Пульс жыцця Лепельшчыны

Юбілярам прысвячаецца
Неўзабаве — 130-годдзе з дня нараджэння беларускага песняра Янкі Купалы. З гэтай нагоды ў Бароўскай бібліятэцы аформлена тэматычная паліца “Пясняр роднай зямлі”. Сёлетні год багаты на юбілеі пісьменнікаў. Многіх з іх ужо ўшанавалі чытачы бібліятэкі, да іншых рыхтуюцца. 130-годдзе Алана Мілна, аўтара расказаў пра Віні-Пуха, адзначылі літаратурнай гульнёй “Віні-Пух сабраў сяброў”. Выстава-малюнак “Мы з казак дзядулі Чукоўскага” была прымеркаваная да 130-годдзя любімага дзецьмі аўтара.


Наперадзе — юбілеі Якуба Коласа, Максіма Танка. У гонар першага запрацуе літаратурная гасцёўня, творчасць другога ўшануюць выставай “Душэўнае высакародства”.
Рыхтуюцца да фестывалю
Напрыканцы чэрвеня на базе Бароўскай бібліятэкі мусіць прайсці раённы фестываль беларускай кнігі “Песняры “Зямлі пад белымі крыламі”. У межах падрыхтоўкі аформлена выстава “Кнігі юбіляраў 2012 года”, выстава дзіцячай літаратуры “Чытаем па-беларуску”. Другі месяц у бібліятэцы праходзіць акцыя “Чытацкая стужка”, у ходзе якой чытачам прапанавана стварыць дрэва цудаў са стужак. Колер кожнай азначае асобны від прачытанай літаратуры на беларускай мове. А хто жадае, можа пакінуць і водгукі аб прачытаным у адмысловай кнізе водгукаў.
“Яе вялікасць Кніга”
Выстава, што экспануецца ў Чарэйшчынскай бібліятэцы, мае раздзелы “Вянок беларускіх раманаў”, “Каханне ў беларускай паэзіі”, “Першая кніга вашага дзіцяці” і іншыя.
Акрамя таго, маецца кніжная экспазіцыя “Вечна жыві і квітней, Беларусь!”, дзе сабраны літаратура ідэалагічнага і грамадзянскага накірункаў, кнігі пра Лепель, легенды і паданні Беларусі і г.д.
“Праз полымя вайны”
Ваенна-патрыятычнай тэматыцы прысвяцілі ў Чарэйшчынскай бібліятэцы кніжную выставу “Праз полымя вайны”, якая расказвае пра тое, як ваявалі нашы землякі, як набліжаў беларускі народ жаданы дзень Перамогі. Гістарычная тэма ўвесь час прысутнічае ў бібліятэцы. Тут створаны музей роднай гаспадаркі. Улетку плануецца экскурсія юных чытачоў бібліятэкі ў Лепельскі краязнаўчы музей.
Чытача чакае бенефіс
З пачатку года ў Чарэйшчыне аб’яўлены конкурс на лепшага чытача бібліятэкі. Пераможцу чакае бенефіс — будзе складзены расповед пра яго, аздоблены фотаздымкамі. Акрамя таго, “віноўнік урачыстасці” атрымае падарунак. Вынікі конкурсу будуць падведзены напрыканцы года.
Дарэчы, летась у бібліятэцы налічвалася 320 чытачоў, лік кнігавыдач склаў 7200 паасобнікаў. Сёлета за першае паўгоддзе ўжо ажыццёўлена каля чатырох тысяч кнігавыдач.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.