Рамантуецца сталовая і будуецца магазін

УА “Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж” на працягу ўжо некалькіх гадоў вядзе капітальны рамонт будынка сталовай навучальнай установы. Заменены вокны і дзверы, зроблена сцяжка падлогі, выкананы шэраг іншых работ. Для поўнага завяршэння рамонту патрабуецца яшчэ каля аднаго мільярда рублёў капітальных укладанняў.

Побач жа са сталовай каледжа ўзводзіцца магазін сялянскай фермерскай гаспадаркі “Сад” А. Памалейкі. Будаўнічыя работы і на гэтым аб’екце таксама, мабыць, стрымліваюцца адсутнасцю належнага фінансавання.

Для павышэння бяспекі

Як паведамілі ў Слабадскім сельвыканкаме, на тэрыторыі сельсавета зараз пражываюць 28 адзінокіх грамадзян. З мэтай павышэння іх асабістай бяспекі ў дамах кожнага з іх не толькі ўстаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік, але ён яшчэ абсталяваны такім чынам, што мае выхад на знешні носьбіт, каб суседзі, аднавяскоўцы маглі пачуць яго гучанне, у выпадку неабходнасці прыйсці на дапамогу адзінокаму чалавеку.

Паменела разводаў

Сёлета назіраецца змяншэнне колькасці разводаў. Як паведамілі ў аддзеле ЗАГС райвыканкама, у студзені — верасні бягучага года да іх паступіла толькі 40 заяў аб скасаванні шлюбу па ўзаемнай згодзе і пры адсутнасці непаўналетніх дзяцей, спрэчак па маёмасці. Прытым разгляд гэтага пытання доўжыцца не менш за месяц. Як вынік, у сямі выпадках заяўнікі вырашылі шлюб захаваць.
Менш стала рэгістравацца разводаў і праз суд. За дзевяць месяцаў у аддзел ЗАГС райвыканкама было даслана толькі 69 рашэнняў суда аб скасаванні шлюбу, у той час як за адпаведны перыяд летась такіх рашэнняў паступіла 139.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.