Светлая ява краю

Бабёр пасяліўся на скрыжаванні, прама ля шасейкі, там, дзе з трасы збочвае дарога на аграгарадок, пабудаваў сваю хатку. Дзе ж бабру яшчэ сяліцца, як не ў Баброве! Трэба сказаць, апошнім часам гэтыя прыгожыя пушаныя звяркі амаль зусім перасталі баяцца людзей, селяцца побач, але ж і шкодзяць.

Вось і тут навокал колькі пагрызеных імі дрэўцаў пазасыхала! Давялося звяркоў адсюль “папрасіць”, а да балотца прыступіць меліяратарам. Вельмі ж ужо псавала яно выгляд аграгарадка. Ды тут, можна сказаць, фасад Баброва. Побач – прыгожы будынак сталовай, магазін. Парадак тут наведзены яшчэ па часе будаўніцтва ў вёсцы аграгарадка. Так што, зразумела, з чаротамі і асокаю, што раслі праз дарогу, трэба было тэрмінова разбірацца. Дайшлі і да іх рукі.
Тамара Ярыга, старшыня Баброўскага сельсавета, кажа, што на меліярацыю балотца пайшло шэсцьдзесят мільёнаў рублёў. Гэта грошы, заробленыя сельсаветам на аўкцыёне па продажу зямельных участкаў. Меліяратары з ПМС раскарчавалі стары сад, акультурылі ландшафт, пасеялі траву. Праўда, балотца, стаўшы вялікай копанкай, усё яшчэ не хоча здавацца. Праз культурную траўку прабілася дзікая, зразумела, абагнала яе, засмуціўшы Тамару Іванаўну. Ну, ды гэта ўжо справа часу. Зазвіняць косы – і ўсё стане на свае месцы. У Баброве плануюць зрабіць тут месца для адпачынку – пасадзіць дрэўцы, паставіць лавачкі, пракласці асфальтавую дарожку. Ну, а пакуль што першымі сімваламі будучага парка адпачынку сталі белыя лебедзі, зробленыя з… аўтамабільных абадоў. Птушкі прыйшлі на змену бабру. Яшчэ – прыгожы ўказальнік дарожны: “Аграгарадок Баброва”. Яго таксама зрабілі сваімі сіламі. Ну, а пра бабра бабраўчане таксама забывацца не збіраюцца і, хто ведае, можа, якраз на гэтым месцы паставяць некалі помнік пушному звярку, што даў назву іх баброваму краю.
Шмат чаго зроблена ў Баброве з таго часу, як паўстаў тут аграгарадок. Шмат чаго зрабіць яшчэ давядзецца. Трыццаць пяць вёсак размешчаны на тэрыторыі Баброўскага сельсавета, некаторыя з іх, на жаль, нешматлюдныя. Аднак да кожнай абавязкова два разы на тыдзень курсіруе аўтобус, каб людзі змаглі дабрацца да горада. Каму ў бальніцу трэба, каму — на базар, хто па іншых пільных справах у Лепель едзе.
* * *
Сувязь вяскоўцаў з горадам – адзін з закладнікаў іх дабрабыту. І хоць далекавата Лепель ад Баброва ці таго ж Матырына, Сушы, але людзі ў “глыбінцы” не павінны сябе адчуваць абдзеленымі. Больш як сорак тры кіламетры дарог у Баброўскім сельсавеце, пад асфальтавым пакрыццём – крыху болей траціны, шаснаццаць кіламетраў. Асфальт — у самім аграгарадку, Варапаеўшчыне, Залессі-1, Замошшы, Заазёрнай, Ладзеене, Матырыне, Радуні, Несіне, Слабодцы, Сушы, Фатыні. Астатнія дарогі – гравійка, дзе лепшыя, дзе горшыя.
Дарогі да населеных пунктаў, можа, і меней выклікаюць пытанняў, больш – пад’езды да могілак. Ведаю, напрыклад, што ёсць праблема з пад’ездам да кладоў у Заслаўках. Бліжэйшым часам мяркуецца дарогі да могілак перадаць дарожнікам, як ужо перадаюцца на баланс камунальнікаў самі могілкі. Магчыма, гэта дазволіць палепшыць сітуацыю. Ну, а пакуль сёе-тое робяць сваімі сіламі. Як, напрыклад, на могілках “у Чараносаве”. Там наймалі нават альпіністаў, каб павыразаць старыя дрэвы. Дрэвы выразалі, але ж галіны засталіся параскіданымі навокал. Хто іх прыбярэ? Старшыня сельсавета кажа, што хацелі ўжо суботнік сярод мясцовага насельніцтва аб’яўляць. А чаму б і не, прыходзім жа мы прыбіраць магілы на Радаўніцу. Без дапамогі мясцовага насельніцтва цяжка навесці парадак на зямлі. Людзі павінны ўсведамляць, што яны тут жывуць і, значыць, нясуць маральную адказнасць, маюць маральны абавязак перад зямлёю. Дваццаць восем могілак на тэрыторыі сельсавета. Стан пяці з іх не выклікае пытанняў – і абгароджаныя, і смецце вывозяць. Чарговыя заяўкі на ўстаноўку кантэйнераў для смецця падаў сельсавет. Гэта будзе зроблена ў Баброве, Замошшы, Заазёрнай, Атоках, Матырыне, Гаравых, Дзямешкаве і інш.
* * *
Адзін з асноўных паказчыкаў дабрабыту – водазабеспячэнне. Хто ведае бліжэй тутэйшы край, толькі ўсміхнецца, маўляў, не ў Баброўскім сельсавеце, дзе некалькі дзясяткаў азёраў, па вадзе бедаваць. Так, прырода шчодра ўзнагародзіла бабраўчан азёрнымі краявідамі, якія не саступаюць лепшым курортным. Аднак жа жыццёва неабходна мець так званую “цывілізаваную” ваду. На тэрыторыі сельсавета — 204 студні, у тым ліку трыццаць сем грамадскіх. Чатыры студні адрамантавалі летась, сёлета – яшчэ шэсць, працэс працягнецца і надалей. Ну, а ў самім аграгарадку, а таксама Варапаеўшчыне, Залессі-1, Ладзеене, Матырыне, Сушы, Фатыні ёсць водаправод. Усяго ўстаноўлена семдзесят адна калонка. Дзвесце сорак дзевяць кватэр увогуле абсталяваны водаправодам. Усе вёскі ў сельсавеце маюць вулічнае асвятленне. Гэта, вядома, не азначае, што там жывуць і днём з агнём. Ніхто не адмаўляў неабходнасці эканоміі. Святло часам адключаюць на вуліцах, бо навошта яно ўлетку, калі і так відно амаль праз усю ноч.
Важнай праблемаю для вяскоўцаў з’яўляецца таксама і нарыхтоўка дроў. Баброўскі край аддалены ад райцэнтра. Прывезці сюды з Лепеля дровы, скажам, з гарпалівазбыту – залатыя атрымаюцца дроўцы. Так што выпісваюць праз лясніцтва. З прывозкаю часам дапамагае сельскагаспадарчы кааператыў “Каменьаграсэрвіс”, што знаходзіцца ў суседнім сельсавеце, часам мясцовая гаспадарка выдзяляе транспарт.
Не меней хвалюе вяскоўцаў і знешні выгляд населеных пунктаў. Жыць трэба камфортна, а камфорт стварае прыгажосць. Цікава, што раней новабудоўлі ды капітальныя рамонты назіраліся пераважна на цэнтральнай сядзібе – у аграгарадку. Вунь у аграгарадку ў свой час узведзены дваццаць домікаў – цэлая вуліца, якую ў народзе тут празвалі вуліцай гарадской. Цяпер жа добраўпарадкаванне і будоўлі пасоўваюцца на перыферыю. Скажам, у Матырыне ў будынак былога дзіцячага сада перайшлі паштовае аддзяленне і ФАП, на пошце зрабілі касметычны рамонт, а на ФАПе – сур’ёзную рэканструкцыю, у выніку якой ён займеў зусім іншы – сучасны, прывабны выгляд. Магазін пераехаў са старога аварыйнага будынка, які ўвесь час падтапляла талымі водамі, у новы. Гандлёвая зала вялікая, асартымент багаты. Задаволены наваселлем не толькі прадаўцы Антаніна Мішута і Ірына Лапшына, але і пакупнікі. А за вёскаю расце жывёлагадоўчая ферма на дзвесце галоў. Як паведамілі ў мясцовай гаспадарцы, будаўнічыя работы ў ёй ужо выкананы на шэсцьдзесят працэнтаў, сцены падведзены пад дах, работы па добраўпарадкаванню – на трыццаць працэнтаў. На добраўпарадкаванні тэрыторыі ля фермы працуе і атрад з дзесяці вучняў Матырынскай школы. Мяркуюць да першага верасня ферму здаць у эксплуатацыю, а да першага кастрычніка — узвесці арачнік. Па вёсках зносяць старыя, нічыйныя будынкі, якія псуюць іх выгляд. За апошнія гады знесены каля васьмідзесяці такіх лядашчых хацін у Ладзеене, Залессі, Слабодцы, Радуні, Батукалаве і іншых населеных пунктах.
Баброўскі край – партызанскі край. То там, то тут убачыш маўклівых сведкаў народнага супраціву ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі сельсавета – усім вядомая вёска Кісцялёва, дашчэнту спаленая фашыстамі. Яна з’яўляецца сімвалам усіх знішчаных у гады вайны вёсак.
* * *
Практычна ўсе помнікі на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца ў здавальняючым стане, бо ўвесь час за імі даглядаюць, падладжваюць і г.д. Тым не менш, з гадамі і метал рушыцца, не тое што бетон. Апошнім часам на добраўпарадкаванне помнікаў у Баброве, Матырыне, Кісцялёве выдзелена трыццаць два мільёны рублёў, дзве траціны ад гэтай сумы выдаткавалі раённы і абласны бюджэты, дванаццаць мільёнаў – сельсавецкія грошы, заробленыя на аўкцыёне. У перспектыве адрамантуюць іншыя помнікі і абеліскі.
Некаторыя лічаць, што ў сельскай мясцовасці жыць праблемна – не хапае культуры, бракуе так званай “гарадской цывілізацыі”. Уцякаюць у горад. Аднак жа ўлетку вунь колькі гараджан на Баброўшчыне, на яе шырокіх прасторах, на яе цудоўных, глыбокіх, рыбных азёрах. Так. У вёсцы жыць – працаваць трэба шмат. Але ж без працы кожнага вяскоўца і дабрабыту не будзе, бо ніхто яго нам з неба не скіне.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.