Прафілактыка пажараў — клопат агульны

На абмеркаванне ўдзельнікаў сесіі раённага Савета дэпутатаў быў вынесены шэраг актуальных пытанняў. Першае з іх — “Аб рабоце, якая праводзіцца ў Лепельскім раёне па папярэджанні пажараў, гібелі людзей у іх, забеспячэнні пажарнай бяспекі аб’ектаў, тэрыторый і населеных пунктаў”.
Для таго, каб дэталёва пазнаёміцца з работай пажарнай і выратавальнай службаў, прадстаўнікі мясцовай улады былі запрошаны на экскурсію ў Лепельскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Удзельнікі сесіі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з умовамі працы работнікаў РАНС — пабывалі ў пакоі адпачынку, дыспетчарскай цэнтра аператыўнага кіравання, вучэбна-метадычным цэнтры работнікаў РАНС.

Прысутным вельмі цікава было пабачыць экспанаты музея, дзе сабраны бытавыя рэчы, якія ў свой час сталі прычынай узгаранняў і засталіся пасля пажару. Тут жа былі прадстаўлены адны з лепшых работ юных удзельнікаў штогадовага конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей”.
На тэрыторыі Лепельскага РАНС быў арганізаваны паказ практычнай работы пажарных і выратавальнікаў. Удзельнікі экскурсіі з цікавасцю сачылі, як брыгада работнікаў хутка выязджае на месца ўзгарання і знішчае полымя, аказвае першасную дапамогу пацярпелым. Работнікі РАНС прадэманстравалі, як вядзецца выратаванне людзей, якія сталі ахвярамі дарожна-транспартных здарэнняў, як выратоўваюцца людзі на вадзе. Тут жа была падрыхтавана выстава тэхнікі, што выкарыстоўваецца пры тушэнні пажараў, эвакуацыі людзей са шматпавярховых аб’ектаў.
Для абмеркавання работы, якая праводзіцца ў раёне па папярэджанні пажараў, удзельнікі сесіі сабраліся ў зале пасяджэнняў райвыканкама. Гэту тэму ўсебакова асвяціў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі.
Сітуацыя
ў раёне
Аляксандр Аляксандравіч адзначыў, што за мінулы год на тэрыторыі Лепельскага раёна адбылося 36 пажараў, што на шэсць выпадкаў (або 14 працэнтаў) менш за папярэдні год. Усе пажары ўзніклі на аб’ектах прыватнай формы ўласнасці, у большасці ў жылым фондзе грамадзян.
У пажарах былі знішчаны сем збудаванняў, адзінка тэхнікі. Агульныя эканамічныя страты склалі 438,4 мільёна рублёў.
Работнікамі Лепельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у мінулым годзе былі выратаваны пяцёра чалавек, 31 пабудова, адзінка тэхнікі, а таксама матэрыяльныя каштоўнасці на суму звыш за 380 мільёнаў рублёў.
У пажарах загінулі пяцёра чалавек, што на чатыры менш (180 працэнтаў) за папярэдні год.
З пачатку 2002 года на тэрыторыі раёна назіраецца планамернае зніжэнне колькасці пажараў. Колькасць людзей, якія загінулі на пажарах, вагаецца на ўзроўні ад чатырох да дзесяці чалавек. Аднак прыходзіцца канстатаваць, што становішча з гібеллю людзей на пажарах у гэтым годзе неспрыяльнае. Сёлета ў раёне ўжо адбылося восем пажараў, у якіх загінулі трое чалавек (за аналагічны перыяд часу мінулага года гібелі людзей на пажарах дапушчана не было).
У 2012 годзе пажары адбыліся ва ўсіх сельскіх Саветах і г. Лепелі (за выключэннем Баброўскага сельсавета).
Як паказвае аналіз колькасці пажараў па тэрыторыях сельсаветаў з 2002 па 2011 гады ў адносных адзінках на тысячу насельніцтва, найгоршае становішча склалася на тэрыторыях Баброўскага, Лепельскага, Домжарыцкага і Пышнянскага сельсаветаў.
Гібель людзей у мінулым годзе была дапушчана ў трох сельсаветах: Стайскім, Пышнянскім, Валосавіцкім, а таксама ў г. Лепелі. Найбольшая колькасць людзей, якія загінулі на пажарах за апошнія дзесяць год, назіраецца на тэрыторыях Каменскага і Баброўскага сельсаветаў. Рост гібелі людзей на пажарах у параўнанні з 2011 годам назіраецца на тэрыторыях Стайскага, Пышнянскага і Валосавіцкага сельсаветаў. Па колькасці людзей, якія загінулі на пажарах за апошнія дзесяць год адносна пражываючага насельніцтва, дрэнна складваецца становішча на тэрыторыях Каменскага, Баброўскага і Стайскага сельвыканкамаў.
АСНОЎНЫЯ
Прычыны
У большай колькасці прычыны пажараў і гібелі людзей у іх не звязаны з няспраўнасцямі, а адбываюцца з-за безадказных адносін да бяспекі, і ў першую чаргу сваёй асабістай. Так, у мінулым годзе па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём (як правіла, пры курэнні або ад іншых незатушаных крыніц загарання) адбылося 17 пажараў (47 працэнтаў ад агульнай колькасці).
Іншымі прычынамі пажараў, якія адбыліся, сталі парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення — 13 выпадкаў (36 працэнтаў ад агульнай колькасці пажараў), у трох выпадках (восем працэнтаў) — наўмысныя падпалы. Па адным пажары ўзнікла з-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электрычнай праводкі і электраабсталявання, дзіцячага свавольства з агнём і ўздзеяння сіл прыроды (прамы ўдар маланкі).
На вялікі жаль, п’янства з’яўляецца асноўнай прычынай, якая спадарожнічае ўзнікненню пажараў, і вызначальнай у гібелі людзей. Фактары, якія садзейнічаюць гібелі людзей на пажарах, — гэта злоўжыванне спіртнымі напоямі і курэнне ў нецвярозым стане. За мінулы год па віне асоб, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, адбылося 12 або 25, 5 працэнта ад агульнай колькасці пажараў. З пяці грамадзян, якія загінулі на пажарах у мінулым годзе, чацвёра знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Сёлета трое грамадзян загінулі па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём у стане алкагольнага ап’янення.
ЭФЕКТЫЎНЫЯ
МЕРЫ
З мэтай выяўлення грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, і папярэджання пажараў па віне асоб, што знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, у мінулым годзе работнікамі РАНС і РАУС, іншымі адказнымі службамі было праведзена 59 рэйдаў, выяўлена 156 фактаў злоўжывання домаўладальнікамі спіртнымі напоямі, а таксама 74 факты неналежнага выхавання дзяцей. Па ўсіх выяўленых фактах прыняты прафілактычныя меры ўздзеяння. Прычыны ўзнікнення пажараў былі дэталёва абмеркаваны на пасяджэннях пунктаў аховы правапарадку пры сельвыканкамах, у час прафілактычных гутарак і г.д.
Паколькі значная колькасць пажараў адбываецца ў жылым фондзе, асноўныя намаганні работнікаў Лепельскага РАНС былі засяроджаны на прафілактычнай рабоце ў ім. У мінулым годзе інспектарамі дзяржпажнагляду РАНС былі праведзены адрасныя праверкі больш чатырох тысяч домаўладанняў (у першую чаргу домаўладанняў малазабяспечанай катэгорыі грамадзян, а таксама грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі). Па месцы жыхарства прайшлі навучанне мерам пажарнай бяспекі больш за сем з паловай тысяч чалавек. Як высветлілася ў ходзе праверак, асноўныя і найбольш частыя парушэнні — гэта няспраўнасць пячнога ацяплення і электраабсталявання, а таксама няспраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. За выяўленыя парушэнні правілаў пажарнай бяспекі ў мінулым годзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 464 адказныя домаўладальнікі. Пры гэтым прымяненне адміністрацыйных санкцый з’яўляецца не асноўнай мэтай. Аднак, на жаль, гэта неабходная і ў большасці выпадкаў самая эфектыўная мера ўздзеяння на парушальнікаў. Дзейнасць у гэтым накірунку работнікамі РАНС працягваецца і ў бягучым годзе. Толькі за два з паловай месяца бягучага года ўжо правераны больш за 1300 домаўладанняў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута больш за сто домаўладальнікаў.
Як было даказана на практыцы, дзейнасць адных толькі падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях не дазваляе цалкам вырашыць праблемы прафілактыкі пажараў і гібелі людзей у іх. Найбольш эфектыўны шлях — цеснае і плённае ўзаемадзеянне ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. Прыярытэтным накірункам у папярэджанні пажараў і гібелі людзей у іх павінны стаць прафілактычныя мерапрыемствы ў жылым сектары, правядзенне агітацыйна-масавай і растлумачальнай работы з насельніцтвам.
Сумесная дзейнасць суб’ектаў прафілактыкі мае станоўчую дынаміку. Бяспечнае пражыванне грамадзян — гэта комплекс мерапрыемстваў, якія ўяўляюць сабой электра-, газа- і пажарную бяспеку, належны санітарны стан тэрыторый і домаўладанняў, знаходжанне грамадзян у цвярозым стане, а таксама паводзіны ў быце асоб, якія знаходзяцца на ўліку ў разнастайных суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў і г.д.
Работа пазаштатных пажарных фарміраванняў Лепельскага райвыканкама, сельвыканкамаў вядзецца на аснове Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пажарнай бяспецы”, Пастановы Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб зацвярджэнні палажэнняў аб пазаштатных пажарных фарміраваннях”, а таксама Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”.
На тэрыторыі раёна ажыццяўляе дзейнасць па папярэджанні пажараў шэраг суб’ектаў прафілактыкі і іншых арганізацый, дзейнасць якіх звязана з наведваннем домаўладанняў грамадзян. Гэта работнікі ўстаноў аховы здароўя, школ і дашкольных устаноў, гандлёвых прадпрыемстваў, арганізацый, якія маюць на балансе ведамасны жылы фонд (сельскагаспадарчыя і іншыя прадпрыемствы), РАУС, энерга- і газавыя службы, прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Лепельскім раёне і іншыя. Аднак работа большасці з пералічаных суб’ектаў прафілактыкі замыкаецца толькі на сваім ведамстве. Большая колькасць неабходнай інфармацыі застаецца не даведзенай да іншых зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі.
Спецыялістамі па эксплуатацыі электраабсталявання з’яўляюцца работнікі Энергазбыту і Лепельскай раённай энергаінспекцыі. Арганізацыі маюць звесткі аб домаўладаннях, электраўстаноўкі ў якіх эксплуатуюцца з разнастайнымі парушэннямі дзеючых патрабаванняў, а таксама аб домаўладаннях, электраўстаноўкі ў якіх адключаны па розных прычынах, у тым ліку за няўплату.
Аднак падыход да работы па пажарнай бяспецы ў дзвюх арганізацыях розны. Кіраўніцтва Лепельскай раённай энергаінспекцыі разумее і адказна адносіцца да работы па праверцы захавання домаўладальнікамі правілаў эксплутацыі электраабсталявання (работнікі арганізацыі ўдзельнічаюць у рэйдах і ўключаюцца ў праверкі сумесна з інспектарамі дзяржпажнагляду).
Кіраўніцтва ж Энергазбыту лічыць, што іх функцыя абмяжоўваецца кантролем своечасовай аплаты абанентам за электраэнергію і недапушчэння яе крадзяжоў. Між тым у тыпавым дагаворы дакладна ўказана, што энергазберагальная арганізацыя мае права пасля папярэдняга ўведамлення спыніць падачу электрычнай энергіі, калі тэхнічны стан электраўстановак бытавога абанента стварае пагрозу жыццю і здароўю грамадзян, можа прывесці да ўзнікнення пажару, страты маёмасці бытавога абанента і іншых асоб па прадпісанні Лепельскай раённай энергаінспекцыі. Аднак адкуль можа з’явіцца прадпісанне гэтай арганізацыі, калі прадстаўнікі Энергазбыту пры наведванні домаўладанняў па замене электралічыльнікаў нават не звяртаюць увагу на парушэнні пажарнай бяспекі? На працягу года яны здараюцца ў кожным домаўладанні і не аднойчы.
У сваім выступленні Аляксандр Шыдлоўскі ўказаў на шэраг недахопаў у дзейнасці іншых гарадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, якія адмоўна ўплываюць на стан прафілактыкі пажараў у раёне, расказаў аб шматлікіх мерапрыемствах па паляпшэнні супрацьпажарнага становішча.
С. МАКСІМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.