Пульс Лепельщины

У бібліятэцы — як дома

Усяго трыста пяцьдзясят чытачоў у Баброўскай сельскай бібліятэцы, сярод іх нямала дзяцей і падлеткаў. Кожны тут знаходзіць занятак на свой густ. Дзеці гуляюць на камп’ютары. Школьнікі збіраюць матэрыял для напісання рэфератаў. З задавальненнем прыхо­дзяць сюды падлеткі пагартаць часопісы. Бібліятэка выпісвае для дзяцей часопісы “Адзін дома”, “Каламбур”,”Нязнайка”, “Маруся” ды іншыя.

Музей знакамітага земляка

Пры Баброўскай бібліятэцы працуе музей знакамітага земляка, селекцыянера і садоўніка Язэпа Мароза. Тут аформлена імправізаваная “хата” з рэчамі сялянскага ўжытку (шафа, стол, прас, плеценыя кошыкі). Сабралі рэчы бібліятэкары пад час вандровак па наваколлі, у закінутых нежылых хатах. Разбілі клумбу, накшталт той, якая існавала пры жыцці Язэпа Мароза. Там кожная кветка адкрывалася і закрывалася ў свой вызначаны час. Клумба мае выгляд сонца з праменнямі.

Музей наведвалі школьнікі з Чашнікаў, Бачэйкава, нашы — са Слабады. Былі тут і праўнукі Язэпа Мароза. Збіраюцца яны прыехаць і сёлета.

Друкаваны цуд

Тыдзень дзіцячай кнігі ў Поўсвіжскай бібліятэцы адкрыўся мерапрыемствам пад назвай “Гэты цуд завецца кніга”. Кніжкінаму тыдню прысвяцілі выставу “Велікан па імені Чукоша”, на якой сярод іншых прэзентаваўся і любімы дзецьмі “Дзя­дзя Сцёпа, велікан” Карнея Чукоўскага. Прайшлі віктарына пра кнігі, га­дзіна загадак.

Сярод пяцісот дзесяці чытачоў бібліятэкі восемдзесят восем дзяцей. Кнігавыдача летась склала 9600 экзэмпляраў.

Інавацыйны праект

Сёлета гімназія працуе над новым інавацыйным праектам. Нядаўна ў рамках праекта група настаўнікаў прыняла ўдзел у педагагічных чытаннях па тэме “Навучыць вучыцца”. Педагогі абмяняліся вопытам работы з калегамі са школ гарадоў Салігорска, Светлагорска і Дзятлава. Выклікала вялі­кую цікавасць выступленне настаўніцы музыкі з нашай гімназіі Ірыны Рамашка. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў Алы Міхайлавай і Людмілы Казімірчык гімназісты выканалі мультымедыйны праект “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці”.

На памяць калегі з Салі­горска падарылі нашым настаўнікам саляны крышталь.

Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.