Пераправа, пераправа, бераг левы, бераг правы…

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны захоўвае яшчэ нямала таямніц. Адна з іх звязана з уступленнем нямецкіх танкавых дывізій у Лепель. Праціўнік імкліва захапіў горад, дзе размяшчаўся да вайны адзін з найбуйнейшых гарнізонаў Чырвонай Арміі. Як так магло хутка адбыцца? Дзе прайшлі танкавыя дывізіі? Як пераадолелі балоцістую пойму Бярэзіны — рубеж, які мог стаць для іх непрыступным?
Аналізую схему баявых дзеянняў у 1941 годзе, апублікаваную ў “Кнізе памяці Докшыцкага раёна», памежнага з Лепельскім па Бярэзінскай пойме. Стрэлкамі пазначаныя дзве пераправы нямецкіх войскаў: праз Кальнік, што на шашы Мінск — Віцебск, і на захад, — праз Беразіно.

Міжволі думка ўзнікае: а дзе ж трэцяя — праз Ліпск, у прамежкавым звяне, паміж Кальнікам і Беразіно? Чаму там няма спасылак на пераправу? Як быццам яе і не было. Што, складальнікі кнігі не ведалі ўсіх нюансаў нямецкай наступальнай аперацыі? Магчыма. Напэўна, у запале гарачага лета 41-га карціна сцёрлася, што называецца, пакрылася налётам іншых падзей, і ёй не надалі асаблівага значэння.
Пасля расшыфроўкі журналаў баявых дзеянняў вермахта выявілася сапраўдная прычына трагедыі. Менавіта з боку Ліпска быў нанесены нечаканы ўдар па Лепелю. З данясення 7-й танкавай дывізіі за суткі з вечара другога па трэцяга ліпеня ў штаб корпуса: «…У 03.45 баявая група 7.сбр праводзіць разведку пераправы каля Ліпска …» Тым часам у журнале баявых дзеянняў пазначаны вынік работы: «5.30. Пасля разведкі маршруту ад Ліпска праз Бярэзіну да Лепеля камандзір брыгады атрымлівае загад на пераправу…»
А далей што? У 10.30 танкі ўжо былі пад Лепелем. Як рэзюмэ — лаканічны запіс у дзённіку начальніка разведвальнага аддзялення чырвонаармейскай 14-й танкавай дывізіі капітана Г. Шапіры: «…танкі прарваліся злева …» Такім чынам частка маршруту нямецкіх войскаў выпала з поля зроку складальнікаў кнігі. Аднак і дакументам гісторыка А.Герасімовіча нельга было не верыць. І захацелася самому знайсці пацвярджэнне.
У канцы чэрвеня, праз 72 гады пасля падзей, адправіўся ў Ліпск. Суправа-джалі мяне лепельскія краязнаўцы Уладзімір Шушкевіч, Васіль Хацкевіч і Васіль Шкіндзер, а таксама мой госць з Украіны Валерый Шушкевіч. Стаяў цёплы летні дзень. Мы пад’ехалі да шлагбаўма, які перагароджваў мне шлях да Бярэзіны. Вядома ж, тэрыторыя запаведніка, праезду няма. Машыну давялося пакінуць. Пешшу трэба было адолець, як мінімум, трохкіламетровы ўчастак дарогі праз забалочаную мясцовасць. Васіль Хацкевіч адразу ж звярнуў увагу на тое, што дарога насыпная і ўладкаваная па ўсіх правілах дарожнага мастацтва. Уздоўж цягнуліся парослыя хмызняком малапрыкметныя канавы, а грунт пад нагамі выдаваў трывалы насып, дзе-нідзе брукаваны каменем. Даймалі камары. Прыстоілі, пакрылі рукі і шыю рэпелентам, які ва ўсякім разе дапамагаў слаба. Падумалася: а як жа спраўляліся з гэтым бедствам партызаны, бо Бярэзінскі край быў месцам іх пражывання.

Доказы
супрацьстаяння

І вось яны, бясспрэчныя доказы баявога супрацьстаяння на гэтай зямлі, — прысыпаныя зямлёй гільзы і кулі, тупыя, велічынёй з чалавечае вуха, металічныя рэшткі ад снарадаў і мін. Мае спадарожнікі раслумачылі: гэта месца колішняга ляснога прытулку партызанскай брыгады «Жалязняк”. Аднак нас цікавіла пераправа. Ці была яна на самой справе і, калі была, то што ад яе засталося? Нібы пацвярджаючы нашы здагадкі, у прыдарожнай паласе выявілі іржавы трак. “Напэўна, з вайны», — пракаментаваў нехта. Можа і так. Знаходку ўзялі з сабой.
Пачынаўся прыбярэжны смалісты бор, і дарога раздвойвалася. Па якой з іх ісці далей? Паверыў спадарожнікам — яны лічылі сябе «валацугамі”. Неўзабаве выйшлі да Бярэзіны. Бераг быў, на здзіўленне, высокі і нагадваў знаёмы з дзяцінства круты эсэнскі ў раёне Рудні. Прыкмет ко-лішняй пераправы адразу не заўважылі. Бярэзіна спакойна каціла свае глыбокія воды, падмывала прыбярэжную паласу на паваротах і дакраналася да густых зараснікаў на процілеглым, левым беразе.
Агледзелі незнаёмую мясцовасць: чалавек тут хадзіў мала, а таму прыемна ўражвала некранутасць прыроды — пералівіста шчабяталі птушкі, а пад нагамі дываном рассцілаліся высеўкі дзікай гваздзікі. У дзяцінстве мы называлі кветкі «гадзіннічкамі», таму што з захадам сонца яны закрываюцца, а раніцай, з першымі прамянямі зноў радуюць вока сваім хараством. Ярка-чырвоныя, яны нейкім шостым пачуццём укладваліся ў тэму вайны: здаваліся кропелькамі запечанай крыві. Прытаміліся, зрабілі прыпынак.
Васіль Хацкевіч дастаў карту і стаў яе ўважліва вывучаць. «Улічваючы, што на скрыжаванні мы павярнулі направа, то зараз пойдзем налева, уверх па плыні», — слушна заўважыў ён. І ўсё ж перш, чым ісці далей, выкупаліся, праверылі на ўсялякі выпадак глыбіню ракі. Дно было чыстае, пясчанае, а вада даходзіла да шыі. Васіль Хацкевіч, танкіст па тэрміновай службе, адразу адмёў магчымасць пераправы ў гэтым месцы: танкі б не прайшлі.
Прыкметна, што мы на нейкім узвышшы ў паласе запаведніка. За спіной блішчэла шырокая пойма Бярэзіны, куды бруіліся і ручаі. Неўзабаве пачулі хвалюючы вокліч В.Хацкевіча: «Глядзіце!» Ён ішоў далёка наперадзе, раз-пораз зазіраючы ў карту: дзе ж заканчваецца высокі бераг? Паспяшаліся на голас спадарожніка. Васіль стаяў недалёка ад месца, дзе праглядалася старое рэчышча, звяраў маршрут. “Напэўна, тут была прыстань», — разважліва выказаўся ён, паказваючы на выяву якара на карце. Праўда, усхвалявала яго іншае. На беразе былі насыпаны высокія курганы, а вакол валяліся вялізныя, непад’ёмныя камяні.
Што ж гэта магло быць? Грунт быў выняты з ракі, калі будавалі прыстань? Адкуль жа камяні? Дно, мы правяралі, было пяшчаным, значыць, яны былі аднекуль дастаўлены сюды. Навошта? Абмяркоўвалі нечаканую знаходку і тапталіся па беразе. Раптам Валера заўважыў прыбітую да дрэва шыльду, і таямніца сама сабой вырашылася. На акуратнай дошчачцы было патлумачана, што тут знахо-дзяцца “Курганны могільнік перыяду ранняга феадалізму IX-XIII стагоддзяў”. Пазней даведаліся, што гэтыя 25 насыпаў, ва ўрочышчы Масцішча, вышынёй каля двух метраў і дыяметрам 4-10 метраў, выявіў у канцы 19 стагоддзя археолаг Ф.Вярэнька.
Зразумела, камяні так і засталіся загадкай — хто і навошта іх даставіў на бераг? Ля ракі, дзе быў спадзісты спуск, зручны для пераправы, быў умайстраваны ў камень чыгунны кацялок, ды так па-майстэрску, што ся-дзеў у ім, як у гняздзе, — кругленькі і зграбненькі. Па краях чарнелі рэшткі смалы. “Напэўна, дзёгаць варылі». Тут і была пераправа, пазначаная якарам на карце. Далей вырашылі не ісці, навошта, калі ўсё ясна? Ды і стаміліся дужа.

Здагадкі
патрабуюць
пацвярджэння

Вырашылі апытаць мясцовых жыхароў. На падворках Ліпска дзе-нідзе маячылі чалавечыя фігуркі. А на лавачцы пад ліпамі ся-дзела група пажылых лю-дзей, яны ахвотна пагадзі-ліся паразмаўляць з намі. Суразмоўцы адхілілі ўсе сумненні наконт пераправы.
— Так, быў пераезд у Мас-цішча, — завілі вяскоўцы. — І нават мост драўляны быў. Усё ўкладвалася ў дакументальную першааснову. Быў мост, указаны ў нямецкіх справаздачах. Мы не дайшлі да таго месца літаральна сто метраў. Чаму ж ён не быў пазначаны ў гістарычнай савецкай хроніцы?
— Яго будавалі перад самай вайной, — распавядала Л.Лазар. — Я добра памятаю, як забівалі палі, а мама насіла абед будаўнікам. І дарога з моста вяла ў бок Лепеля, багністая, але праходная.
Мост у Ліпску, аэрадром у Траўніках (Дражна), брук на Мінск, укапаныя ў зямлю цыстэрны з гаручым — гэта звёны аднаго ланцуга, звёны абароны, якая стваралася напярэдадні вялікай вайны.
— А нямецкія танкі праходзілі па гэтай дарозе ў пачатку вайны?
— Танкі таксама памятаю. Яны спыняліся ў нас, немцы частавалі дзяцей цукеркамі.
— Куды яны потым рушылі? На мост у Масцішча?
— Вось гэтага не ведаю. Яны пагрукацелі ў бок Беразіно…
І тут вельмі дарэчы прасачыць маршрут руху нямецкіх часцей. 7-я танкавая дывізія Ганса фон Функа рухалася ад Зембіна, дзе атрымала «па зубах» ад 1-й пралетарскай Маскоўскай дывізіі, якая абараняла Барысаў, і шукала праходы праз Бярэзіну з поўначы, каб выйсці да Лепеля. Ноччу нашы байцы здзейснілі непрыкметны пераход да вярхоўяў ракі і імкнуліся непрыкметна выйсці да Беразіно, авалодаць мостам. Не ўдалося. Там ужо гаспадарылі танкісты Хорста Штумпф — 20-й танкавай дывізіі, наводзілі пераправу, бо сапёры Бярэзінскага пагранатраду ўзарвалі мост.
Вядома, для дзвюх дывізій прасторы было малавата, і 7-я атрымала загад шукаць абходны варыянт. Танкісты рушылі ў напрамку Ліпска, размешчанага ў сямі кіламетрах ад Беразіно. Мясцовыя жыхары маглі не бачыць і нават не падазраваць, хто праходзіў па іх мосце. Справа ў тым, што з’езд да яго знаходзіцца за вёскай, дзе дарога паварочвае ўздоўж балота. Як удалося немцам захапіць Ліпскі мост у цэласці і захаванасці, незразумела. Не ведаюць гэтага і мясцовыя жыхары. Аднак зацікавіў далейшы аповяд Л.Лазар.
— Мой бацька, — сказала яна, — служыў у пагранатрадзе. Прыехаў на машыне дадому і хацеў вывезці сям’ю з вёскі, эвакуіраваць. Мы даехалі да Ліпнікаў — гэта вёска на другім баку Бярэзіны, каля Слабады, а далей рухацца не змаглі. Там ужо стаяў нямецкі танк…
Калі гэта так, то гісторыя становіцца яшчэ больш заблытанай. Што, калона танкаў прайшла незаўважанай і апярэдзіла пагранічны атрад? А бацька Л.Лазар ехаў следам, і яго на мосце ніхто не затрымаў? Малаверагодна, бо не маглі немцы, пакінуць мост без нагляду. Не магла 7-ю апярэдзіць 20-я дывізія. Паводле дакументаў, яна дасягнула Лепеля «ў 11.45 трэцяга ліпеня», гэта значыць, пазней.
Дзейнічаў на апярэджанне нямецкі дэсант? Наўрад ці, у той час яшчэ не навучыліся скідаць з самалётаў цяжкую тэхніку. І напрошваецца лагічнае пытанне: першыя баявыя машыны Гота праніклі на ўсходні бок Бярэзіны ў нейкім іншым месцы? Дзе? У Бродах? Там, дзе працякае Сергуцкі канал?
Пакуль адказу няма. Зразумела адно: праходы праз Бярэзіну абаронцам утрымаць не ўдалося, масты былі імкліва захопленыя, а сапёры — расстраляныя. Сюды скіраваліся нямецкія баявыя машыны. Стрымліваць іх націск давялося курсантам Лепельскага мінамётнага вучылішча з вінтоўкамі ў руках.
Пазней выявілася такая акалічнасць. Аказалася, мост у Ліпску, а, дакладней, у Масцішчы, быў узарваны па загаду партызан. Аднак гэта ўжо іншая гісторыя…
Васіль АЗАРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.