Пітная вада

Апошнім часам у рэдакцыю прыйшло некалькі лістоў, у якіх чытачы выказваюць заклапочанасць станам пітной вады, асабліва ўтрыманнем у ёй жалеза. Карэспандэнт звярнуўся да памочніка ўрача-гігіеніста райЦГЭ Ніны Кліменцьевай і начальніка ўчастка водаканала КУВП ЖКГ “Лепель” Антона Ермаковіча за тлумачэннямі.

 — Як наладжана забеспячэнне гараджан Лепеля пітной вадой? — першае пытанне да Антона Станіслававіча.

 — Водаправодная сетка Лепеля ўмоўна складаецца

з дзвюх незалежных частак — асноўнай і ЦРБ, так іх назавём. Падзел паміж імі праходзіць па цячэнні ракі Уллянкі. Асноўная частка горада сілкуецца вадой са Стайскага водазабору. За суткі праз сістэму праходзіць па 2,5 — 3 тысячы кубаметраў вады, за год такім чынам прапампоўваецца каля мільёна кубоў. Водазабор ЦРБ забяспечвае вадой паліклініку, раённую бальніцу, жылыя дамы былога ваеннага шпіталя, вуліцы Бярэзінскай і прылеглых, раёна электрасетак, Бяленіцы. За суткі падае каля 120 — 160 кубаметраў вады.

 — А якая якасць вады? — пытаюся ў Ніны Ула­дзіміраўны.

 — Згодна з санітарнымі правіламі і нормамі (СанПіН — 10-124 РБ99), пітная вада адпавядае прынятым стандартам. Утрыманне ў ёй соляў, нітратаў, мікраэлементаў, мікрабіялагічныя паказчыкі — усё ў межах нормы. Кожны месяц работнікі лабараторыі КУВП ЖКГ “Лепель” робяць пробныя адборы. Іх лабараторыя атэставана на правядзенне хімічнага аналізу вады, а наша лабараторыя мае атэстацыю яшчэ і на радыялагічны і мікрабіялагічны аналіз. У любым выпадку вынікі ўсіх аналізаў паступаюць да нас, у райЦГЭ.

 На вынікі аналізу могуць паўплываць самыя розныя фактары. Напрыклад, перабоі ў падачы электра­энергіі. З-за іх вада можа паступаць з перабоямі, і паказчыкі могуць сказіць рэальную карціну.

 Паводле СанПіН, калі на водазаборы ёсць станцыя абезжалезвання, то ўтрыманне жалеза ў пробах з-пад кранаў спажыўцоў не павінна перавышаць 0,3 міліграма на кубічны дэцыметр (мг/дм3), пры адсутнасці станцыі — да 1 мг/дм3.

 На стайскім водазаборы такой станцыі няма, аднак вада з яго паступае чыстая, утрыманне жалеза ў ёй — у межах нормы. Нядаўна мы бралі комплексныя пробы, яны паказалі наступнае. Непасрэдна са свідравіны №2 паступае вада з утрыманнем жалеза 0,85 мг/дм3, свідравіна №3 дае ваду з 0,78 мг/дм3. Са станцыі другога пад’ёма вада выходзіць з паказчыкам 0,43 мг/дм3, а з водаправода на Палявой непасрэдна спажыўцам паступае з утрыманнем жалеза 0,34 мг/дм3. На працягу свайго шляху з яе выходзіць жалеза без прымянення станцый ці прэпаратаў.

 — Пяць гадоў таму назад, калі водазабор у Стаях толькі запускаўся, асабліва адзначалі, што ў вадзе мала жалеза. Не памятаеце, колькі яго было ў самыя першыя месяцы?

 — 0,25 мг/дм3, — адразу адказаў Антон Ермаковіч.

 — Адкуль жа такія перамены?

 — Мільён кубоў за год — не жартачкі. На месца забранай вады прыходзіць новая.

 Патрабуецца карэкціроўка будаўніцтва другой чаргі стайскага водазабору ў рамках праграмы “Чыстая вада” да 2015 года. Яна ўключае ў сябе некалькі вялікіх этапаў. Мяркуем прабурыць яшчэ адну, чацвёртую, свідравіну. На сёння ў наяўнасці тры свідравіны, дзве з іх працуюць, адна — на планавым рамонце. Паколькі павялічыцца нагрузка на водазабор, новая свідравіна акурат дарэчы.

 Наступным крокам варта было б пабудаваць у Стаях станцыю абезжалезвання вады. Хаця сёння стайская вада адпавядае нормам і патрабаванням, мы глядзім на гады наперад. Станцыя там патрэбна магутная, здольная ў перспектыве ачышчаць ад жалеза да пяці — сямі тысяч кубаметраў вады за суткі. Ужо зараз тэхнічнае заданне гатова для перадачы праектным арганізацыям, якія будуць займацца падрыхтоўкай адпаведнай праектна-каштарыснай дакументацыі.

 Далей — пракладка 4,3 кіламетра магістральнага водаправоду дыяметрам 250 міліметраў, які прызваны павялічыць аб’емы падачы вады спажыўцам.

* * *

 Адзін з апошніх, але і адзін з самых галоўных этапаў — будаўніцтва станцыі трэцяга пад’ёму. У горадзе мяркуем зманціраваць вялікааб’ёмныя рэзервуары, пабудаваць станцыю падпампоўвання, якія забяспечаць бесперабойнасць падачы вады нават ва ўмовах часовага адключэння электра­энергіі. Пад час рэалізацыі гэтага этапу будзе дэманціравана металічная воданапорная вежа насупраць чыгуначнага вакзала, яе функцыі на сябе канчаткова возьме станцыя трэцяга пад’ёму. Прадбачу ваша пытанне наконт старой воданапорнай вежы з чырвонай цэглы, што стаіць побач. Гэты аб’­ект пачаў будавацца ў 1924 годзе, уведзены ў эксплуатацыю ў 1929-ым, забяспечваў вадой чыгуначны вакзал, дэпо і адносіўся да чыгуначнага ведамства, быў на іх балансе. Яе дэманціраваць не збіраемся, будзем добраўпарадкоўваць прылеглую тэрыторыю.

 — А як жа быць з раёнам бальніцы, там жа ўтрыманне жалеза перавышае норму?

 — Сапраўды, такая праблема існуе. Пра­працоўвалі некалькі варыянтаў вырашэння. Спачатку меркавалі пабудаваць там станцыю абезжалезвання, аднак, больш дэталёва вывучыўшы пытанне, адмовіліся ад гэтага варыянта. Аптымальна — кансервацыя свідравін водазабору ЦРБ і падключэнне гэтага мікрараёна да агульнагарадскога стайскага водазабору.

 — Колькі каштуе рэалізацыя такога праекта?

 — Кошт зараз вызначыць цяжка, лік ідзе на мільярды рублёў. Акупіцца ён галоўным чынам праз здароўе лю­дзей.

 А пра фінансавую акупнасць гаварыць пакуль што не буду, бо на сёння падача вады, бягучае абслугоўванне водаправодных сістэм — дзейнасць стратная, датуецца з бюджэта. Пры сярэднім сабекошце кубаметра вады ў восем тысяч рублёў мы на прамысловыя прадпрыемствы падаём яе па цане пяць тысяч. Лепяльчане плацяць па 585 рублёў за куб, а пры перавышэнні сярэднясутачнай нормы спажывання ў 140 літраў на чалавека — 1440,9 рубля. Так што праграма “Чыстая вада” — гэта найперш інвестыцыі ў наша здароўе.

 — Што можаце сказаць пра ваду з гарадскіх студняў?

 — Усе пробы паказваюць адпаведнасць СанПіН, — зноў далучылася да гутаркі Ніна Уладзіміраўна, — аднак варта памятаць, што вада з водаправода і вада са студні — дзве вялікія розніцы. Водаправодная нашмат бяспечней, бо здабываецца з пластоў глыбіннага залягання, выпампоўваецца з глыбіні 70 — 80 метраў. Там ад самага пачатку ў выніку прыроднай фільтрацыі зведзена да мінімуму рызыка мікрабіялагічнага, хімічнага забруджвання.

 Асаблівую ўвагу пры адборы проб вады са студняў звяртаем на ўтрыманне нітратаў, нітрытаў і іншых соляў, а таксама традыцыйнага жалеза. Ужо сёлета лабаранты абследавалі студні мікрараёна за чыгуначнай лініяй, усе кантрольныя паказчыкі ў пробах былі ў норме. Летась жа па нашых прадпісаннях КУВП ЖКГ “Лепель” дэмантаваў і засыпаў некалькі студняў, якія з-за свайго антысанітарнага стану ўяўлялі пагрозу наваколлю.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: Антон Ермаковіч і Ніна Кліменцьева.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.