Раскопкі на востраве

Лепельскі замак. Якім ён быў, як у ім цякло жыццё, якія войны і аблогі фартэцыя вытрымала? Урэшце, як яна дакладна выглядала? На гэтыя і шмат іншых пытанняў адказаў пакуль што няма. Што крыўдна, у гістарычных хроніках не засталося ні аднаго больш-менш падрабязнага апісання, малюнка ці гравюры.

Хіба што ў кнізе “Памяць” прыводзіцца цытата з твора польскага гісторыка Аляксандра Гваньіні:

“Лепеле — места і замак дастаткова ўмацаваны, над возерам як бы на востраве пабудован”. З іншай крыніцы вядома, што крэпасць была прамавугольнай з вуглавымі фланкіруючымі вежамі.

 Ужо больш за дзесяць гадоў кожнае лета на востраве ля вёскі Стары Лепель праводзяцца археалагічныя раскопкі, але пакуль што, на вялікі жаль, археолагам нават не ўдалося знайсці сляды былога замчышча. Сёлета на востраў таксама накіравана экспедыцыя з інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад кіраў­ніцтвам Марата Клімава і Паўла Кінько.

 — Асноўнай задачай нашай сёлетняй экспедыцыі з’яўляецца разведка і даследаванне гістарычных пластоў на востраве, — адкрывае таямніцы гісторыі М. Клімаў. — Востраў — каля 25 гектараў. Людзі тут жылі амаль паўсюдна, таму ў кожным шурфе (раскопе) знаходзім сляды чалавечай дзейнасці.

 — Раскопкі праводзяцца больш за дзесяць гадоў. Меркаваў, што ўвесь востраў даўно перакапаны…

 — Хачу вас запэўніць, што і нам, і археолагам пасля нас тут будзе яшчэ шмат працы. Штодзень закладваем па тры — пяць шурфоў памерамі два на два метры. Раскопы дакладна пазначаем на картах, у тым ліку з дапамогай GPS-навігатараў, каб надалей памятаць, дзе ўжо капалі.

 — Якімі знаходкамі можаце здзівіць?

 — Ніякімі. Тыповая здабыча пры раскопках на Беларусі — адзін — два ржавыя цвікі ды мноства керамічных чарапкоў. Выраб жалеза ў сярэднявеччы быў доўгім, цяжкім і працаёмкім працэсам. Да таго ж, беларускія нетры бедныя на жалезную руду, таму жалезных вырабаў было няшмат нават у заможных шляхецкіх гаспадарках. Іх бераглі, перадавалі з пакалення ў пакаленне, стараліся не згубіць. З керамікай — іншая справа. Для вырабу жбана ці міскі патрэбныя гліна, вада і дровы для абпальвання — усяго гэтага хапала ў наваколлі. Да таго ж, кераміка захоўваецца ў зямлі нашмат лепш жалеза.

 Непасрэдна на востраве людзі жылі прыблізна да канца XVI стагоддзя. Тэрыторыя была не дужа шчыльна заселена, сядзібы на адных і тых жа месцах не стаялі, новыя пакаленні сяліліся, дзе хацелі. Пасля войнаў ці пажараў людзі неабавязкова ўзводзілі хату і гаспадарчыя пабудовы на тых самых месцах. Калі яны бачылі лепшы свабодны пляц, займалі яго. Таму культурны слой — пласт зямлі, у якім захоўваюцца знаходкі, — складае ў розных месцах ад 10 да 35 — 40 сантыметраў.

Чарговы шурф

 — Вось вы толькі што распрацавалі чарговы шурф. Што можаце распавесці пра яго?

 — Раскоп два на два метры ў паўднёвай частцы вострава. Глыбіня культурнага слоя складае 30 — 35 сантыметраў. Глыбей — мацярык, гліна. Знаходкі: жалезны цвік, костачка, хутчэй за ўсё, ад жывёлы, і мноства фрагментаў керамікі. Верагодна, на гэтым месцы знаходзілася сядзіба заможнага месціча, селяніна або нават дробнага шляхціца.

 — Бачу, вам дапамагаюць школьнікі…

 — Так, мы шчыра ўдзячны настаўніцы гісторыі СШ№2 Але Міхайлавай і яе вучням за актыўны ўдзел. Хаця ў працы з дзецьмі ёсць свая спецыфі­ка. Археалогія — даволі карпатлівая справа. Трэба з уважлівасцю перакапаць тоны грунту, каб атрымаць адну — дзве вартыя сур’ёзнай увагі знаходкі. Таму ў нас цэняцца людзі руплівыя, старанныя, адказныя і цярплівыя. Найперш такімі якасцямі валодаюць студэнты гістарычных факультэтаў. У падлеткаў жа ў першы — другі дзень гарыць аптымізм, прага адкрыццяў. Аднак пад канец другога дня працы пад пякучым сонцам юначыя аптымізм і апантанасць заканчваюцца. Ала Пятроўна ўмее працаваць са школьнікамі, падтрымліваючы ў іх цягу да адкрыццяў.

 — А калі гаварыць канкрэтна пра замак…

 — Лепельскі замак — суцэльная загадка. Невядома нават дакладнае месца яго колішняга знаходжання, няма ніводнага малюнка ці дакладнага апісання. У Міністэрстве культуры прынята і рэалізуецца праграма “Замкі Беларусі”. У рамках яе экспедыцыя атрымала другую задачу — па магчымасці выявіць і лакалізаваць замчышча на востраве Лепельскага возера. У мяне ёсць асабістае меркаванне, што шукаемая фартэцыя магла знаходзіцца ў паўночнай частцы вострава, яна як бы перагароджвала перашыек, пераход ад Старога Лепеля на востраў. Менавіта тут, на маю думку, найбольш удалае для абароны месца. Паспрабуем, можа што і знойдзем.

Абарончыя

 збудаванні

 Абарончыя ўмацаванні на востраве Лепельскага возера існавалі даўно, ці не з моманту першага ўпамінання пра пасяленне. У хроніках яны называліся дзядзінцам, горадам, крэпасцю, замкам, фартэцыяй. Там зазвычай знаходзіўся нешматлікі пастаянны гарнізон на чале са старастам ці кашталянам, склады з прыпасамі, стайні для коней, хлявы для іншай жывёлы, адміністрацыйныя пабудовы, храм. Простыя людзі жылі ў пасяленні навокал, якое называлася пасад або месца, таму і жыхароў называлі пасадскімі людзьмі ці месцічамі.

 У выпадку варожага нападу месцічы хаваліся ў горадзе, бралі з сабой, што паспявалі прыхапіць. Разам з гарнізонам на сценах адбівалі непрыяцельскія напады, жанчыны і падлеткі лячылі параненых. Што пасад згарыць, не лічылася страшнай бядой: лесу вакол багата, адбудавацца можна было, абы людзі засталіся жывымі і не пакалечыліся. Бывалі нават такія выпадкі, калі абаронцы самі падпальвалі дамы ў выпадку патрэбы.

 Першае летапіснае ўпамінанне пра замак у Лепелі адносіцца да 1563 года.

 Як мог выглядаць Лепельскі замак? Найбольш верагодным падаецца, што гэта былі драўляныя ўмацаванні, не частаколавай, а зрубавай канструкцыі. Такая больш трывалая. З гістарычных крыніц дайшлі звесткі, што ў замку быў пастаянны гарнізон — 200 коннікаў і 100 салдатаў-драбаў. Гэта можа выклікаць пэўнае непаразуменне: навошта кавалерыя пры абароне замка? Аўтару падаецца больш верагодным іншы спосаб выкарыстання гэтага віду войскаў. Асноўнай задачай коннага атрада была разведка, назіранне за ворагам у Кап’і, невялікія напады і дыверсіі.

 Хутчэй за ўсё, падобныя напады не заставаліся без адказу, захопнікі, напэўна, рабілі напады ў адказ. У такую пару нашы продкі маглі выкарыстоўваць тактыку, якую выдатна прымянялі Давыд Гарадзенскі і Анастасія Слуцкая. Сутнасць яе ў тым, што ў фартэцыі зачыняюцца, трымаюць абарону пяхотны гарнізон драбаў і пасадскія людзі, для абарончага бою на сценах асаблівай вывучкі не патрабуецца, толькі адвага і стойкасць. Конніца пры зручным моманце выходзіць з замка і раствараецца ў навакольных лясах. Яе справа — дыверсіі супраць ворага, які аблажыў крэпасць. Кожную ноч коннікі робяць напады, не даючы захопнікам спакойна спаць. Як толькі стральцы наважваюцца на штурм, б’юць іх з тылу.

 Пра сілу ўдараў конніцы Вялікага княства Літоўскага хадзілі легенды. Конныя атрады разбівалі ўдвая, а то і ўтрая большыя фарміраванні праціўніка, бо туды набіралі самых лепшых спрактыкаваных воінаў.

 Пасля завяршэння ў 1583 годзе Інфлянцкай вайны ваенна-стратэгічная значнасць Лепельскага замка крыху зменшылася. Праз тры гады ў горада з’явіўся новы гаспадар — падканцлер ВКЛ Леў Сапега, які неўзабаве пераносіць горад на паўднёвы бераг возера, у яго сучаснае месца. З гэтага часу пасяленне на востраве сыходзіць да разраду простай вёскі, умацаванні з гадамі руйнуюцца, знікаюць. Леў Сапега ў 1609 годзе падарыў Лепель віленскаму кляштару. Новыя гаспадары не дужа клапаціліся пра ўзвядзенне замка ці гаспадарчы росквіт горада.

 У наступных войнах Лепель не адыгрываў такой стратэгічнай значнасці, як у Інфлянцкай, захопнікі адносна лёгка авалодвалі ім і гэтак жа лёгка выбіваліся.

* * *

 Апошні дзень выдаўся непагодны, дажджыла без перапынку. Марат і Павел вырашылі ў слоту не праводзіць поўнамаштабныя раскопкі на мяркуемым месцы замчышча, абмежавацца толькі дэталёвым яго аглядам. Здабычай археолагаў сталі фрагменты керамікі ды стары, сярэднявечнага вырабу цвік.

 Бліжэйшая задача гісторыкаў, людзей неабыякавых да гісторыі роднага краю, — больш дакладна вызначыць месца размяшчэння Лепельскага замка.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: рабочыя моманты раскопак.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.