Сертыфікат на рамонт

Там майстры аўтааматару паведамілі, што ў іх ёсць сертыфікат толькі на тое, каб праверыць, пратэсціраваць датчык, а вось на ўстаноўку яго на аўтамабіль ці дэмантаж — няма. Р. пагадзіўся пратэсціраваць. Праверка паказала, што датчык спраўны. Потым аўтааматар сам устанавіў яго на рухавік, аднак жаданага выніку не атрымаў — запчастка не працавала, як належыць.

Што ж рабіць? Уладальнік “Таёты” паехаў у “Пятае кола” з прэтэнзіяй, што яму прадалі няякасны тавар. Прадаўцы запатрабавалі пацвярджэнне таго, што запчастка была ўстаноўлена на аўтамабіль у сертыфі­каваным аўтасэрвісе.

Такога пацвярджэння аўтааматар даць не змог, затое было пацвярджэнне майстроў “Дор­Аўт”, што датчык  спраўны. Прадаўцы правамерна адмовілі ў замене запчасткі. Спаслаліся на тое, што работы па ўстаноўцы не праводзіліся ў сертыфікаваным аўтасэрвісе, падчас іх недасведчаны рамонтнік мог пашкодзіць датчык.

Іншыя два выпадкі адбылі­ся ў аўтасэрвісе на Дэпоўскай. Там майстры без усялякага сумневу ўзялі ў рамонт два аўтамабілі, хаця гэты аўтасэрвіс не меў сертыфікатаў на іх абслугоў­ванне. У выніку — аўтамабілі выйшлі са строю зноў, не ад’­ездзіўшы нават гарантыйнага тэрміну. Аўтаўладальнікі звярнуліся ў аўтасэрвіс з прэтэнзіямі, каб няспраўнасці былі ліквідаваны за  кошт аўтасэрвісу, аднак уладальнік яго адмовіўся.

Далейшы шлях аўтааматараў ляжаў у раённае аддзяленне таварыства абароны правоў спажыўцоў. Там выслухалі аргументы як аўтааматараў, так і ўладальніка аўтасэрвісу. Высветлілася, што ў дадзеным выпадку правата не на баку апошняга, бо майстры аўтасэрвісу ўзяліся за рамонт аўто пры адсутнасці сертыфіката, у выніку чаго адбылася паўторная паломка. Гаспадар пагадзіўся адрамантаваць машыны за свой кошт.

— Сітуацыя прымушае людзей быць больш пільнымі і ўважлівымі, настойліва абараняць свае правы, — каментуе выпадкі галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Алег Івашкевіч. — Калі раней запчастка з заменай яе, рамонтам абыходзілася ў 100 — 200 тысяч, то цяпер — паўмільёна і больш. З кожным годам выпускаюцца усё больш і больш складаныя, “наварочаныя” аўто, у якія без адпаведных навыкаў, без спецыяльнага інструмента лезці нават небяспечна.

Сёння кожны аўтасэрвіс перш, чым распачаць дзейнасць, падае заяўку ў Віцебскі цэнтр стандартызацыі. Спецыялісты правяраюць абсталяванне, інструмент аўтасэрвісу на адпаведнасць выстаўленым стандартам, кваліфікацыю персаналу. Пасля гэтага аўтасэрвісу выдаецца сертыфікат — дакумент, у якім указваецца, якія маркі і тыпы аўтамабіляў дазваляецца рамантаваць, якія аперацыі можна праводзіць. Копія сертыфіката разам з іншымі дакументамі (пасведчанне аб рэгістрацыі прадпрыемства, кніга скаргаў і прапаноў) павінны быць вывешаны на стэндзе на відным месцы, каб кожны кліент мог азнаёміцца.

Пры рамонце машыны ў аўтасэрвісе афармляюць заяўку, іншыя дакументы, у якіх указваецца характар няспраўнасці, патрабуемыя да замены запчасткі, прыблізны час выканання работ, а таксама марка аўто, год яго выпуску, прабег. Па завяршэнні работ праводзіцца канчатковы разлік, аб чым таксама выдаецца адпаведны дакумент з указаннем гарантыйнага тэрміну.

Калі ж майстар бярэцца за рамонт машыны без афармлення заяўкі, іншых дакументаў, то тут варта насцярожыцца. Хутчэй за ўсё, ён мае намер зрабіць працу, грошы цалкам пакласці сабе ў кішэню. З аднаго боку можна пагадзіцца з аўтааматарам, якому ўсё роўна каму плаціць, абы аўто давялі да ладу хутка і якасна. Калі з аператыўнасцю  праблем часцей за ўсё няма, то вось з “якасна”…

У апісаным выпадку ў аўтамабіліста няма ніякай абароны ад махляра, у яго на руках не застаецца ніякіх дакументаў, якія б нават пацвярджалі сам факт рамонту, не кажучы ўжо аб канкрэтных рамонтных работах. Заклікаем аўтааматараў быць больш уважлівымі. Мажліва, спачатку цалкам дакументальна аформленая праца падасца дарагаватай, але ж гэта нашмат танней, чым пасля перарабляць яе ў другі раз.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.