Снарады… пад гусеніцамі

На меліярацыйным аб’екце “Будаўніцтва мелія­рацыйнай сістэмы СГФ “Заазер’е” залюбаваўся спрытнай работай экскаватара. Страла з разгону ўразалася ў чорную зямлю, выдзірала з каранямі кусты, альховыя пні і пераносіла ў кучу. Падумалася: шмат практыкі трэба мець машыністу, каб так спрытна кіраваць агромністым японскім экскаватарам “Камацу”.

— Цяжка працаваць экскаватаршчыкам?

— Са зменшчыкам Алегам Алецкім праз дзень працуем па 12 гадзін. Цяжкага ў тым нічога няма. Нервы ніхто не псуе. Меліярацыйную справу ведаю даўно – 15 гадоў адпрацаваў на бульдозеры, а машыністам экскаватара стаў пасля трохмесячных курсаў пры прафліцэі.

— Небяспечная гэта праца. Ведаю выпадак, калі на забалочаным беразе бяседскага Луконца экскаватар праваліўся ў балота так, што толькі страла тырчала. Узяліся цягнуць за яе – адламалі. Тады вадалазы навобмацак у непрагляднай тарфяной жыжцы падчапілі да махіны трос, і яго, замацаваўшыся на ўзвышаным беразе за тоўстае дрэва, вайсковы цягач накручваў на лябёдку. Экскаватар рухаўся пад балотнай глебай, аж пакуль не ўзлез на сушу. Тады экскаватаршчык уратаваўся, выскачыў з кабіны.

— Знаёмая справа. Самому давялося выцягваць экскаватар, які з кабінай схаваўся ў балоце. Аднак і тады машыніст паспеў выскачыць. Гэта не адзіны вядомы мне падобны выпадак, калі экскаватары тапіліся, а іх кіроўцы пры тым не цярпелі. Так што ў гэтых адносінах праца мая небяспекі не ўяўляе. Падпільноўвае яна з іншага боку, адкуль яе нават не чакаеш. Летась на меліярацыйным аб’екце каля вёскі Дражна адкапаў 1200 снарадаў часін вайны на месцы, дзе знаходзіўся нямецкі аэрадром. Аднойчы разраўноўваў кавальер (выкінуты з канала грунт) і наткнуўся на 70-сантыметровую нямецкую бомбу. Заўважыў яе. А каб наехаў? Ды любая праца тоіць у сабе пэўную небяспеку. Аднак жа калі гэтага баяцца, трэба зусім не працаваць. Смех. Да размовы з табой нават не задумваўся, што і на гэтым балоце магу права­ліцца ці арсенал адкапаць.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

На здымку: Алег Кузняцоў на экскаватары “Камацу”.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.