Родам з вёскі Свяда

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксей Кузьміч нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і ў в. Свяда (цяпер Слабада) Лепельскага раёна. Бацька — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны медалямі і ордэнамі. Маці доўгія гады працавала калгасніцай у “Пражэктары”.
Свядскую сярэднюю школу Аляксей скончыў у 1972 годзе. Па словах настаўнікаў, рос здольным хлапчуком, у школьным калектыве з’яўляўся лідарам.


Школа засталася ў памяці Аляксея на ўсё жыццё. З асаблівай цеплынёй былы выпускнік успамінае настаўнікаў Уладзіміра Дзямьянавіча Дзёмку, Зінаіду Максімаўну Крыцкую, Аляксандра Яфімавіча Паўлоўскага, Льва Барысавіча Мельнікава, Раісу Арсенцьеўну Булах. Добра памятае ўсіх сваіх аднакласнікаў, цікавіцца іх дасягненнямі і лёсам.
Працоўнае жыццё пачаў на будоўлях Башкірыі цесляром. Потым была служба ў радах Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў на Мінскім трактарным заводзе, работу спалучаў з вучобай у Беларускім ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга політэхнічным інстытуце. Працаваў на розных кіраўніцкіх пасадах — быў намеснікам генеральнага дырэктара УП “Гаррэмаўтадор Мінгарвыканкама”, намеснікам дырэктара на Мінскім домабудаўнічым камбінаце. Аляксей Фёдаравіч актыўна працуе з адміністрацыяй раёна і горада па добраўпарадкаванні і абуладкаванні зялёных зон адпачынку.
Аляксей Кузьміч — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Адзінцоўскай выбарчай акрузе сталіцы №101, часта праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, дапамагае рашаць ім жыццёвыя праблемы.
Галіна МАРКОЎСКАЯ,
настаўніца біялогіі Слабадской СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.