Плынь кахання

Ціха і павольна кладуцца на зямлю ўзорчатыя сняжынкі. Пяшчотныя галінкі дрэў апрануты ў каралі з ільдзінак, мяккім снежным покрывам пакрыты палі і лясы… Няспешна крочу па заснежанай дарозе і любуюся непаўторным зімовым пейзажам. Якое хараство навокал! Усё дыхае незвычайнай свежасцю і чысцінёй, здаецца, уся прырода застыла ў прадчуванні прыемных сюрпрызаў, святочных дзівосаў.

Менавіта ў гэтую прыгожую пару адзначаецца Дзень святога Валянціна — свята, якое аб’ядноўвае сэрцы закаханых.
Дзень святога Валянціна з’яўляецца асабліва любімым і ў сям’і Мікалая і Наталлі Хрол, таму што з гэтага чароўнага свята пачаўся летапіс іх сумеснага жыцця. У Дзень святога Валянціна гэта прыгожая маладая пара пад хвалюючыя гукі марша Мендэльсона, у акружэнні сваіх родных, блізкіх і сяброў уваходзіла ў залу загса. Жаніх пяшчотна трымаў за руку прыгажуню-нявесту, а Наталля шчыра ўсміхалася свайму абранніку. Госці з захапленнем сачылі за маладымі, выказвалі ім шчырыя словы віншаванняў.
…На парозе кватэры мяне сустрэла двухгадовая Кацюша, непаседа, шчабятушка і любіміца сям’і. Спачатку дзяўчынка з цікавасцю агледзела мяне, а потым пачала выразна вымаўляць:
— Добры дзень! Я Каця, а вось мая мама. Яна мілая, ласкавая, добрая. Кожны дзень мяне смачна корміць, прыгожа апранае. Мы ўсе яе вельмі любім.
З замілаванасцю слухаю дзяўчынку:
— Такая маленькая, а так выдатна размаўляе!
— Першыя словы — мама, тата — Каця выразна вымаўляла, калі ёй было ўсяго шэсць месяцаў, — расказвае маладая маці. — Зараз жа дачушка не толькі выдатна размаўляе, а і ведае алфавіт, чытае на памяць дзіцячыя вершыкі і спявае.
Кацюша працягвае да мяне сваю маленькую ручку і запрашае зайсці ва ўтульную залу. Тут размясціліся астатнія члены сям’і — муж Мікалай і старэйшы сын Вадзім. Маладыя гаспадары гасцінна запрашаюць на кубачак кавы.
— Наша сям’я сапраўды самая шчаслівая, — адзначае Наталля. — У асобе свайго мужа я бачу надзейнага памочніка і дарадчыка. Я вельмі люблю гатаваць, з задавальненнем завіхаюся на кухні. Муж прыходзіць і кажа: “Дарагая, сёння гатую я”. У святочныя дні сам працуе на кухні, гатуе абед, мые посуд, кожны раз рыхтуе для мяне прыемныя сюрпрызы. Не толькі ў святочныя, а і ў звычайныя дні дорыць кветкі. Калі я займаюся хатняй работай, Мікалай займаецца з дзецьмі. Ён на ўсе рукі майстар, сам рабіў рамонт у кватэры. Ён жа клапоціцца аб фінансавым забеспячэнні сям’і, шмат працуе.
Маладыя гаспадары расказваюць мне аб сямейных буднях, гісторыі іх кахання.
…Першая сустрэча Наталлі і Мікалая адбылася ў 1999 годзе, калі яны былі навучэнцамі Лепельскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума. Яны сябравалі, разам праводзілі вольны час у кампаніі сяброў і тады, напэўна, не здагадваліся, што ў будучым іх аб’яднае моцнае пачуццё.
Пасля заканчэння тэхнікума Мікалай стаў студэнтам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, а Наталлю размеркавалі працаваць у Віцебскі раён, Мазалаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Праз некаторы час дзяўчына скончыла Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Эканоміка і ўпраўленне прадпрыемствам”, вярнулася на родную Лепельшчыну, уладкавалася працаваць спецыялістам па аказанні рознічных паслуг у Лепельскае аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанк”. Пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі прыехаў працаваць на Лепельшчыну і Мікалай, уладкаваўся інжынерам-механікам у ДЛГУ “Лепельскі лясгас”. Аднойчы, увайшоўшы ў аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанк”, Мікалай сустрэў Наталлю і… зразумеў, як шмат значыць для яго гэта мілая дзяўчына.
Потым пачаліся незабыўныя сустрэчы, і хутка Мікалай зрабіў каханай прапанову рукі і сэрца.
— Вельмі хацелася, каб святкаванне нашага вяселля прайшло ярка і непаўторна, таму і вырашылі адсвяткаваць яго ў Дзень святога Валянціна.
— На чым мацуецца сямейнае шчасце? — пытаюся ў сваіх суразмоўцаў.
— Самае галоўнае — давер і ўзаемаразуменне ў сям’і, — адзначае Наталля. — Аднойчы Кацюша захварэла. Тады яна была зусім маленькая, працяглы час плакала, і мне ўсё не ўдавалася яе супакоіць. Муж узяў на рукі дачушку, пачаў яе ўгаворваць. Як жа ўсе здзівіліся, калі малышка адразу супакоілася і пачала штосьці вымаўляць на сваёй дзіцячай мове!
Старэйшы сынок Вадзім ва ўсім бярэ прыклад з Мікалая, вучыцца ў другім класе гімназіі імя І. Ерашова і ў будучым жадае стаць выратавальнікам.
Кацюша сядае на рукі да таты, Вадзім моцна абдымае дарагую матулю. Ліецца звонкі дзіцячы смех.
З захапленнем гляджу на гэту мілую сям’ю і міжволі ўспамінаю хвалюючыя хвіліны першай сустрэчы маладых. Іх закаханыя сэрцы благаславіў святы Валянцін, а значыць, не згасне ніколі іх сямейнае шчасце!
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: цяпло родных сэрцаў самае гаючае.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.