Слабадскі вектар

Слабада — край ягад і грыбоў, магутных лясоў, дзе вольнае паветра настоена на гаючых сасновых іголках. Слабада — край, дзе лес корміць людзей. Тыя, асабліва ўлетку, ідуць у лес, як на працу. Увесь грыбна-ягадны сезон яны і сапраўды працуюць у лесе і маюць затое добры даважак да сваіх зарплат і пенсій.

Адной з апошніх у раёне Слабада стала аграгарадком, які істотна змяніў не толькі яе знешні выгляд, але і сутнасць. Пра тое, у чым сутнасць гэтых зменаў, гутарым са старшынёй Слабадскога сельскага савета Валерыем Садоўскім.

Валерый Іванавіч, каб адказаць на гэтае пытанне, нам трэба, напэўна, высветліць, як жа змянілася аблічча населенага пункта.

 — Сучасная Слабада — аграгарадок з добра наладжанай інфраструктурай і шырокімі магчымасцямі для паўнавартаснага жыцця сельскіх жыхароў. Многія арганізацыі, якія і раней былі ў вёсцы, атрымалі як бы новы, магутны імпульс да працы. Адны перасяліліся ў грунтоўна адрамантаваныя памяшканні, другія набылі новы інвентар, мэблю, абсталяванне і г.д. Прыкладаў шмат. Змяніўся будынак мясцовага лясніцтва. Перабраўся ў іншае памяшканне пасля капітальнага рамонту магазін, завезлі новае абсталяванне: халадзіль­нікі, вітрыны і г.д. Даведзена да ладу ўчастковая бальніца і амбулаторыя. Вырашылі многія праблемы сярэдняй школы: пера­крылі дах, падфарбавалі фасад, заасфальтавалі бегавыя дарожкі на стадыёне, баскетбольную і валейбольную пляцоўкі, устанавілі новыя спартыўныя збудаванні, тым самым стварылі добрыя ўмовы для занятку спортам у аграгарадку.

Гэта старэйшае пакаленне заўзята клапоціцца пра здароўе. Моладзь жа пакуль пра хваробы не думае, ёй падавай “хлеба і відовішча”.

 — Ну, я б так катэгарычна не казаў. Якраз моладзь часцей убачыш і на стадыёне, і ў трэнажорнай зале. А што да “хлеба і відовішчаў”, то гэта таксама не апошні фактар вясковага дабрабыту. Акрамя магазіна, у нас можна шмат чаго набыць на комплексным прыёмным пункце, размешчаным у будынку сельсавета. Там і пральныя парашкі, і грунт для расады, і рытуальныя тавары. Не кажучы пра паслугі бытавікоў: стрыжка, завіўка, укладка валос, пральня і г.д. Многія тавары можна купіць і на пошце.  Ну, а цэнтр відовішчаў — вядома ж, СДК, які зараз, разам з іншымі ўстановамі, размяшчаецца ў густоўным, адрамантаваным будынку. Тут знайшлося месца і для клуба, і для пошты, і для філіяла Домжарыцкай школы мастацтваў. Годна вы­глядае пасля рамонту адміністрацыйны будынак СВП “Пражэктар”. Адрамантаваны і сельсавет, памянялі мэблю, устанавілі камп’ютары.

 Якасць жыцця на вёсцы — гэта не толькі наяўнасць інфраструктуры, але і мажлівасць працаваць. Тут мы выйдзем за межы размовы толькі пра аграгарадок. У Велеўшчыне завяршаецца будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу на чатырыста трыццаць галоў. Будзе ўпарадкавана і тэрыторыя вакол. Заасфальтавалі зернесушылку і пад’езды да фермаў у Слабадзе і Даліках. Па магчымасці робім агароджу па вёсках, паставілі плот у Слабадзе і Юшках. На чарзе — Гадзіў­ля. Зносім старыя дамы ў вёсках. Сёлета знеслі дзевяць — у Свя­дзіцы, Велеўшчыне, Далі­ках, Слабадзе. А ўсяго за гэтыя гады каля ста лядачых хацін ліквідавалі.

 — Да фермаў пад’езды асфальтуюцца, а як з дарогамі?

 — Усяго на тэрыторыі сельсавета васямнаццаць населеных пунктаў. Праўда, пяць з іх населенымі ўжо лічыць цяжка, там засталося ўсяго некалькі дач. Незаасфальтаванымі ў нас застаюцца толькі Аношкі, частка Верабак, Бяседы, Стайск. У Аношках і Верабках грунтовыя дарогі падсыпаем. У Велеўшчыне ладзім пад’езд да могілак. Ёсць і ў Слаба­дзе адна вуліца, Палявая,  дзе асфальту спатрэбіўся ямачны рамонт. Так што да ўсіх вёсак, дзе, вядома, ёсць каго вазіць, свабодна даязджае аўтобус. Усе нашы вёскі ў цёмны перыяд асветлены, некаторыя — аж занадта. Можа, тут дзе і зэканоміць можна было б, але людзі прывыклі і ўжо не дадуць зняць ніводнага ліхтара. Да лепшага хутка прывыкаеш.

  — Кажуць, у вашых краях пераважна пяскі, небагата азёр, хіба што рэчка Эса не дазваляе лічыць гэты край цалкам сухапутным. У такіх варунках цяжкавата з пітной вадою?

 — Я б не сказаў. Праўда, у Бяседах жыхары адчулі, што такое жыць на пяску. Хацелі выкапаць новую студню — да вады так і не дакапаліся. Слабада, Велеўшчына, Далікі, Гаразянкі маюць водаправоды. У астатніх вёсках — студні, якія даволі гаспадарліва даглядаюць лепельскія камунальнікі. Праблема пакуль хіба ў Свядзіцы, дзе трэба чысціць студню ў цэнтры вёскі.

 Дарэчы, вы пыталіся пра могілкі. Усе восем перададзены на баланс камунгаса і знаходзяцца ў нармальным стане. Абкошвалі могілкі ў Даліках, Свя­дзіцы. Спраўляемся і з аварыйнымі дрэвамі. Куды больш вострая праблема з вывазам смецця. Кантэйнеры ўстаноўлены толькі ў Слабадзе, Вілах і Юшках, у астатніх жа вёсках смецце трэба вывозіць сваімі сіламі.

 — Па-мойму, у вас створаны сельскагаспадарчы кааператыў. Як жа дапамагаеце людзям з уборкаю?

 — Сельгаспрадпрыемствы “Баброва” і “Пражэктар” нам далі дзве адзінкі тэхнікі. Не новая, але з двух адзін камбайн КЗС-7 мы сабралі і змалацілі зерне на прыватных падворках не толькі ў сваім сельсавеце, але і ў Домжарыцах. Налета пачнем яшчэ раней і пастараемся змалаціць у больш сціслыя тэрміны. А вось з трактарам горш. Мелі свой трактар МТЗ-82, ды “паляцеў” матор. Аддалі ў рамонт.

 — А на чым жа возіце дровы жыхарам?

 — З дрывамі, жыўшы ў лесе, бяды няма. Выпісваюць у лясніцтвах, якіх на тэрыторыі сельсавета два — у Слабадзе і Цярэшках. Тэхніку заказваюць у гаспадарцы. Ды і асабістых трактаркоў можна налічыць каля двух дзясяткаў. А вось коней становіцца ўсё меней, як, зрэшты, і кароў… А бульбу капаць гаспадарка выдзяляе бульбакапалку. І прасцей, і лягчэй.

 — Край ваш не толькі лясны, але ж і партызанскі, шмат пахаванняў часін Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сельсавета. Хто і як іх даглядае?

 — Так, у нас восем помнікаў: у Слабадзе, Велеўшчыне, Цярэшках, Аношках, Гадзіўлі і інш. За ўсімі імі замацаваны падшэфныя арганізацыі: “Будаўнік”, хлебазавод, ДРБУ-34 і г.д. Вялікую дапамогу па доглядзе помнікаў аказвае і Слабадская школа, дзе працуюць юныя следапыты.

 — Як кажуць, гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым. Ну, а жывы аб жывым думае. Якія планы маеце на бліжэйшую будучыню?

 — Будзем добраўпарадкоўваць вёску Га­дзіўля: зносіць старыя аварыйныя дамы, узорваць заросшыя закінутыя агароды, землі якіх перадалі “Пражэктару”. У нашых краях застаецца шмат моладзі, якой тут ёсць дзе працаваць, ды і горад не за гарамі. У каго ўласны транспарт, можа жыць тут, а працаваць у горадзе. Адно засмучае, што апошнім часам амаль не будуем тут жылля, жыць у якім было б каму.

 Гутарыў Уладзімір МІХНО.

 На здымках: не адцві­таюць кветкі ля пачатковай школы і дзіцячага сада ў Велеўшчыне; цэнтр культуры ў аграгарадку Слабада; у гэтых альтанках прыемна адпачыць; хутка будзе здадзены жывёлагадоўчы комплекс ля Велеўшчыны на 430 галоў.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.