Пустыя банкаматы

У нядаўнія выхадныя, як і многія лепяльчане і вяскоўцы, сабраўся прайсціся па базары, паглядзець сякі-такі тавар. Ды намер мой меркантыльны апынуўся пад пагрозай зрыву. Прычына банальная — недахоп грошай.

Зарплату мне, як і большасці жыхарам раёна, налічваюць на пластыкавую картачку. Наша ўстанова абслугоўваецца ў аддзяленні “Белаграпрамбанка”, яго картачку заўсёды маю ў кішэні. Пад’язджаю да банкамата на вуліцы Валадарскага. Спачатку абрадаваўся, што ля яго няма ніводнага чалавека, але радасць прайшла, як усунуў у апарат картку — на маніторы высвецілася, што можна толькі праверыць баланс і ажыццявіць безнаяўную аплату.

Глянуў, што да банкамата “Беларусбанка” на плошчы Свабоды чарга вялікая, больш за 30 чалавек. Што ж, рабіць няма чаго, паехаў да іншага, што на прывакзальнай плошчы. Перад апаратам стаяла некалькі чалавек, значыць, грошы ён выдае, падумалася. Толькі стаў у канец чаргі, як чалавек адышоў ад банкамата ды кажа з горыччу:

 — Усё! Грошы скончыліся!

 Што за няўдача! Аднак не адчайваюся, рушу да ўніверсама. Там таксама чарга чалавек з пяці. У асноўным гэта былі вяскоўцы ды працаўнікі МКК, бо гэтыя арганізацыі найбольш супрацоўнічаюць з “Белаграпрамбанкам”. Людзі здымалі па паўтара — два мільёны, усю зарплату, каб схадзіць на базар. У мяне міжволі праносілася думка, ці хопіць грошыкаў для мяне.

 Нарэшце, надышла і мая чарга. Усоўваю картку, некалькі секунд напружанага чакання, апарат адказвае, што грошы ёсць.

 Варта зазначыць, што такая сітуацыя ў нядзелю назіралася не толькі ля банкаматаў “Белаграпрамбанка”. Як паведамлялі лепяльчане і вяскоўцы па тэлефоне, банкамат “Беларусбанка” на плошчы Свабоды апусцеў, перастаў выдаваць наяўныя каля дзесяці гадзін раніцы, людзі рушылі да галаўнога офіса банка, да апаратаў “Белпрамбудбанка”, якія таксама неўзабаве апусцелі. Складвалася сітуацыя, што грошы прасцей зарабіць, чым потым атрымаць іх на рукі.

 Асабіста мне было зручна ў тым плане, што пад рукамі быў аўтамабіль, можна было даволі хутка перамяшчацца па горадзе, шукаючы патрэбны банкамат. А як быць вяскоўцам, якія прыехалі на аўтобусе, гараджанам без машын?

 І нарэшце, чаму не нала­джана напаўненне банкаматаў наяўнымі грашыма ў выхадныя дні — пару, калі лю­дзям яны найбольш патрэбны? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да кіраўнікоў аддзяленняў банкаў.

 Мікалай Волкаў, кіраўнік аддзялення “Белаграпрамбанка”:

 — У горадзе тры банкаматы нашага банка, усе яны, як і заўсёды, напярэдадні выхадных былі запоўнены наяўнымі грашыма, гэта больш за мільярд рублёў. Аднак у гэтыя ж дні на некалькіх прадпрыемствах, якія абслугоўваюцца “Белаграпрамбанкам”, была налічана на пластыкавыя карткі заработная плата,  сума — больш за чатыры мільярды рублёў. Гэта і ёсць асноўная прычына.

 Другая прычына — менталітэт лепяльчан. Як толькі зарплата налічана, адразу ідуць да банкамата і здымаюць яе цалкам. Варта прызнаць, што доля безнаяўных плацяжоў у рэспубліцы хаця і паступова расце, але яшчэ досыць малая. Гадоў пяць таму, калі мы толькі ўводзілі пластыкавыя картачкі, пачыналі з аднаго — трох працэнтаў. Зараз па пластыкавых картачках, выдадзеных нашым аддзяленнем, каля 15% разлікаў праводзіцца ў безнаяўнай форме. Астатнія грошы здымаюцца ў банкаматах. На свае вочы некалькі разоў назіраў сітуацыю, калі чалавек здымаў у банкамаце два мільёны рублёў, а потым з імі ішоў у харчовую краму, каб купіць бохан хлеба і батон. Пагадзіцеся, гэта нелагічна, калі на касе ёсць тэрмінал.

 А запраўку банкаматаў наяўнымі грашыма ў выхадныя мы наладзіць не можам, бо ў аддзяленні няма сваёй інкасацыі. Наяўныя для нас прывозяць з Чашні­каў, дзе ёсць свае інкасатары.

 З падобнай сітуацыяй, як у нядаўнія выхадныя, мы не сутыкаліся больш за год. Упэўнены, гэта адзінкавы выпадак, а не тэндэнцыя.

 Ірэна Анціховіч, кіраўнік аддзялення “Белпрамбудбанка”:

 — Такая сітуацыя — адзінкавая. Заяўляю, што ва ўсе дні банкаматы “Белпрамбудбанка” працавалі ў штатным рэжыме. У горадзе іх тры: ля будынка нашага офіса, на Мацешавым базары і на вуліцы Школьнай. Перад выхаднымі іх запраўляюць наяўнымі поўнасцю, я асабіста кантралюю. Аднак дакладна спрагназаваць сітуацыю немагчыма. За апошнія паўгода ў “Бел­прамбудбанку” ў два разы выраслі аб’ёмы зняцця наяўных грошай. Гэта звязана з тым, што сур’ёзна ўзраслі заработныя платы, вырас аб’ём грашовай масы ў эканоміцы і на руках у насельніцтва. Да таго ж, сталі прыязджаць на адпачынак ра­сіяне, якія таксама абслугоў­ваюцца ў нашым банку. Выйсце бачу ў павелічэнні сярод насельніцтва аб’ёмаў безнаяўных разлікаў. Для гэтага ў нас створаны ўсе ўмовы : банкаматы, дарэчы, новы на днях адкрываем у Домжарыцах, каля 40 тэрмі­налаў, колькасць якіх паступова расце.

 Таццяна Курто, кіраўнік аддзялення “Беларусбанка”:

 — Аб’ём грошай у насельніцтва і неахвотнае выкарыстанне безнаяўных разлікаў — вось асноўныя прычыны сітуацыі, якая склалася на выхадных. Калі летась поў­най запраўкі хапала банкамату на тры дні працы, то сёлета — на адзін дзень.

 Доля безнаяўных разлікаў па картачках, выдадзеных Лепельскім аддзяленнем, даходзіць да 20 — 25%. І ўсё роўна, лічу, што гэты аб’ём недастатковы. Увесь свет паступова прыходзіць да безнаяўных грошай. Беларусь павінна рухацца ў гэтым жа рэчышчы. На вялікі жаль, шмат грамадзян, прыватных прадпрымальнікаў не хочуць разумець незваротнасці навукова-тэхнічнага прагрэсу.

 Банкамат на плошчы Свабоды мы ў нядзелю ў раёне абеда зноў заправілі грашыма, у банка ёсць свая служба інкасацыі, таму гэта не праблема. Акрамя таго, дзейнічаў пункт выдачы наяўных у мясным павільёне гарадскога базару. У гандлёвых кропках горада і раёна працуюць 84 тэрміналы, так што з аплатай тавараў, лічу, асаблівых праблем няма.

Васіль МАТЫРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.