Першы дзень на збожжавых

IMG_1482Самыя вялікія пасяўныя плошчы пад збожжавыя культуры ў раёне адведзены ў СВФ “Заазер’е” — больш за дзве тысячы гектараў. На адзін з палеткаў, размешчаны за вёскай Гарадзец, скіраваўся разам з намеснікам дырэктара філіяла Сяргеем Цалуйкам. Пад’ехаўшы, убачылі шырокае, амаль 20 гектараў, поле, дзе збажына ўжо была зжатая. Два камбайны толькі дажыналі апошнія рэшткі. На ўскрайку стаялі МАЗ з прычэпам для адвозкі зерня і пажарная машына.

 Неўзабаве камбайны дажалі свае загонкі і рушылі да машын. МАЗ выехаў на поле, прыпыніўся, каб камбайнеры змаглі ссыпаць зерне ў кузавы адначасова.

З двух бакоў пасыпалася спелае збожжа пшаніцы. З мяккім шоргатам насыпалася яно, напаўняючы кузавы і душу ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні, радасцю за добры ўраджай, намалот. Вось, нарэшце, бункеры выгружаны.

 На камбайнах працуюць Уладзімір Стаднік з сынам Уладзіславам і Іван Буйніцкі з Валерам Лукіным, збожжа адвозіць Мікалай Балотнік.

 — Колькі гектараў гэтае поле?

 — Недзе каля 20, — адказвае Іван.

 — Доўга яго жалі?

 — Пачалі сёння а 10.30, як толькі высахла раса са сцяблоў. Зараз 16.00. Лічыце самі.

 — Ведаю, што бывалыя камбайнеры па масе, якая праходзіць праз камбайн, могуць з даволі высокай дакладнасцю вызначыць ураджайнасць.

 — Пшаніца сёлета не дужа добра ўрадзіла, не пшанічны год, прыблізна на полі намалочвалі 25 — 27 цэнтнераў з гектара.

 — Куды зараз накіроўваецеся?

 — Патэлефануем Васільевічу (галоўны аграном гаспадаркі). Куды ён скажа — туды і паедзем. Думаю, далёкі перагон рабіць не будзем, пачнём жаць поле перад Гарадцом, там таксама азімая пшаніца расце, паспела ўжо.

 — Як будзеце па вёсцы праязджаць? Шырокія жняяркі ці праходзяць па вуліцы?

 — Сюды ж прыехалі! — са смехам адказалі мужчыны. — Аб’язной дарогі на гэта поле няма, ехалі праз вёску. Было некалькі нязручных месцаў, але праціснуліся. Назад таксама праедзем.

 — Што ўвогуле можаце сказаць пра сёлетні год, ураджай?

 — Дзіўны год, непрывычны. Найперш тым, што амаль усе культуры паспелі адначасова. Раней выспяваў спачатку азімы рапс, пакуль яго ўбіралі, падыходзілі азімыя збожжавыя, за імі — яравыя. Сёлета ж і азімы рапс, і збожжавыя паспелі амаль адначасова. Нам даводзіцца цяпер працаваць напружана, каб убраць ураджай з найменшымі стратамі.

 — Па колькі бункераў намалацілі з гэтага поля?

 — Мы — шэсць, — адказвае Уладзімір Стад­нік.

 — Мы — таксама, — кажа Іван.

 У думках прыкідваю: “Адзін бункер пшаніцы важыць каля чатырох — пяці тон. Бяром па максімуму, пяць на шэсць — па трыццаць тон намалацілі камбайнеры за палову дня!”.

 — Колькі дзён працуеце на ўборцы збожжавых?

 — Першы дзень, — адказваюць мужчыны.

 — Як так?

 — Учора толькі завяршылі абмалот азімага рапсу. Больш як па 250 тон на экіпаж намалацілі.

 Побач стаяла невялікае, гектараў на пяць, поле з яшчэ не зжатай збажыной. Зерне яшчэ не зусім паспела, мяккае. Затое апошнімі дажджамі налілося, становіцца вялікае, паўнаважкае. Глядзіш — дасць поле ўраджай калі не рэкордны, дык блізкі да яго.

 Назаўтра раніцай звязаўся па тэлефоне з галоўным аграномам СВФ “Заазер’е” Уладзімірам Судаком, ён даў наступныя лічбы. Усяго камбайнерам трэба зжаць сёлета збажыну на 2480 гектарах. На раніцу 31 ліпеня зерневыя зжаты на 250 гектарах, што складае 10 працэнтаў ад плана. Намалочана тысяча тон збожжа пшаніцы пры сярэдняй ураджайнасці 28 цэнтнераў з гектара.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: Валерый Лукін, Іван Буйніцкі, Мікалай Балотнік, Уладзімір і Уладзіслаў Стаднікі.

 Фота аўтра.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.