Пульс Лепельщины

Сумесны праект
Напрыканцы чэрвеня ў вёсках Стары Лепель і Юркоўшчына распачаўся сумесны беларуска-нямецкі праект “Дапамога і падтрымка адзінокіх маламаёмных людзей”. Гэта праект паміж каледжам горада Білефэльда (зямля Паўночны Рэйн-Вістфалія) і лепельскай гімназіяй імя І. Ерашова. Удзельнічаюць у ім па дзесяць чалавек з кожнага боку. Брыгада займаецца рамонтна-будаўнічымі работамі: фарбуюць платы, агароджы, дахі, ладзяць печы, атынкоўваюць, клеяць.


Нядаўна ўдзельнікі міждзяржаўнага праекта наведалі гімназію, дзе сустрэліся з дзецьмі, якія адпачывалі ў школьным летніку, вучнямі, што авалодваюць нямецкай моваю, а таксама ўсімі зацікаўленымі.
Госці з Германіі расказалі пра сябе, пра тую працу, якую праводзяць у межах праекта. Гаспадары правялі экскурсію па гімназіі, парадавалі цудоўным канцэртам.
З візітам у адказ гімназісты пабывалі ў Старым Лепелі. Яны распавялі пра сваю навучальную ўстанову, пра абрад Купалля, танцавалі, спявалі. Затым пачалася святочна-пазнавальная праграма. Разбіўшыся на тры атрады, немцы атрымалі канкрэтныя заданні на мясцовасці. Шукалі папараць-кветку, сустракаліся з русалкамі, ведзьмакамі, лешым і іншымі нячысцікамі. Адбыліся гульні ля вогнішча з абрадам ачышчэння.
У жніўні гімназісты паедуць у Германію з экскурсіяй – наведаюць Білефэльд і Берлін.
Тры працоўныя брыгады
У СШ №1 дзейнічае працоўны дэсант. Тры працоўныя брыгады займаюцца кожная сваёй справаю. Першая — восем дзесяцікласнікаў — рамантуе школьную мэблю і інвентар, фарбуе стулы, парты, падлогу, ацяпляльныя батарэі. Дзейнасць брыгады фінансуецца па лініі службы занятасці. Другая брыгада вучняў працуе ў школьнай цяпліцы, трэцяя – акультурвае клумбы з кветкамі на школьнай тэрыторыі.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.