Плюс да леташніх паказчыкаў

У сельскіх гаспадарках прайшлі агульныя сходы, на якіх кіраўнікі і галоўныя спецыялісты рабілі справаздачы аб вытворчай дзейнасці ў мінулым годзе і абвяшчалі планы на год сёлетні.

У дзяржаўнай сельскагаспадарчай установе “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” працуюць 58 чалавек, з іх 18 механізатараў, дзевяць жывёлаводаў, 17 паляводаў, спецыялісты. З агульнай зямельнай плошчы 1380 га сельгасугоддзі займаюць 1228 га, з іх 765 га складае ворыва.

 Асноўная дзейнасць — сортавыпрабаванне і звязаныя з ім раслінаводства і жывёлагадоўля. Выпрабаваннем займаюцца шэсць спецыялістаў з нагрузкай на кожнага 107 сартадоследаў. У дзяржаўны рэестр на сёлетні год занесены 85 сартоў і 20 прызнаныя перспектыўнымі.

 Летась збожжавыя і зернебабовыя вырошчваліся на 430 га. Ура­джайнасць у вазе пасля дапрацоўкі склала 37,3 ц/га, валавы збор у свірнавай вазе дасягнуў 1604 тоны — 125% да пазалеташняга ўзроўню. Насення яравых культур рэалізавана 384 тоны, азімых — 385 тон на агульную суму 741 мільён рублёў. Сёлета рост валавой прадукцыі па збожжы павінен скласці 127%. Для таго неабходна атрымаць 47,4 ц/га збожжавых у свірнавай вазе.

 Валавы збор бульбы склаў 982 тоны пры ўраджайнасці 151 ц/га, што да папярэдняга ўраджаю складае 451%. Аднак, нягледзячы на значны рост аб’ёму вырашчаных клубняў, атрымалі 273 мільёны рублёў страты з прычыны нізкага попыту на гэту прадукцыю. Рэнтабельнасць знізілася да мінус 56,9%. Сёлета мяркуюць размясціць бульбу на 35 га з мэтай аптымізацыі матэрыяльных затрат на вырошчванне культуры.

 Валавы збор рапсу — 77 тон у вазе пасля дапрацоўкі, што склала 445% да ўзроўню папярэдняга года. Гэта дало магчымасць цалкам выканаць дзяржзаказ і атрымаць 98 мільёнаў рублёў выручкі.

 У цэлым у раслінаводстве рост вытворчасці прадукцыі склаў 172% (2447 млн. руб.), выручка ад яе рэалізацыі вырасла на 212%. Прыбытак ад рэалізацыі збожжа дасягнуў 349 млн. руб., што на 193% больш за 2010 года.

 На канец мінулага года налічвалася 308 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы — на 172 галавы меней, чым год назад. Змяншэнне пагалоўя выклікала зніжэнне валавой прывагі на 12,8 тоны, або на 46 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць жывёлагадоўчай галіны склала 6,2%. Сёлета пагалоўе будзе павялічвацца за лік закупу маладняку ў насельніцтва і пагашэння дэбіторскай запазычанасці па гаспадарках раёна: сельгаспрадпрыемствы “Баброва” і “Лепельскае” павінны адпаведна 150 і 10 мільёнаў рублёў.

 Вытворчасць усёй валавой прадукцыі да папярэдняга года склала 152%. У агульнай долі на раслінаводства прыпадае 86%, жывёлагадоўлю — 14%. Атрымана прыбытку 268,4 млн. руб. (рост — 217 млн. руб.) Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 12,3% (рост — у 2,3 раза).

 Сярэдняя зарплата дасягнула 1508 тысяч рублёў, у механізатараў — 1965, жывёлаводаў — 1652, спецыялістаў — 1264, паляводаў — 1153 тысячы рублёў.

 Поспехам у сваіх дасягненнях сартастанцыя ў значнай ступені абавязана Дзяржаўнай інспекцыі па выпрабаванні і ахове сартоў раслін. Летась у гаспадарку паступілі дыскатар за 99 млн. руб., апырсквальнік за 13 млн. руб, ядахімікаты на 2,2 млн. руб., лабараторнае абсталяванне на 7,3 млн. руб.

 Кожны работнік унёс пэўны ўклад у агульную справу. Камбайнер Анатоль Жылінскі намалаціў 1827 тон збожжа, за што стаў удзельнікам “Дажынак” у Маладзечне. Добрасумленна выконваюць даручаныя справы механізатары Аляксандр Міснік і Анатоль Верасавы. Ігар Валевіч дамогся 759-грамовай сярэднясутачнай прывагі на адкорме. Міхаіл Кульба за сезон якасна пратруціў 769 тон элітнага зерня.

 Прааналізаваўшы мінулагоднюю дзейнасць, кіраўніцтва і спецыялісты сортавыпрабавальнай станцыі прыйшлі да высновы, што сёлета змогуць на 5,8% павялічыць рост вытворчасці, а вырошчвання збожжа — на 27%, дасягнуць 18-працэнтнай рэнтабельнасці ў рэалізацыі прадукцыі.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.