Пенсія за асобыя заслугі

Уступіла ў сілу Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 кастрычніка 2011 года №1367, якой зацверджана новая рэдакцыя Палажэння аб пенсіях за асаблівыя заслугі (апублікавана 19 кастрычніка 2011 г. у Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2011 г., №117, 5/34599). У выніку пашыраны пералік асоб з правам на пенсію за асобыя заслугі. Распавядае пра гэта па просьбе рэдакцыі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васіль Рававы.

— Васіль Усцінавіч, хто мае права на такую пенсію?

— Права на пенсію за асобыя  заслугі маюць грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, атрымліваюць пенсію па ўзросце, па інваліднасці, за выслугу гадоў у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 красавiка 1992 года «Аб пенсiйным забеспячэннi» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1992 г., №17, арт. 275) або пенсiю за выслугу гадоў у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2003 года «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., №70, 2/953) i маюць асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь: якія атрымліваюць пенсію па ўзросце або за выслугу гадоў, — па дасягненнi ўзросту мужчынамi 60 гадоў, жанчынамі — 55 гадоў; якія атрымліваюць пенсію па інваліднасці — незалежна ад узросту.

Пенсія за асаблівыя заслугі ўстанаўлiваецца Героям Беларусі, Героям Савецкага Саюза, Героям Сацыялістычнай Працы; грамадзянам, узнагаро­джаным ордэнамі Айчыны трох ступеняў, ордэнамі “За службу Радзіме” трох ступеняў, ордэнамі Славы трох ступеняў, ордэнамі Працоўнай Славы трох ступеняў, ордэнамі “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” трох ступеняў; грамадзянам, узнагароджаным трыма і больш ордэнамі Рэспублікі Беларусь і (або) СССР; грамадзянам, удастоеным ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь, БССР ці СССР (народны, заслужаны); лаўрэатам Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь, БССР, Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР; грамадзянам, што займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады Рэспублiкi Беларусь, членам Урада Рэспублікі Беларусь, старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама — пасля спынення iмi работы на названых пасадах; пераможцам і прызёрам Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў, чэмпіёнам свету і Еўропы; камандзірам, камісарам, начальнікам штабоў партызанскіх брыгад і атрадаў.

Пенсія за асаблівыя заслугі не ўсталёўваецца грамадзянам, якія маюць су­дзімасць.

— Якія падставы для перагляду пенсій?

— Зменены падыход да перагляду памеру пенсіі за асаблівыя заслугі. Падставай з’яўляецца ўзнікненне абставін, з якімі звязваецца права на гэтую пенсію, — новыя заслугі і дасягненні, адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі [раней падставамі для павелічэння памеру пенсіі за асаблівыя заслугі з’яўляліся інваліднасць (магла быць улічаная пры вылічэнні памеру працоўнай пенсіі) і наяўнасць утрыманцаў (якія ахопліваюць нормамі заканадаўства аб падтрымцы сем’яў з дзецьмі)].

Грамадзянам з ліку вышэйпералічаных катэгорый варта звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па адрасе: г. Лепель, вул. Савецкая, 36, кабінет №7. Кансультацыі па тэлефоне 4-26-59.

 В. УЛАДЗІМІРЭНКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.