Снежань шчасце падарыў

Пяшчотна кладуцца на зямлю ўзорчатыя сняжынкі, быццам прыгажуні-дзяўчаты, апранутыя ў белыя сукенкі, стаяць у задуменні заснежаныя дрэвы, пад нагамі прыемна парыпвае ранішні сняжок… Першы зімовы месяц — снежань — стварыў навокал невыказнае хараство і на ўсё жыццё запомніцца жанчынам, якія ў гэтую цудоўную пару сталі матулямі.

З такімі ўзнёслымі думкамі ўваходжу ў радзільнае аддзяленне ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”. У аддзяленні адразу адчула гаючую цеплыню. Яна зыходзіла ад сэрцаў шчаслівых матуль.

— 2012 год выдаўся багатым на нараджэнні, — паведаміла радасную навіну старшая акушэрка аддзялення Іна Якубоўская. — Сёлета ў нас з’явіліся на свет 326 малышоў, з іх адзінаццаць — на працягу снежня. У параўнанні з мінулым годам колькасць нованароджаных павялічылася на сто малышоў. Гэта вельмі добры паказчык. У снежні ў нас чакаецца яшчэ не адно нараджэнне.
У палатах разам са сваімі малышамі адпачывалі маладыя маці.
12 снежня 2012 года — незвычайная дата, паколькі аб’яднала тры лічбы 12. І менавіта ў гэты дзень у Ганны і Вадзіма Ладзікаў нарадзілася дачушка.
— Вядома, што гэты дзень запомніцца нам на ўсё жыццё, — дзеліцца шчаслівая матуля. — У нашай сям’і гэта другая дачушка. Старэйшай, Аліне, споўнілася два гады. Так, наша малышка нарадзілася ў незвычайны дзень — 12 снежня 2012 года. Мы з мужам лічым гэта шчырым падарункам лёсу, таму што наша вяселле адбылося сёмага ліпеня 2007 года — чысло, у якім аб’яднаны тры сямёркі.
Дачушка нарадзілася вагой тры кілаграмы 425 грамаў і ростам 53 сантыметры. Назавём яе Варварай.
Маладая сям’я нядаўна пераехала жыць ва ўласны добраўпарадкаваны дом. Галава сям’і Вадзім працуе апаратчыкам у ААТ “Лепельскі МКК”. Ганна ў свой час скончыла Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт і да выхаду ў дэкрэтны водпуск працавала выкладчыкам англійскай мовы ў Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы.
— Тыя хвіліны, калі ўпершыню чуеш крык свайго малыша, бачыш яго родныя тварык, вочкі, можна назваць самымі шчаслівымі ў жыцці. Іх немагчыма ні з чым параўнаць. Вельмі хацелася б у сваіх дзецях выхаваць самыя лепшыя якасці — дабрыню, шчырасць, працавітасць. Самае ж галоўнае, каб дачушкі былі здаровыя і шчаслівыя.
Тым жанчынам, якія збіраюцца стаць маці, я жадаю не баяцца ніякіх цяжкасцей. З нараджэннем малыша адступаюць на задні план усе хваляванні. У радзільным аддзяленні працуюць выдатныя спецыялісты, якія ў любы момант гатовы даць патрэбную параду, супакоіць і падтрымаць.
Ад усёй душы выказваю маладой матулі шчырыя пажаданні і ўваходжу ў суседнюю палату.
Сёмага снежня Алена Навагран стала маці ў другі раз.
Ігар і Алена стварылі сям’ю дзесяць год таму.
— Самі мы родам з вёскі Пышна, а зараз жывём у Лепелі, расказвае маладая маці. — Старэйшаму сыночку Алегу ўжо споўнілася дзевяць год. Хлопчык вучыцца ў чацвёртым класе ў гімназіі імя І. Ерашова. Мы вельмі чакалі нараджэння другога дзіцяці. Наша шчырае жаданне ажыццявілася ў першым месяцы зімы. За акном ціха падае снег, а на душы так прыемна і радасна!
Маладая сям’я Навагран жыве ва ўласным доме ў Лепелі. Алена — настаўніца пачатковых класаў, скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка. Муж Ігар працуе майстрам у Лепельскім раёне электрычных сетак.
— Кожную сям’ю ўпрыгожваюць дзеці, — кажа матуля. — Блізкасць родных людзей, узаемаразуменне і цёплая падтрымка дапамагаюць пераадолець усе жыццёвыя перашкоды.
— Няхай вашы дзеткі растуць здаровыя, шчаслівыя, і ніколі не згасае ваша светлае сямейнае шчасце! — ад душы жадаю мілым матулям і пакідаю радзільнае аддзяленне. Марозны снежань падарыў многім сем’ям шчаслівыя імгненні і самыя шчодрыя падарункі.
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: шчаслівыя маці (злева направа) Ганна Ладзік і Алена Навагран з нованароджанымі дачушкамі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.