Святло “Віфлеемскай зоркі”

З асаблівым хваляваннем чароўнага свята Ражства Хрыстова чакаюць дзеці, сярод якіх нямала выдатных майстроў, артыстаў і спевакоў. Пацвярджэннем стаў дзіцячы міжшкольны калядны фестываль “Віфлеемская зорка”, які сёлета ў нашым раёне праводзіўся ў трэці раз. Ідэя арганізацыі фестывалю ўзнікла ў настаяцеля храма іконы Божай Маці “Уладзімірская” іерэя Уладзіміра Дагодзькі, які пайшоў насустрач прапанове вучняў Заслонаўскай сярэдняй школы, выхаванцаў ня­дзельнай

школы храма Праабражэння Гасподня г. Лепеля выступіць са святочным канцэртам да Новага года. Вельмі прыемна, што з кожным годам да ўдзелу ў фестывалі далучаецца ўсё больш дзетак.

Як звычайна, сёлета на фестывалі сабралася шмат гасцей. У фае раённага Дома культуры была падрыхтавана цудоўная выстава твораў дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Ражство Хрыстова вачыма дзяцей”. Гледачоў захапілі сваім хараством прыгожыя вышытыя іконы, кера­мічныя вырабы, выці­нанка, вышыўка крыжыкам, работы, выкананыя ў тэхніцы “выяўленчая нітка”. Проста вочы разбягаліся ад рознакаляровасці фарбаў. Непаўторныя творы выставілі на суд гледачоў дзеці, якія праходзяць аздараўленне ў дзіцячым  рэспубліканскім рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына” пад кіраўніцтвам майстра Вольгі Тыртышнай. Немагчыма было прайсці міма твораў удзельні­каў гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлка” аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН пад кіраўніцтвам Валянціны Ганчар, юных майстроў сярэдніх школ №1 і №3, гімназіі імя І. Ерашова. Яркія ўражанні пакінулі ў гледачоў творы выхаванцаў нядзельных школ пры храмах Святой вялікамучаніцы Параскевы-Пятніцы,  Праабражэння Гасподня г. Чашнікі і іншых. Святочны сюрпрыз у гэты дзень падрыхтавалі для дзетак і работнікі ААТ “Лепельскі МКК”, якія ад душы частавалі хлопчыкаў і дзяўчынак шакаладным кактэйлем, ёгуртам, марожаным і іншымі ласункамі.

Мілагучныя акорды музыкі паклікалі ўсіх гасцей у актавую залу раённага Дома культуры. З цёплымі словамі прывітання да ўсіх гасцей звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. Сямікласніца Слабадской сярэдняй школы Вераніка Маляўка выдатна выканала песню “Віфлеемская зорка”. Упершыню праспявала гэту песню на фестывалі два гады таму назад. Тады яна вельмі ўра­зіла праасвяшчэннага Пятра, епіскапа Друцкага, вікарыя Віцебскай епархіі. Такім чынам узнікла ідэя кожны год пачынаць фестываль гэтай цудоўнай песняй.

Вучні сярэдняй школы №3 прывіталі гледачоў святочнымі вершамі і песняй “Ражство прыйшло”. Вершаванымі радкамі сустрэла гледачоў вучаніца ня­дзельнай школы храма Святой вялікамучаніцы Параскевы- Пятніцы Алена Крупіцкая. Чула і пранікнёна ліліся радкі песні ў выкананні вучняў ня­дзельнай школы храма Ражства Хрыстова г. Лепеля, вакальнай групы “Нота” Заслонаўскай сярэдняй школы. З прыгожай танцавальнай кампазіцыяй “Ражство” выступілі вучні Горскай сярэдняй школы.
Педагог-арганізатар дзіцячага рэспубліканскага  рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” Аліна Андрыеўская ад імя цэнтра ад усёй душы павіншавала ўсіх удзельнікаў свята з Ражством Хрыстовым і ўручыла святочныя паштоўкі, памятныя падарункі аўтарам лепшых работ, якія прадставілі свае творы на выставе “Ражство Хрыстова вачыма дзяцей”. Узнагароды атрымалі выхаванцы нядзельных школ храма Праабражэння Гасподня г. Чашнікі, храма святой вялікамучаніцы Параскевы-Пятніцы (г. Лепель), юныя майстры сярэдняй школы №3, выхаванцы гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлка” ТЦСАН пад кіраўніцтвам Валянціны Ганчар, а таксама дзеці з Гомельскай вобласці, якія праходзяць аздараўленне ў “Жамчужыне”. Акрамя таго, былі ўручаны святочныя падарункі юным выхаванцам цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ад прыватнай фірмы з Мінска “Владионстрой” пад кіраўніцтвам Аляксандра Арцюховіча.

На сцэне ўтварыўся яркі святочны калейдаскоп пранікнёных вершаў, песень і танцаў. Сваімі выступленнямі парадавалі гледачоў выхаванцы нядзельнай школы храма Праабражэння Гасподня г. Чашнікі, вучні сярэдняй школы №1, СШ №4, гімназіі імя І. Ерашова. Арганічным дапаўненнем сцэнічнай дзеі сталі выступленні вучняў Слабадской, Бароўскай СШ, Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Да святочнай дзеі далучыліся выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў,  Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Яркім завяршэннем стала выступленне музычнага кіраўніка Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя Алега Дымана, які на скрыпцы выканаў “Калядную кампазіцыю”.

Кожны з артыстаў атрымаў святочны падарунак — каробку цукерак.

— Цудоўнае свята Ражства Хрыстова нясе з сабой шчырую духоўную радасць, — адзначае свяшчэннік Уладзімір Дагодзька. — Вельмі прыемна бачыць жывы бляск у вачах дзетак, якія далучаюцца да высокай, духоўнай культуры і сваё захапленне дораць акружаючым. Яны наша светлая будучыня.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымках: мілая ўсмешка анёльчыка сагрэла сэрцы лю­дзей.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.