Разлікі на перспектыву

Філіял “Лепельскае ДРБУ-202” — адна з тых арганізацый, дзе не так даўно падвысілі зарплату работнікам. А як і дзе працуюць дарожныя будаўнікі, з якімі праблемамі сутыкаюцца, пра гэта запыталіся ў галоўнага інжынера Міхаіла Шляжко.

Міхаіл Іванавіч, пачнем з асноўнага віду дзейнасці вашай арганізацыі, з аб’ектаў, дзе вы працуеце.

 — Асноўная дзейнасць нашай дарожна-будаўнічай арганізацыі — утрыманне і рамонт мясцовых аўтадарог раёна з мэтай бяспекі руху.

 — Якія сродкі былі выдзелены на гэтыя мэты, скажам, сёлета? Што ўжо зроблена і што яшчэ трэба зрабіць?

 — На гэты год на ўтрыманне аўтадарог адпушчана 3 мільярды 923 мільёны рублёў. Гэта работы па грэйдаванні, абкосе ўзбочын, ямачным рамонце дарожнага пакрыцця, рамонце дарожных знакаў і мастоў. Асвоена 2 мільярды 288 мільёнаў рублёў.

 — Як выглядаюць справы па бягучым рамонце аўтадарог?

 — На гэтыя мэты выдзелена 2 мільярды 818 мільёнаў рублёў, з якіх асвоены ўжо 1 мільярд 958 мільёнаў рублёў. Праводзім суцэльнае асфальтаванне, падсыпку буйных участкаў дарог пясчана-гравійнай сумессю, паверхневую апрацоўку асфальтавага пакрыцця шчэбнем.

 — Як ведаем, на прадпрыемстве чарговы раз падвысілі зарплату. Якім чынам адшукваеце дзеля гэтага рэсурсы?

 — На жаль, аб’ёмаў работ па асноўных відах дзейнасці яўна не хапае для таго, каб прадпрыемства жыло нармальна і функцыянавала паспяхова. Таму даводзіц­ца шукаць пабочных заказчыкаў. Толькі сёлета за сем месяцаў на такіх аб’ектах асвоілі 16 мільярдаў 837 мільёнаў рублёў. Асноўныя — лесагаспадарчая аўтадарога паміж Валовай Гарой і Прудком працягласцю 8,6 км, якую робім “з нуля”. Мяркуем здаваць у жніўні, там асвоілі ўжо 4,56 мільярда рублёў. Малочнатаварная ферма “Цаліна” ў Горках — 950 мільёнаў рублёў, мікрараён “Пясчанка” — 500 мільёнаў рублёў, мікрараён “Поўдзень-1” — 405 мільёнаў рублёў, добраўпарадкаванне на вуліцах Чапаева, Садовая, Войкава — 992 мільёны рублёў, КХП “Полацк” — 1,2 мільярда рублёў, ферма “Юркоўшчына” і тэрыторыя МКК — 1,2 мільярда рублёў.

 — Якая тэхніка задзейнічана?

 — У нашым распараджэнні — тры аўтагрэйдары, сем трактароў МТЗ-82, бульдозер Б-ЮМ, сем аўтама­біляў “МАЗ” грузапад’ёмнасцю ад 10 да 20 тон, два сядзельныя цягачы, што возяць бітум і даламіт, 5 пагрузчыкаў ТО-18, пяць навясных пескараскідвальнікаў для зімовага ўтрымання аўтадарог, шэсць каткоў, асфальтаўкладчык, пяць “газэляў” і тры аўтобусы для перавозкі людзей. На жаль, практычна ўся тэхніка старая і патрабуе замены, сярэдні ўзрост тэхнікі складае каля пятнаццаці гадоў. Апошнім мы набылі аўтагрэйдар, дзесьці гадоў пяць — шэсць таму.

 — Што ў вас намечана па плане мадэрнізацыі і як ён выконваецца?

 — У нас ёсць эмульсійная ўстаноўка нямецкай вытворчасці для прыгатавання дарожна-бітумных катыённых эмульсій, яе ўзрост — чатырнаццаць гадоў. Планам прадугледжана мадэрнізацыя гэтай устаноўкі, на якую сёлета выдзелена 600 мільёнаў рублёў. Асвоена 450 мільёнаў — у асноўным на закупку абсталявання айчыннай вытворчасці. 500 мільёнаў рублёў плануецца затраціць на мадэрнізацыю і рамонт адміністрацыйнага будынка. Планам мадэрнізацыі прадугледжана таксама вы­дзяленне сёлета 50 мільёнаў рублёў і ў 2015 годзе — 250 мільёнаў рублёў на мадэрнізацыю будынка дрэваапрацоўчага цэха ў Бароўцы. І яшчэ плануем ужо сёлета набыць за 130 мільёнаў рублёў устаноўку для раскідвання пясчана-солевай сумесі.

 Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.