Сапсаваны тэлевізар

У рэдакцыю патэлефанаваў мужчына, прадставіўся:

 — Мікалай Вашук, жыхар вёскі Мацюшына Сцяна. У мяне ёсць тры старыя сапсаваныя тэлевізары, не ведаю, што з імі рабіць: у кантэйнеры для звычайнага бытавога смецця выкідваць іх нельга, на сметнік — таксама. У адным з апошніх нумароў прачытаў інфармацыю дырэктара ЛКУВП ЖКГ “Лепель” Віктара Мозава, што прадпрыемства арга­нізуе ўтылізацыю такіх буйнагабарытных рэчаў, нават выдзяляе для гэтага спецтранспарт, тэлефон быў прыведзены — 4-16-42. Я набраў гэты нумар, трубку падняла жанчына. Прыняла маю заяўку, запісала адрас, сказала, што машына заўтра прыедзе.

На наступны дзень машыны не дачакаўся, як і паслязаўтра. Тэлефанаваў яшчэ некалькі разоў. Апошні раз трубку падняў нейкі мужчына, гаварыў са мной рэзка, груба, маўляў, “у ЖКГ ёсць шмат іншых важных спраў, акрамя вашага тэлевізара”.

 Набіраю нумар дыспетчарскай ЛКУВП ЖКГ “Лепель” (4-16-42), трубку паднімае жанчына:

 — Ганна Уладзіміраўна. Якая ў вас праблема?

 Называю сваё імя і распавядаю пра сітуацыю.

 — Так, гэты чалавек тэлефанаваў нам, — прызнае супрацоўніца, — аднак пакуль што не было вольнага транспарту, уся тэхніка за­дзейнічана на бягучых работах.

 — Можа так і варта было сказаць чалавеку. Прызначыць прыезд тэхнікі не назаўтра, а праз два, тры, чатыры дні, але выканаць сваё абяцанне.

 — Перазваніце праз трыццаць хвілін, — дыпламатычна сказала Ганна Уладзіміраўна.

 Праз пэўны час зноў патэлефанаваў, дыспетчар адказала, што тэхніка ў Мацюшыну Сцяну па тэлевізары выедзе ў той жа дзень. А яшчэ праз гадзіну Мікалай Кліменцьевіч паведаміў, што з ЛКУВП ЖКГ “Лепель” прыехала ГАЗэль і забрала ўсе тры сапсаваныя тэле­візары.

 Мы рады, што дапамаглі яшчэ аднаму чалавеку вырашыць яго, хай сабе і не надта значную, праблему. Аднак няўжо для таго, каб службовыя асобы дакладна выконвалі свае абавязкі, кожны раз неабходны зварот рэдакцыі?

С. БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.