Сляды начнога разбойніка

Не пашанцавала Генадзю і Ірыне Быкавым са Стай. Раніцай знайшлі на сваім дзянніку 64 задушаныя, ахайна складзеныя ў кучу, трусы. Клеткі нейкая пачвара парасцягвала па гаспадарчым двары, сарвала шыферныя дахі, адчыніла дзверцы. Аднаго жывога труса пазней знайшоў сусед у сваіх дрывах, другога самі днём заўважылі ў бульбе. У міліцыю, як сказалі, не датэлефанаваліся, а ўчастковы быў у водпуску.

Пагаравалі, закапалі тушкі. Абвінавацілі сябе — дзверы на дзяннік усяго толькі прычынілі на ноч.
Наступнай раніцай пагром быў учынены на гаспадарчым двары суседзяў Быкавых — Баранавіцкіх. Дарэчы, жывуць абедзве сям’і на ўскраіне вёскі — за вялікім полем лес зялёнай паласой вымалёўваецца. У трусіным хляве гаспадары выявілі 12 задушаных трусоў. З аднымі дзвярмі пачварнай істоце давялося павазіцца — знізу дошкі былі падрапаны кіпцюрамі. Але, у рэшце рэшт, звер дастаў да клямкі і адкрыў яе. Трынаццатага забітага труса гаспадар знайшоў за паўкіламетра на агародах. Каля сажалкі вылавіў жывую труску з дзвюма ранамі ад іклаў на спіне. Другая самка ў час нападу монстра збегла да суседа Генадзя Быкава, штурм гаспадаркі якога адбыўся папярэдняй ноччу.
Чупакабра (пакуль будзем так умоўна называць невядомага агрэсара) трапіла ў хлеў з трусамі праз падкоп, які потым Юрый Баранавіцкі заклаў бярвеннем. Трупы жывёлін гаспадар закапаў і нікуды звяртацца не стаў. Сказаў:
— Што толку? Гэта не рысь, на якую спасылаліся ў Чарэйшчыне — да лесу далёка. Звер гэты скрыты, людзей баіцца. І ніякая не чупакабра — выдумка ўсё гэта. Звычайны паляўнічы сабака здзяйсняе набег на трусоў, інстынкт якога — забіваць жывёл і класці на пэўнае месца, а не есці. Паспяховае паляванне навучанага сабакі, ды і толькі. Шкада трусоў — столькі працы ў іх уклаў. Дзве самкі засталіся, паспрабую зноў заняцца трусагадоўляй.
…У той дзень нявесела жартаваў Міхаіл Смажэўскі:
— Бачна, чарга за маімі трусамі…
У Смажэўскіх дача знаходзіцца якраз насупраць сельсавета, толькі праз бакавую вуліцу. Самі жывуць у кватэры там жа, у Стаях. Наступнай раніцай прыйшлі на дачу і аслупянелі: 16 трусоў ляжалі ў кучы мёртвыя. У аднаго вырвана сэрца, якое ляжала побач з ванітамі — не пайшло разбойніку. На кучы жвіру пакінуты след лапы. Гэтыя фотасюжэты скінулі мне па электроннай пошце.
Міхаіл Смажэўскі паказвае акно, у якім невядомая пачвара выбіла металічную сетку. Знутры дэманструе другое акно з выбітымі ўжо шклом і металічнымі кратамі.
Да Баранавіцкіх чамусьці начны разбойнік не палез у аконныя праёмы без шкла, а падкоп зрабіў. Магчыма, розныя звяры былі? Вось і тая разарваная металічная сетка, што аддзяляла малых трусоў ад маці, мёртвая жывёліна, а побач — сэрца.
Лена Смажэўская паказвае вулічную клетку, дах якой сарвала “чупакабра” і забіла труску. Накрыўку-дах з цяжкасцю падыме дарослы чалавек.
Ва ўсіх забітых былі па два пракусы на спіне. Самае загадкавае, што дзверы ў куратнік, дзе ўтрымліваліся куры і бройлеры, былі адчыненыя: заходзь, хочаш — душы, хочаш — еш. Але на кураціну звер нават не паквапіўся. І яшчэ адну загадку пасля сябе пакінуў — на калоду, што пад акном сяней, схадзіў па вялікаму. Быццам пасмяяўся над абрабаванымі гаспадарамі.
* * *
Смажэўскія гэтую справу так не пакінулі. Паведамілі ў міліцыю. Участковы прывёз інжынера па паляўнічай гаспадарцы лясгаса Вадзіма Шульгу. Той агледзеў месца разбою і вынес вердыкт: сабака ”пагаспадарыў”.
Тых некалькіх жывёлін, да якіх “чупакабра” не дабралася, Смажэўскія забралі дадому, а на акно хлява паставілі драцяны сілок. Раніцай яго не было, як і слядоў крыві. Значыць, прыходзіў разбойнік, трапіў у пятлю, сарваў і знёс.
— Не шкада было закопваць столькі мяса? У Чарэйшчыне дык курэй і двух 20-кілаграмовых парсючкоў, забітых невядомай істотай, або, як сказаў эксперт, рыссю, закапалі, а напаўжывога 80-кілаграмовага парсюка прырэзалі.
— У нас парода трусоў «Велікан», — дадае Лена. — Не самага вялікага ўзважылі — на два з паловай кілаграмы пацягнуў. На два мільёны шкоды нанесена.
Пацікавіўся ў паляўніцтвазнаўцы Вадзіма Шульгі, каго ён лічыць стайскім разбойнікам. Адказ быў канкрэтны: сабаку. Але якія падставы казаць так упэўнена? Сляды на жвіры — сабачыя, памёт — таксама. Чаму не еў тушкі, а толькі забіваў жывёл? Менавіта сабачы паляўнічы інстынкт выявіўся. Сэрца вырыгаў, паколькі сабакі сырое мяса не ўжываюць.
Слушна. На гэтым бы журналісцкае расследаванне і скончылася б, калі б самі вяскоўцы не прывялі да мяне Лену Быкаву. Яна распавяла такое…
* * *
Пад’ехалі да яе дома, але пайшлі спачатку да суседа Жэні Быкава (у Стаях гэта распаўсюджанае прозвішча). Яго дома не аказалася. Тады Лена распавяла, што зусім нядаўна начны разбойнік цягаў па двары клетку з трускай, але так і не дабраўся да яе, толькі лапу пагрыз. Нават паказала тую клетку. Жалезная. Драўляныя часткі пагрызеныя. Але без дазволу гаспадара фатаграфаваць яе не стаў. Паспрабаваў прыўзняць. Ледзь ад зямлі адарваў — толькі каню з месца скрануць.
Жывуць гэтыя Быкавы на ўскраіне Стай, але ўдалечыні ад цэнтральнай вуліцы. За падворкам адразу пачынаюцца кусты і поле. Лес — каля не такога ўжо і далёкага возера Святое. За домам выкапалі глыбокую сажалку. Гэта яма глыбокая, а вады — на самым дне. Дык вось, падышоў гаспадар да сажалкі, каб запусціць карасікаў на развод, і ўбачыў сцежку да вады.
Пачалі вывучаць сляды — незразумелыя нейкія, толькі не сабачыя. Тады Лена пачала капацца ў інтэрнэце і жахнулася. Расамаха! Гэты сібірскі звер забівае без разбору хатнюю жывёлу і кідае на месцы.
У гліне сляды вельмі добра адбіліся і захаваліся. Фатаграфую.
— Муж з’ехаў у рэйс, а я дома баюся адна, — скардзіцца Лена. — А хутка цямнець пачне рана.
— А ты заяўляла каму-небудзь аб сваім адкрыцці?
— Не, вядома. Факту ж разбою няма.
Дома я адразу палез у інтэрнэт. Расамаха — звяруга яшчэ тая! У Сібіры яна адна ставіць на вушы цэлыя паселішчы. Залазіць у хлявы і дамы, душыць жывёлу, раскідвае харчовыя запасы і неядомыя прадметы. Выглядае жахліва. Схема слядоў такая ж, як на спуску да сажалкі. А фатаграфіі слядоў у інтэрнэце выглядаюць нібы на маіх здымках з двара Лены Быкавай.
Я не міліцэйскі следчы. І не паляўніцтвазнавец-даследчык. Я вяду ўсяго толькі журналісцкае расследаванне. Аднак я цэлы дзень вывучаў стайскую сітуацыю і прыйшоў да высновы, што больш за ўсіх блізкая да праўды Лена Быкава. На маю жумку, расамаха наведалася ў Стаі! Адкуль сібірскі звер на лепельскіх прасторах? А адкуль на Ксяндзовым востраве і комплексе прыдарожнага сэрвісу Юрыя Мацешы гуляюць афрыканскія страусы? А Сібір жа значна бліжэй да нас, чым Афрыка!
У Стаях 342 гаспадаркамі жывуць 920 чалавек. Ратаваць іх трэба ад начнога тырана, хто б ён ні быў: чупакабра, сабака, расамаха або рысь. Няўжо ў раёне не знойдуцца спецыялісты, якія змаглі б знішчыць пачвару?
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.
На здымку: сляды начных нашэсцяў звера.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.