пашпарт; дакументы аб стажы работы, працоўная кніжка, копіі дыпломаў, ваенны білет; дакументы аб заробку.

 — У нашай пошце ёсць і пытанні ад індывідуальных прадпрымальнікаў, непрацуючых грамадзян. Які алгарытм іх дзеянняў?

 — Зразумела, тут узнікаюць свае нюансы. Гэтыя грамадзяне павінны самастойна паклапаціцца аб своечасовым асабістым прадастаўленні неабходных дакументаў. Загадзя (не пазней як за месяц да ўзнікнення права на пенсію) варта звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне. Спецыялісты пракансультуюць наконт афармлення пенсіі, дапамогуць вырашыць праблему.

 — Прааналізуем такую канкрэтную сітуацыю. Работнік звярнуўся ў аддзел кадраў з заявай аб прызначэнні яму пенсіі па ўзросце. Аднак пры афармленні дакументаў высветлілася, што ў дадзенага работні­ка маецца спецыяльны стаж работы са шкоднымі і цяжкімі ўмовамі працы, занятасць у якіх дае права на пенсію па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы. Такім чынам, дадзены работнік меў права на прызначэнне пенсіі па ўзросце за работу па спiсе №2 на год раней, аднак не выкарыстаў яго. У рэшце рэшт грамадзянін  звярнуўся  ў суд з мэтай спагнання з аргані­зацыі сумы шкоды, нанесенай яму несвоечасовым афармленнем дакументаў, неабходных для прызначэння пенсіі па спiсе №2. Якая ступень віны наймальніка?

 — Працадаўца абавязаны за месяц да дасягнення работнікам пенсійнага ўзросту (у тым ліку паніжанага) і набыцця права на пенсію праінфармаваць  яго аб парадку выхаду  на пенсію. Пасля работнік афармляе заяву аб прызначэнні пенсіі і падае яго працадаўцу. Той факт, што працадаўца не паведаміў работніку аб неабходнасці афармлення пенсіі, не з’яўляецца перашкодай для асабістага звароту. Не выключаецца таксама і магчымасць звароту за пенсіяй непасрэдна ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства. Ступень віны наймальніка і, адпаведна, правамернасць прымянення да яго той ці іншай устаноўленай заканадаўствам меры адказнасці бу­дзе вызначана судом.

 — Васіль Усцінавіч, некаторыя грамадзяне не падаюць заяву аб прызначэнні пенсіі своечасова. Ці абавязаны яны па дасягненні пенсійнага ўзросту афармляць пенсію? Ці будзе выплачана пенсія за прапушчаны перыяд?

 — Прызначэнне пенсіі носіць заяўны характар і таму для рэалізацыі свайго права работнік павінен звярнуцца за прызначэннем пенсіі ва ўстаноўленым парадку. Звярнуцца можна ў любы час пасля ўзнікнення права без абмежавання якім-небудзь тэрмінам. Звяртацца за прызначэннем працоўнай пенсіі па  ўзросце магчыма  і да наступлення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, аднак не раней за месяц да ўзнікнення права на яе.

  Падаецца адпаведная пісьмовая заява ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне раённага выканаўчага камітэта. Пры гэтым працуючы  грамадзянін падае заяву па месцы апошняй працы. Пенсія па ўзросце прызначаецца з дня звароту за ёй ва ўстаноўленым  парадку, але не раней узнікнення права на пенсію. Прызначэнне і выплата яе за мiнулы  час у выпадку несвоечасовага звароту не прадугледжаны.

 — Давайце разгледзім і такую калізію: грамадзянін ідзе на пенсію па дасягненні 60-гадовага ўзросту. За які перыяд неабходна сабраць даведкі аб заработнай плаце? Які парадак вылічэння пенсіі сёлета?

 — У 2013 годзе пры прызначэнні пенсіі заробак вызначаец­ца за любыя 19 гадоў запар па індывідуальным выбары грамадзяніна за апошнія 29 гадоў работы (выплаты страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РБ абавязковыя) незалежна ад наяўных перапынкаў. У 2014 годзе заробак бу­дзе вылічвацца за любыя 20 гадоў запар за апошнія 30 гадоў работы. Пры гэтым прадстаўленне дакументаў аб заробку за 20 (у 2013 г. — 19) гадоў абавязковае, а за тыя дзесяць гадоў, што засталіся, — пажадана. Чаму?  Для вызначэння аптымальнага варыянту заробку.

  Індывідуальны каэфіцыент зарплаты пенсiянера вызначаецца шляхам суаднясення яго штомесячнай фактычнай зарплаты ва ўстаноўленым перыядзе (напрыклад, за 19 гадоў — гэта 228 месяцаў) і сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы ў тых жа месяцах i з’яўляецца сярэднiм арыфметычным значэннем каэфiцыентаў заробку за кожны месяц.

 — Ці залічваецца ў агульны працоўны стаж час работы па грамадзянска-прававых дагаворах?

 — Так, залічваецца, але толькі пры ўмове выплаты абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насель­ніцтва (ФСАН) Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым паводле артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь  ад 17.04.1992 №1596-XII “Аб пенсійным забеспячэнні”, калі сярэднямесячны фактычны заробак (даход), з якога выплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за каляндарны год, або менш за каляндарны год, калi ў адпаведным го­дзе мелі месца прыём на працу ці звальненне, рэгістрацыя альбо выключэнне з ліку плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў, або ўзніклі іншыя падобныя абставіны, аказаўся ніжэй за мінімальную заработную плату, названыя перыяды залiчваюцца ў стаж з прымяненнем папраўчага каэфіцыента. Папраўчы каэфіцыент разлічваецца шляхам дзялення сярэднямесячнага фактычнага заробку (даходу) асобы на сярэднеарыфметычную велічыню мінімальнага заробку  за адпаведны перыяд выплаты абавязковых страхавых узносаў. 

— Разнастайныя калізіі адбываюцца ў жыцці нашых землякоў. Некаторыя зрываюцца з наседжанага месца і падаюцца на заробкі за мяжу. Так сталася і з адным з нашых чытачоў, грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, які звольніўся са сталай працы і вырашыў пашукаць шчасце ў далёкім В’етнаме. Ці страціць ён стаж за перыяд работы ў гэтай дзяржаве?

 — Для грамадзян, якія працуюць за мяжой, заканадаўствам прадугледжана магчымасць  добраахвотнага ўдзелу ў сістэме дзяржаўнага пенсійнага страхавання Рэспублікі Беларусь шляхам самастойнай выплаты ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь (артыкул 61 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17.04.1992 г. №1596-XII «Аб пенсійным забеспячэнні»).

 — Што для гэтага варта зрабіць?

 — Грамадзянін павінен звярнуцца ў аддзел Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы жыхарства. Заробак, з якога ён будзе выплачваць узносы, вызначаецца непасрэдна самім заяўнікам. Пры прызначэнні пенсіі будуць улі­чаны перыяды, на працягу якіх выплачваліся ўзносы, і велічыня заробку, з якога гэтыя ўзносы плаці­ліся. Пры гэтым неабходна мець на ўвазе, што калі ўзносы будуць выплачаны з заробку ніжэй за мінімальную заработную плату, то залічваемы ў стаж перыяд работы будзе адпаведным чынам скарэктаваны.

 — У жыцці здараюцца розныя недарэчнасці. Адзін з нашых чытачоў паведаміў аб згубленых даных аб стажы працы ў арганізацыі. Куды ў такім выпадку трэба звяртацца, каб іх аднавіць?

 — Пры адсутнасці дакументаў аб працы і немагчымасці іх атрымання ў сувязі са спыненнем дзейнасці наймальніка або па іншых прычынах і адсутнасці архіўных даных перыяды работы могуць устанаўлівацца на падставе паказанняў не менш як двух сведкаў, якія  дакладна засведчаць час сумеснай працы (п. 17 Палажэння аб парадку пацвярджэння і вылічэння стажу работы для назначэння пенсій, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24.12.1992 г. №777). Канчатковае ўстанаўленне перыядаў работы па паказаннях сведкаў праводзіцца рашэннем спецыяльнай камісіі па прызначэнні пенсій, створанай раённым выканаўчым камітэтам.

 Апрача таго, работнік пры адсутнасці іншай магчымасці атрымання дакументаў, якія пацвярджаюць памер налічанай і выплачанай заработнай платы (факты і прычыны адсутнасці такіх дакументаў павінны быць пацверджаны дакументальна), мае права звярнуцца ў суд. Пры гэтым суд прымае пад увагу любыя сродкі даказвання, прадугле­джаныя Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, памер заробку можа быць пацвер­джаны выпіскай са штатнага раскладу аб акладзе на адпаведнай пасадзе, укладышам у працоўную кніжку.

 — Пайшоў чалавек на заслужаны адпачынак, атрымаў пенсію раз, другі, трэці… Завітаў у магазін, а там цэны павялічыліся. Чакае нецярпліва таго моманту, калі ў кашальку шаматкіх купюр прыбавіц­ца. Гэта вобразна сказана. Звернемся,  Васіль Усцінавіч, да прозы паўсядзённага жыцця: які парадак павышэння памеру пенсій?

 — Паводле Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”, працоўныя пенсіі пераразлічваюцца ў тым выпадку, калі сярэдняя зарплата па краіне за квартал вырасла больш чым на 15 працэнтаў. У 2013 годзе працоўныя пенсіі грамадзянам Беларусі будуць павышацца ў адпаведнасці з ростам заробку, а мінімальныя працоўныя і сацыяльныя — з улікам змены бюджэту пражытковага мінімуму. З улікам той ака­лічнасці, калі за каляндарны год падстаў для пераразліку пенсій няма, з першага лістапада яны перараз­лічваюцца ў абавязковым парадку на падставе сярэдняй заработнай платы работнікаў за трэці квартал.

 — Жыццё падкідвае розныя сітуацыі. Скажам, дзеці будуюць жылы дом ці кватэру, а сродкаў хранічна не стае. Бацькі не могуць раўнадушна пазіраць на праблемы нашчадкаў, імкнуцца падставіць плячо дапамогі. Выйсце адно — уладкоўвацца на працу. Пры гэтым якія наступствы ўзнікаюць для пенсіянера?

 — У адпаведнасці з артыкулам 93 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” працадаўца падчас  прыёму на працу пенсіянера абавязаны паведаміць пра гэта ў пяцідзённы тэрмін у орган, якi выплачвае пенсію. Паводле названага артыкула і сам пенсіянер абавязаны апавяшчаць упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны аб уладкаванні на працу або звальненні. Сумы пенсіі, залішне выплачаныя ў сувязі з невыкананнем указанага патрабавання, спаганяюцца.

 Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.